Успамін пра Адамава выгнанне

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Сёння, у апошнюю  нядзелю перад Вялікім постам Святая Царква ўзгадвае тую трагічную падзею, якая здарылася на самым пачатку чалавечай гісторыі. Яна ўсім нам добра вядома як выгнанне нашых прабайцькоў – Адама і Евы – з рая. Невыпадкова, браты і сёстры, Святая Царква нагадвае нам сёння пра гэта здарэнне.

Біблейскае апавяданне пра грэхападзенне дапамагае нам зразумець усю трагічную гісторыю чалавецтва і яго цяперашні стан, бо паказвае, кім мы былі і ў што ператварыліся. Яно гаворыць нам, што зло ўвайшло ў свет не па волі Бога, а па віне чалавека, які абраў дыявальскую ману замест Божага наказу. З пакалення ў пакаленне чалавецтва паўтарае памылку Адама, спакушаючыся ілжывымі вартасцямі і забываючы веру ў Бога і вернасць Яму. Нашы далёкія продкі страцілі рай толькі таму, што аднойчы на імгненне забылі пра Бога.
Вынікі грэхападзення для першага чалавека былі катастрафічнымі. Ён не толькі пазбавіўся райскай асалоды і знаходжання ў Эдэмскім садзе – змянілася і стала скажонай уся прырода чалавека.

У выніку грэхападзення першыя людзі страцілі дачыненні з Богам, сталі смяротнымі і пазбавіліся райскага жыцця. Але горш за ўсё тое, што зараза граху перайшла да іх нашчадкаў, так што ўсе людзі сталі нараджацца з пашкоджанай прыродай.

І па меры таго, як чалавецтва ўсё больш памнажала беззаконні, наш прыгожы і дасканалы створаны Богам свет, у асобе сваіх найвышэйшых прадстаўнікоў – людзей, створаных паводле вобразу і падабенства Божага, – апусціўся ў бездань зла, дзе пануе варожасць, хлусня, беззаконні, пакуты і смерць.
Сёння, яшчэ і яшчэ раз успамінаючы пра грэхападзенне першых людзей, хай кожны з нас уважліва ўглядаецца ў вобраз Адама – гэтага першага грэшніка на зямлі, але таксама і першага чалавека, які пакаяўся і якога прабачыў Гасподзь і першым вывеў з палону пекла. З вопыту нашага асабістага жыцця мы ведаем, што вельмі часта пазбаўляем сябе благадаці Духу Святога, здзяйсняючы тыя або іншыя грахі. А набыццё гэтай благадаці Божай адбываецца праз чыстасардэчнае пакаянне, якому садзейнічаюць малітва і пост.

Пост – гэта час духоўнага ўстрымання, пераасэнсавання нашых узаемаадносін і стасункаў з Богам, Царквой, людзьмі. Усе іншыя мірскія пытанні ў час посту павінны адыходзіць на другі план. Пасля кожнага посту веруючы хрысціянін мімаволі некалькі іншымі вачамі глядзіць на сябе, на сваё месца ў жыцці. Пост для веруючага чалавека – гэта духоўная прыступка да Госпада.

У гэтыя дні пакаяння Царква будзе чуць словы Іаана Прадцечы пра тое, што пакаяннем адчыняюцца дзверы ў Царства Божае.

Першая ўмова таго, каб мы ўвайшлі ў новае жыццё і былі здольныя мець дачыненні з самім Богам, ёсць прабачэнне нашых грахоў. Гэта адзіная ўмова. І ад нас таксама патрабуецца толькі адно: каб мы маглі дараваць іншаму чалавеку.

На працягу ўсяго нашага жыцця мы павінны прасіць адзін у аднаго прабачэння, каб здольнасць быць міласцівымі азначала для нас далучанасць да той міласэрнасці, якую мае Хрыстос у дачыненні да кожнага чалавека, у дачыненні да ўсяго свету. І каб гэта міласэрнасць дала нам магчымасць набыць той скарб, які завецца благадаццю Духа Святога і здабыццё якога, па словах прападобнага Серафіма Сароўскага, з'яўляецца адзіным сэнсам чалавечага жыцця.

Міласэрнасць! Менавіта яе мы павінны ўбачыць, павінны навучыцца ёй Вялікім постам, каб ужо ніколі не быць ашуканымі, ніколі не прамяняць яе ні на якую падробку.

Дык уступім у Вялікі пост, і такім чынам будзем ісці ўсё жыццё. Як гавораць святыя айцы, хоць паўзком, але – туды.

Пост і малітва – два крылы. Гэта поўнае змяненне (такая таямніца пакаяння), гэта паміранне для сябе, але яно дае крылы. Прабачэнне і дараванне – цуд. Яно – благадаць. Гэта дар Бога, а не наша ўласнае дасягненне. Таму наша прымірэнне адзін з адным сцвярджаецца ў таінстве споведзі – таінстве пакаяння, і яно павінна быць асабліва глыбокім Вялікім постам.

