25-26.11 Каложскі дыярыуш. Аглашэнныя. Малітва як у манахаў-калажан. Дзень святарскага нараджэння. З такімі Бог! Цяжкія чытанні.

25.11. Панядзелак.

Панядзелак адзначыўся трыма сустрэчамі. Перадхрышчальная размова з Людмілай, якая рыхтуецца прыняць Таінства святога Хрышчэння ў дзень Увядзення Прысвятой Багародзіцы - 4 снежня. Гэта ўжо трэцяя наша катэхізічная сустрэча. Тэма яе: хрысціянскае жыццё. Гаварылі пра малітву асабістую і абшчынную, пра ўдзел у Літургіі і пра споведзь, пра пасты, пра справы міласэрнасці і інш. Людміла – чалавек у сталым узросце і вельмі свядома падыходзіць да гэтага жыццёвага кроку. Акрамя нашых размоў, чытае адпаведную літаратуру і слухае аўдыёлекцыі.

Вечарам таксама перадхрышчальная размова з Хрысцінай. Яна маладая і прыгожая дзяўчына. Уверавала ў Хрыста і жадае жыць хрысціянскай верай. Гэта была другая нашая сустрэча. Хрысціна прачытала Евангелле ад Лукі і ад Мацвея. Пачала чытаць іншыя новазапаветныя кнігі.

У 19 гадзін сустрэча з моладзевым брацствам Зарыцкага прыходу. Сустрэліся ў старажытнай Каложы для супольнай малітвы святым Барысу і Глебу. Маліліся пры свечках. Уяўляеш, што прыкладна так тут маліліся 600 ці 700 год назад манахі Каложскага манастыра падчас сваіх усяночных трыванняў. Евангельскі тэкст выбіраў выпадкова. Трапілася зачала пра пракляцце бясплоднай смакоўніцы. Грозная Хрыстова перасцярога нам, каб не быць бясплоднымі.

Пасля брацкай малітвы чаепіцце і размова ў прыходскім доме. Шмат розных тэмаў: пра хрышчэнне Русі, пра неаязычніцтва, пра значэнне экзарцызмаў падчас хрышчэння, пра першахрысціянскае набажэнства па 4-м і 5-м раздзелах апакаліпсіса.

26.11. Аўторак. У гэты дзень споўнілася 7 год з дня маёй святарскай хіратоніі. Кожны год служу ў гэты дзень Літургію. Так было і сёлета. Удзячны Богу, што ён заклікаў мяне да святарскага служэння. Разумею, што ў гэтым служэнні рэалізуецца сэнс майго жыцця. Усведамляю свае грахі і недахопы. Прашу ў Нябеснага Айца прабачэння і сілы. Адчуванне сардэчнай удзячнасці мітрапаліту Філарэту, праз свяціцельскія рукі якога я прыняў благадаць святарства. Дапамажы яму Божа!

Дарэчы, гэта дзень ушанавання свяціцеля Іана Златавуста. На Літургіі былі нашыя прыхажане і госці – сям’я нашых сяброў з Дзятлава. Гэта мае былыя прыхажане з накрышскага прыходу. Пасля Літургіі калажане пачаставалі смачнай шарлоткай, потым дома абед з сябрамі. Успаміны пра дарагія майму сэрцу Накрышкі.

Днём асвячаў невялічкую майстэрню, дзе працуюць простыя і шчырыя людзі. З такімі Бог.

Вечарам чытанні. Пачалі саборнае пасланне Пятра. Першы раздзел вельмі скаладаны, таму і абмеркаванне ішло няпроста.

Протаіерэй Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)