20.11 - 21.11. Агонь Хрыстоў. Калажане з Тулы. Савва. Выстава ікон.

Каложскі дыярыуш.

Серада 20.11. Служыў Літургію. У Евангеллі словы Хрыстовы: “Агонь прыйшоў Я нізвесці на зямлю… Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? Не, кажу вам, але раздяленне”. Такім чынам, праўда Хрыстова – агонь у гэтым свеце. Ён можа грэць, а можа і апальваць. Хрысціянства не можа быць безканфліктным і безпрынцыповым.

Прычашчаўся за Літургіяй толькі адзін чалавек, хаця ў царкве маліліся чалавек пятнаццаць. Прычаснікам быў хросны хлопчыка Саввы, якога мы і хрысцілі адразу пасля Літургіі. Бацькі Саввы – расіяне, жывуць непадалёку ад Тулы, веруючыя свядомыя праваслаўныя людзі. У Гародні ды і на Беларусі ўвогуле сваякоў не маюць. У Гародні жыве іх сябар, які і быў хросным. Дык вось яны спецыяльна прыехалі ў Гродна з нованароджанным, каб ахрысціць яго ў старажытнай Каложы. Вельмі любяць яны нашу царкву і наш горад. Чым не калажане?! На развітанне пачаставалі мяне сапраўдным тульскім пернікам: вялізарны і сапраўды вельмі смачны.

Увечары служылі ўсяночнае трыванне напярэдадні свята архістраціга Міхаіла. Памаліцца змог толькі а. Ігар. Ён і ўзначаліў набажэнства. Я спачатку спавядаў, а затым суразмова з хроснымі – праверка ведання Сімвала веры і малітвы “Ойча наш”, а таксама мноства практычных пытанняў, звязаных з хрэсьбінамі. Пасля гэтай размовы было яшчэ Сабораванне. Айцец Аляксандр займаўся падрыхтоўкай выставы ў Каложскай царкве. Справа гэтая зацягнулася гадзін да дзесяці вечара. Прамёрзліся.

Чацвер 21.11. Святочная Літургія. Свята архістраціга Міхаіла і ўсіх бясплотных сілаў нябесных. На гэты ж дзень прызначана адкрыццё выставы сучаснай іконы. Выстава носіць назву “Святыя пакутнікі непадзеленай Царквы – сведкі ісціны”. Іконы гэтыя, дарэчы, стваралі не прафесійныя іканапісцы, а сучасныя мастакі, якія паспрабавалі свае здольнасці і ў традыцыі іконапісу. Месца іконы – царква, і прыдназначэнне яе – малітва. Таму і вырашылі мы выставіць гэтыя абразы не ў зале, а ў Каложы. І першае, што адбылося – малітва. У Літургіі прынялі ўдзел і прычасціліся некаторыя з тых, хто стварыў гэтыя іконы. Пасля Літургіі спецыяльнай малітвай ушанавалі святых пакутнікаў, выяўленных на іконах. І затым ужо адбылося афіцыйнае адкрыццё выставы. За ўвесь дзень даў мабыць шэсць ці нават сем інтэрв’ю розным СМІ. Можна сказаць, што мерапрыемства атрымала шырокі рэзананс.

Протаіерэй Георгій Рой