Сардэчна вітаю вас, дарагія браты і сёстры!
Ад мноства вялікіх і малых справаў і ад некае стомленасці не было сіл у апошнія дні пісаць у наш прыхадскі дзённік. Але сёння сітуацыя іншая. Я прыехаў да сваёй сям’і у Жыровічы (пакуль у Гродна пераехаў толькі я). Адпачыў, прывёў думкі/пачуцці ў парадак, і натхненне вярнулася да мяне… Тым больш, што распавесці ёсць аб чым. І параіцца таксама трэба. (Цікава, слова “параіцца” ці не ад майго прозвішча паходзіць :) ).
Аўторак. 2. 04.
Дзень пачаўся досыць рана. У 8 гадзін мы: я, а. Ігар, дыякан а. Уладзімір і наш братчык Вячаслаў былі ўжо ў доме-інтэрнаце ў Пышках. На папярэдняй сустрэчы дамовіліся, што ў гэты дзень прыедзем паспавядаць і прычасціць жадаючых. Такіх аказалася не мала – каля 40 чалавек. Гэта болей чым палова ўсіх жыхароў інтэрнату. А. Ігар спавядаў і прычашчаў хадзячых, а я з а. Уладзімірам і Славай пайшлі па пакоях да тых, хто ня можа падняцца. Многія людзі доўгія ўжо гады прыкаваны да сваіх ложкаў. Адзінокія і прыкаваныя… Але свабода душы ў многіх бадай большая, чым у тых здаровых, якія як мінімум раз у год бываюць на розных курортах… Тут з пакутуючымі пакутуе Сам Хрыстос. Тут прадаўжэнне Галгофы… Не пакідаюць думкі пра тое, што б мы як абшчына маглі б зрабіць для гэтых людзей, каб жыццё іх стала крыху святлейшым, каб зменшыць іх пакуты… Паразмаўляў з доктарам і дырэктарам інтэрнату. Самае першае: патрэбны памперсы і сродкі для мыцця. Ёсць некаторы недахоп гэтых рэчаў. Спадзяюся, што мы здолеем гэты недахоп папоўніць. Але гэтага мала. Вось думаю, што трэба падключаць маіх сяброў немцаў. У Германіі вялізарнейшы вопыт дапамогі такім людзям. Дырэктар казаў пра тое, што, на жаль, маладыя людзі, якія трапляюць у інтэрнат знаходзяцца ў сацыяльнай ізаляцыі і закрытыя ў чатырох сценах. Было б добра перыядычна запрашаць іх і прапанаваць нейкія паездкі. Пасля споведзей і прычасця ўсе мы адчувалі нейкі духоўны пад’ём. Усё ж такі дакрануліся да пакут Хрыстовых, якія доўжацца і ў наш час, а гэта ацаляе, дапамагае адолець гардыню і навучае змірэнню.