Каложскі дыярыуш. 19.11.2013

Дзень пачаўся з наведвання хворых у першай бальніцы. Да прычасця запісалася больш за 50 чалавек. Прычашчалі ўдваіх з а. Ігарам, і дапамагалі нам Анатоль і Варвара. Бальніца гэтая спецыялізуецца на лячэнні інсультаў. А інсульты, як вядома, маюць вельмі цяжкія наступствы. Таму і прычашчаць там ва ўсіх адносінах бывае няпроста. Цяжка бачыць, як людзі пакутуюць. Часта не могуць сказаць ні слова, толькі слёзы… Паразмаўлялі з медсёстрамі. Патрэбныя памперсы для дарослых. Бюджэт бальніцы не прадугледжвае іх закупку. Добра, калі набудуць блізкія хворых, але бывае і такое, што ў чалавека нікога няма. Адным словам будзем дапамагаць.

Потым было наведванне епархіі. Сустрэча супрацоўнікаў епархіяльнага інфармацыйнага аддзелу. Абмяркоўвалі бліжэйшыя справы. Далей праца над прапановамі Гродзенскай епархіі да агульнацаркоўных дакументаў Міжсаборнай прысутнасці па практыцы прычасця і шлюбу. Быў таксама цэлы шэраг цякучых прыхадскіх справаў.

 

Займаўся падключэннем інтэрнэту ў нашу кватэру. Некалькі месяцаў жылі без гэтай спакусы і карыстацца доступам у сетку можна было толькі на працоўным месцы. Цяпер трэба ўсталяваць і трымаць нейкія рамкі, а гэта, як паказвае досвед, заўсёды праблематычна.

Была размова з жанчынай, у якой падрастае дачка – 13 год дзяўчынцы. Маці непакоіцца тым, што дзяўчына засвойвае нехрысціянскі светапогляд. Цікавіцца нейкімі вампірамі, захапляецца хіп-хопам, і цяжка паўплываць на яе. Маці кажа, што складваецца такое ўражанне, што як быццам бы дачку нехта скрадвае. Яна як заўсёды побач, але паразумення ўсё менш. Задумаўся над тым, а што сапраўды мы можам супрацьпаставіць гэтаму чужому ўплыву? Што рабіць, каб дзеці не былі “скрадзеныя” рознымі псеўдакультурамі і псеўдаідэялогіямі? Насамрэч, праблема каласальных маштабаў. Канешне, кожнае пакаленне праходзіць праз свае спакусы ў пераходным узросце. І гэта як нейкая прышчэпка. Але наступствы гэтай прышчэпкі могуць быць вельмі цяжкімі. І ці не страцілі мы свой маральны імунітэт?