22.11. Каложскі дыярыуш.

Сардэчныя прывітанні ўсім чытачам дыярыуша! Падзяка Госпаду, прайшоў яшчэ адзін дзень Боскай міласці! Дзень, як здаецца, плённы, насычаны і цікавы.

Сёння з самага ранку непераадольна пацягнула на шпацыр па горадзе, які прачынаўся і спяшаўся на працу. Ёсць асаблівая прыгажосць у позневосеньскай крыху туманнай раніцы. Маршрут быў такім: Каложа – набярэжная Нёмана – пад’ём да Новага Замку – Савецкая плошча – Савецкая вуліца – Віленская вуліца – Віленскі завулак – Лермантава – Каложа. Такі паход прыдаў бадзёрасці на ўвесь дзень. Сёння вянчалі – апошні дзень года, калі можна было пабрацца царкоўным шлюбам. Перад Богам засведчылі сваю ўзаемную любоў шэсць пар маладых. Дай Божа ім захаваць і памножыць самы цудоўны Твой дар – дар любові.

Вечарам у Каложы адбылася сустрэча з гарадзенскімі мастакамі, якія прыйшлі пазнаёміцца з выставай ікон. Сустракаў гасцей а. Аляксандр, а. Ігар сустракаўся з тымі, хто рыхтуецца да хрышчэння, а я накіраваўся ў галерэю “Крыга”, дзе адбылася прэзентацыя кнігі Аллы Петрушкевіч пра Наталлю Арсеньеву. Упершыню наведаў “Крыгу”. Спадабаліся і інтэр’ер, і атмасфера. Я аддаю перавагу прозе, і не часта бывае, што мяне кранае паэзія, але сёння такое адбылося. Вялікі дзякуй тым, хто чытаў вершы. Мне больш цікавая была сама постаць Н. Арсеньевай, чым яе творчасць, але вершы сапраўды цудоўныя. Асобыя кампліменты аўтарцы кнігі і вядучай Алле Мікалаеўне! Яе беларуская мова як вельмі прыгожая песня. Сустрэў калажан. Прывітанне Мікалаю, Інне з Міхалінкай, Кацярыне. У прэзентацыі прымаў самы актыўны творчы ўдзел яшчэ адзін наш брат – іпадыякан кафедральнага Сабора, студэнт філфака Дзмітрый.

Пасля прызентацыі яшчэ паспеў і на размову з гарадзенскімі мастакамі, якія завіталі ў Каложу. Такім чынам, за адзін вечар дзве насычаныя культурныя падзеі. Сапраўды Дух Святы дыхае не толькі ў царкве, але і ў культуры, і ў творчасці. Цудоўна, калі творцы чэрпаюць з гэтай Крыніцы. Дарэчы Бог-Творца ў старажытнагрэчаскім арыгінале Бібліі называецца “поэтос” – паэт.

Добрых выходных!

Протаіерэй Георгій Рой