Благадаць Святога Духа адна адзіная робіць нас здольнымі ўступіць у такія дачыненні з Богам, калі мы не проста завемся хрысціянамі, а сапраўды становімся Яго вучнямі.

Дай Бог усім нам здароўя і сілаў, каб разважліва і цвяроза праходзіць гэтыя дні посту. Тут патрабуецца разважлівасць, якая вышэй за усю дабрадзейнасць. Ісці заўсёды трэба сярэднім, царскім шляхам, каб не было зрыву, якога трэба сцерагчыся. Пост і ўстрыманне павінны выконвацца паводле агульнапрынятага звычая – гэта значыць так, як вучыць нас Царква. Устрыманне ў ежы павінна быць толькі ад скаромнай ежы. Як піша прападобны Касіян Рымлянін, «крайнасці, як гавораць святыя айцы, з таго і з іншага боку аднолькава шкодныя: і празмернасць посту, і перасычэнне чэрава. Агульнае правіла разважлівага ўстрымання складаецца ў тым, каб кожны адпаведна з сіламі, станам цела і сваім узростам столькі спажываў ежы, колькі неабходна для падтрымання здароўя цела, а не колькі патрабуе жаданне насычэння.» Трэба з развагай падтрымліваць свае сілы, каб не атрымалася, што з першых жа дзён нехта стаў гаварыць, што дрэнна сябе адчувае і не можа пайсці ў храм. Гэта бывае, на вялікі жаль, вельмі часта. Прападобны Серафім гаворыць, што цела наша павінна быць тым самым аслянём, якое было б здольнае несці нас у Царства Нябеснае на працягу ўсяго Вялікага посту.

Тым, у каго ёсць нейкія хваробы, не трэба ў што б ні стала трымаць пост і думаць, што, парушаючы яго, яны «страшна грашаць». Святыя айцы-пустэльнікі старажытнай Царквы, такія як прападобны Ісаак Сірын, гавораць нам, што, па-першае, празмерны пост больш шкодны, чым нетрыванне посту; па-другое, той, хто хварэе такою хваробай, якая цалкам руйнуе яго здароўе, павінен зразумець, што гэта хвароба і ёсць яго пост. І гэта вышэйшае за пост. Гэта немач цела, якую чалавек нясе з пакорай і нават з падзякай Госпаду. І ён павінен гэта цярпець і несці. Мы памятаем, як святы Ігнацій Бранчанінаў благаслаўляў сваю сястру на першым тыдні Вялікага посту спажываць малако, якое яна цярпець не магла і якое было для яе самай прыкрай ежай. Але гэта было неабходна для падмацавання яе здароўя і для таго, каб яна зразумела, у чым сутнасць посту. Пост не мэта, а сродак – сродак утаймаваць сваю плоць і ачысціцца ад грахоў. Без малітвы і пакаяння пост становіцца ўсяго толькі дыетай.

Нам трэба зразумець, што само па сабе ўстрыманне ў ежы не набліжае нас да Бога і не аддаляе ад Яго. Мы павінны захоўваць пост у той меры, у якой гэта адпавядае ўсяму нашаму духоўнаму подзвігу.

На вялікі жаль, за апошнія дзесяцігоддзі, калі святая вера Хрыстова вытраўлялася з сэрцаў людскіх, мы страцілі правільнае разуменне посту. Раней, калі пачынаўся Вялікі пост, імкнуліся ўхіляцца ад любых уцехаў, магчыма, і бязгрэшных, але якія ўсё ж такі адцягваюць ад самой сутнасці жыцця. Тэлевізар і ўсё тое, што нам некарыснае і што не складае для нас сапраўднай неабходнасці, павінна ў прынцыпе знікнуць з нашага жыцця на працягу ўсяго Посту.

Святы Феафан Затворнік папярэджвае, што знешняя бачнасць пры захаванні ўсяго, што ўсталявана Богам і Царквой, пры адначасовай унутранай спустошанасці, ёсць самая галоўная небяспека для Царквы, і самая спрыяльная глеба для з'яўлення ў Царкве «чалавека беззаконня».

Жудасней за усё, як заўсёды, абыякавасць, стварэнне выгляду, што ўсё ў парадку. Прымірэнне, якое мае мэтай толькі зямное, у рэшце рэшт зводзіцца да тайны антыхрыста. Усё, што адбываецца пасля таго, як Хрыстос здзейсніў збаўленне ў свеце, праходзіць пад знакам «паспрабаваць змяшаць дабро са злом». Сатана імкнецца зрабіць усё магчымае, каб гэта змешванне пракралася і ў Царкву.

Будзем пра гэта помніць. Дзеля чаго пачынаецца Вялікі пост? У якім свеце мы жывем? Як кожны з нас павінен на працягу гэтага Посту ўзысці на крыж? Далучыцца Яго перамозе над усякім грахом, над самою смерцю ў вечнай радасці Уваскрасення. Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык

Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)