27.11. Серада. Ідзі і пабач. Пачатак пасту. Рацыянальнае інтэрв’ю. Дарослы сямігадовы чалавек. Людзі на крызе.

Сёння фактычна пачаўся Ражджэственскі пост. Служылі Літургію. Евангельскае чытанне пра прызыванне апостала Філіпа і Нафанаіла - адзін з маіх улюбёных евангельскіх тэкстаў. Філіп заклікае Нафанаіла пайсці да Іісуса. Ён перакананы, што Іісус – Месія. Нафанаіл – скептык. Філіп, відаць, пачаў нешта тлумачыць, але зразумеў, што ў выпадку з Нафанаілам гэта бессэнсоўна. І вось апошні самы моцны аргумент: “Ідзі і пабач”. І Нафанаіл убачыў Таго, каго ўбачыць не чакаў – Цара Ізраілева Месію-Хрыста.

З досведу свайго святарскага служэння ведаю, што гэты метад працуе. Бывае тлумачыш, спрачаешся, даказваеш і потым як апошні аргумент – пачытай Евангелле, папрысутнічай на Літургіі. Невядома, што адбываецца з чалавекам падчас таго чытання Слова Божага ці прысутнасці на Літургіі, але часта здаралася так, што пасля гэтага ўсе мае важкія аргументы былі ўжо непатрэбнымі. Ідзі і пабач!

На вялікі мой жаль, прычаснікаў за Літургіяй не было… Баяцца нашыя людзі падыходзіць да Чашы Хрыстовай, але страх гэты пусты і нікчэмны. Да каго ж Хрыстос прыходзіць?

Пасля Літургіі пропаведзь пра пост. Галоўнае правіла – не есці адзін аднаго. Правіла нумар два – праца над выпраўленнем недахопаў духоўнага жыцця. Правіла нумар тры – пасціцца згодна з духоўнымі і фізічнымі сіламі.

Днём - інтэрв’ю радыё "Рацыя" пра нашыя суботнія літургіі на беларускай мове. Частачка гэтай размовы была апублікавана: http://www.racyja.com/index.php?id=105&zoom=20158#.UpZFcdJdXbw

Бліжэй да вечара сустрэча і размова з сямігадовым хлопчыкам Багданам, які ў хуткім часе прыме Святое хрышчэнне. Я ведаю, што чалавек сямі год шмат чаго ўжо разумее, таму тут нельга было, як у нас кажуць, “проста ахрысціць дзіця”. Вельмі цікавы чалавечак: хоць і дзіцячыя, але глыбокія пытанні. Цяпер я дакладна ведаю, што ён будзе хрысціцца свядома.

Вечарам ізноў наведаў “Крыгу”. Там была лекцыя нашага гарадзенскага гісторыка прафесара Алеся Краўцэвіча. Як толькі я пераехаў у Гродна, мне трапілася ягоная свежавыдадзеная кніга па гісторыі ВКЛ, якую я са шкалярскай стараннасцю праштудаваў. Было вялікае жаданне непасрэдна сустрэцца з аўтарам. Вось сёння гэта і адбылося. Цікавая інфармацыя, нечаканыя высновы, карысныя каментары.

Такім быў гэты дзень.

Протаіерэй Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)