Каложскі дыярыуш. 17.12. Братэрства любіце. Віншуем рэдактара. Патоп. Рыцарскі верш і паэтычная спрэчка.

Сардэчна ўсіх вітаю!

Сённяшнюю старонку дыярыуша пачну са словаў апостала Пятра: “Братэрства любіце…” (1 Пт. 2, 17). Ды і як яго можна не любіць, калі яго хоць раз адчуеш?! Жыццё ў царкве і павінна быць такім братэрствам. Дзякую Богу, сёння адбылася цудоўная сустрэча з братамі і сёстрамі на нашых традыцыйных біблейскіх чытаннях. І разглядалі сёння менавіта другі раздзел з паслання ап. Пятра, дзе і гучыць гэты заклік. Братэрскі дух сустрэчы вызначыўся і супольнай малітвай, і паглыбленнем у Слова Божае, і віншаваннямі з нагоды дня нараджэння рэдактара нашага каложскага сайта – Мікалая. Яшчэ раз хачу выказаць шчырую павагу Мікалаю і пажадаць чакаемых і нечаканых дароў Божых!

Сам дзень выдаўся насычаным.

Ранішні шпацыр па наберажнай Нёмана і па Старым горадзе. Падчас прыемнай хадзьбы тэлефанаванне ад жонкі: “У кватэры прарвала трубу, вада свішча і ўсё залівае!!!”. З хадзьбы вымушаны быў пераключыцца на спрынтарскі бег. Калі хто з прыхажанаў ці са знаёмых бачыў бы мяне падчас гэтага бегу, думаю, вельмі здівіліся б… З вадою разабраўся хутка, але зрабіў таксама і некаторыя важныя высновы: “Патрэбна часцей бегаць…”. Спартовец з мяне ўжо ніякі. Пасля паўгадзіннага выцірання падлогі і выдалення наступстваў патопу была гадзіна інтэлектуальнай працы. Падрыхтоўка да лекцый. Заўтра іх у мяне тры ў розных канцах горада. Потым працоўная сустрэча ў епархіі, забраць сына са школы, падрыхтоўка да вячэрніх чытанняў, запіс для тэлепраграмы “Каложская крыніца” на гарадзенскім тэлебачанні. Дарэчы, цікава пагутарылі пасля запісу з журналістамі на тэму розных залежнасцяў і наконт таго, як паводзіць сябе з хворымі на гэтыя залежнасці.

Вечарам – павячэр’е і чытанні, але пра гэта я ўжо распавядаў.

З жонкай рыхтуем новагодні касцюм для сына. Ён будзе гарадзенскім рыцарам (потым выкладу фота нашага рыцара). Сёння склалі суправаджальны верш да касцюма (зразумела на беларускай мове):

 

Я храбры рыцар гарадзенскі,

На крыжакоў я ў бой іду,

Каложу старажытную і замак слынны      

Мячом і сэрцам бараню.

 

На глебе паэтычнай крыху паспрачаліся з жонкай. Яна як філолаг, кажа, што трэці радок выпадае з рытму. А мне падаецца, што ўсё вельмі добра. Хто з нас мае рацыю?

 

Протаіерэй Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)