23-24.11. Каложскі дыярыуш

23.11. Субота. Адбылася яшчэ адна Літургія на роднай мове. Беларуская літургія ў кожную суботу – новая традыцыя нашага каложскага прыходу. Па-беларуску служым таксама і кожную першую нядзелю месяца. Асабліва радасна за тых, каму такое набажэнства сапраўды патрэбнае.

Пасля Літургіі хрышчэнні і бацькоўскі сход у нашай нядзельнай школе. Ёсць неабходнасць перагледзець вучэбныя праграмы і ўвогуле падыходы да выкладання. Тое, што было добра 10 гадоў таму, цяпер ужо не адпавядае выхаваўчым патрэбам. Вельмі важна нам было пачуць бацькоў і іх ацэнку работы школы. Размова атрымалася вельмі шчырая. Больш мабільнасці. Дзеці дрэнна ўспрымаюць лекцыйную форму заняткаў. Непасрэдны ўдзел дзяцей у набажэнстве, не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчынак. Спевы. Вырабы ўласнымі рукамі. Паломніцтвы і паходы. Размовы са святарамі. Арганізацыя святаў. Бацькі чакаюць, што ў нядзельнай школе дзеці змогуць сфарміраваць нейкі стрыжань свайго светапогляду і маралі. Навучанне пры царкве павінна дапамагчы ім пазбегнуць згубных уплываў сучаснасці на іх дзяцей. Працаваць сапраўды ёсць над чым. Божа, дапамажы!

Пасля сходу было яшчэ адно хрышчэнне. Потым нядзельныя закупкі. Цяжкая для мяне гэтая справа…

Вечарам усяночнае трыванне. Па чарзе ўзначаліў набажэнства. Чыталася адно з самых кранаючых евангельскіх зачалаў: “Сіман, ці любіш ты Мяне больш, чым яны? – Люблю, люблю, люблю!!!" Здаецца на першы погляд, што самае галоўнае рэлігійнае пытанне, верыш ці не верыш. Але гэта не так. Апостал Іакаў піша, што і бесы веруюць і трымцяць. З самаго факта ўсведамлення, што “нешта там ёсць” толку вельмі і вельмі мала. Бога патрэбна любіць! Гэта будзе крытэрыем Боскага суду над намі. А калі любіш, то жадаеш заўсёды быць побач, размаўляць імкнешся, адчуваць.

У гэты ж дзень звярнулася дзяўчына, якая жадае хрысціцца сама і хрысціць свайго сямігадовага хлопчыка. Кажа, у школьныя і ўніверсітэцкія гады была абыякавай да рэлігійных пытанняў і нават варожа ставілася да царквы і хрысціянства. Але паступова адбылося пераасэнсаванне жыцця і каштоўнасцяў, і прыйшло разуменне таго, што без Бога жыццё губляе свой сэнс і не мае надзейнай апоры. Я ўжо не першы раз з’яўляюся сведкам такой змены чалавечага светапогляду. Заўжды ўспамінаю такія выпадкі, калі даводзіцца сустракацца з маладымі людзьмі, якія з адмысловай раздражнёнасцю ставяцца да рэлігіі, хрысціянства, праваслаўя. Як кажуць, яшчэ не вечар…

24.11. Нядзеля. Служыў ранішнюю Літургію. Сёння яна ўжо была сапраўды дзіцячай. Прыйшло шмат сем’яў з малымі дзецьмі. Да гэтага яшчэ і навучэнцы нядзельнай школы. Задума служэння дзвюх нядзельных літургій была недарэмнай. Гэта сапраўды запатрабавана нашымі прыхажанамі. Сняданак з дзецьмі нядзельнай школы. Распавядаў пра тое, як я калісьці ў сваёй вёсачцы хадзіў калядаваць. Гарадскія дзеці ўспрымаюць такія апавяданні, як нейкую казку. Дамовіліся, што пойдзем разам калядаваць. Так што, калі хто хоча сапраўднага каляднага цуду, запрашайце наш гурт у госці на Ражджаство. Потым правёў урок па набажэнстве. Мне звыкла працаваць перад дарослай аўдыторыяй, з дзецьмі складаней. Але ідучы, асіліш шлях.

Пасля нядзельнай школы – сустрэча і сумесная трапеза з калажанамі, якія маліліся на позняй Літургіі. За чаепіццем закранулі пытанні міжканфесійных адносін. Усё гэта вельмі актуальна для нашага рэгіёна. Потым размова неяк выйшла да маёй біяграфіі. Распавядаў пра свой шлях да Бога і да святарства.

З-за брацскага стала пайшоў хрысціць дзяўчынку Аляксандру. Потым абед з сям’ёй і гасцямі. Вечарам - акафіст. Не знайшоў, што сказаць на пропаведзі. Відаць, вычарпаў запас словаў раніцай і днём.

Кажуць, раніцай будзе снег…

Сардэчна ваш,

Протаіерэй Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)