Свяціцель Грыгорый Палама

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Грыгорый ПаламаГрыгорый ПаламаАдзначыўшы ў першую Нядзелю Вялікага посту свята Перамогі Праваслаўя над усімі ерасямі, што страсалі Царкву Хрыстову ў першыя стагоддзі яе існавання, сёння Праваслаўная Царква святкуе перамогу праваслаўнага падзвіжніцтва над усімі супрацьлеглымі яму вучэннямі. Невыпадкова Святая Царква другую Нядзелю Вялікага посту называе Нядзеляй «святланосных постаў». Царква моліць Госпада аб азарэнні і прасвятленні благадаццю Божай усіх тых, хто моліцца, трымае пост і прыносіць пакаянне ў сваіх грахах. Вызначыўшы ў папярэднюю Нядзелю абожанне як мэту духоўнай працы хрысціяніна, цяпер Святая Царква гаворыць пра яго вынікі, гаворыць пра перамяненне чалавека. У богаслужэнні сённяшняга дня побач са скрухай аб грахоўным стане чалавека прысутнічае ўхваленне посту як шляху да такога ўнутранага азарэння і прасвятлення.

Мэта посту, мэта усіх нашых духоўных подзвігаў - пакаяннага, малітоўнага, мэта ўсіх просьбаў нашых, звернутых да Бога, - гэта імкненне да раскрыцця ў нас вобраза Божага, які ўпісаны ў нашу чалавечую прыроду, у саму нашу сутнасць рукою самога Творцы.

Гасподзь нізпасылае на нас Сваю благадаць. І мы называем яе Боскай, згодна з вучэннем Праваслаўнай Царквы, агучаным святым Грыгорыем Паламам, памяць якога мы сёння ўшаноўваем. На падставе вопыту святых ён вызначыў, што благадаць Усесвятога Духа ёсць Само Бажаство, Якое зыходзіць на чалавека і робіць яго, па словах апостала Пятра, супольнікам божай прыроды (2Пятр.1:4).

Гэта вучэнне, заснаванае на ўласным вопыце святых і вопыце ўсёй Царквы ў яе сукупнасці, з'яўляецца, магчыма, самай вялікай нашай радасцю: мы здольныя не толькі стаць духаноснымі ў нейкім пераносным сэнсе, але сапраўды боганосцамі, стаўшы, праз благадаць, далучанымі да жыцця Божага і супольнікамі Божай прыроды. Менавіта малітва, пакаянне, устрыманне і іншыя аскетычныя подзвігі садзейнічаюць асэнсаванню чалавекам таго высокага прызначэння, якое мае кожны з нас. І прызначэнне гэтае - здабыццё збаўлення. Клапоцячыся пра сваё збаўленне, чалавек становіцца далучаным да боскага святла ўжо тут, на зямлі. Ён азараецца, прасвятляецца, адухаўляецца гэтым няствораным боскім святлом.

Свяціцель Грыгорый і яго спадзвіжнікі, афонскія манахі, даказвалі самім сваім жыццём, што пастаянным ачышчэннем душы, несупыннымі практыкаваннямі ў богамысліі і малітве, абсалютнай маўклівасцю сваіх думак і пачуццяў чалавек здольны дасягнуць азарэння Звыш, убачыць Нястворанае Боскае святло - праяўленне сутнасці Бажаства і яе адлюстраванне - убачыць сваімі цялеснымі вачыма, як было гэта з апосталамі на Фаворы і пры ўсіх іншых выпадках звышнатуральнага Адкрыцця Божага, напрыклад, Маісею і Іліі, старазапаветным праведнікам і святым новага часу.

Сутнасць духоўнага жыцця, да якога заклікае нас Святая Царква ў часы Вялікага посту, у тым, каб, перш чым імкнуцца дасягнуць благадаці, Нястворанага Боскага святла, мы навучыліся б супрацьстаяць усялякай няпраўдзе, усякаму граху, усякай бяздзейнасці, усякаму засмучэнню; каб мы імкнуліся з усіх сваіх сілаў прыдбаць тыя галоўныя якасці, пра якія нагадвае нам Царква. Кожнаму чалавеку Гасподзь падае Сваю благадаць, але ў меру здольнасці кожнага прымаць яе.

Святыя айцы кажуць, што сапраўдная духоўная праца пачынаецца з ачышчэння ад страсцей, а далей ідзе абожанне - набліжэнне чалавека да Бога.

Грыгорый Палама ўказвае нам шлях, па якім мы не ідзем,але можам ісці. Неабходна захоўваць свой язык, розум і сэрца ад усяго дрэннага і грахоўнага, і праз малітву ўзыходзіць да Бога і набліжацца да Яго. Пост - гэта паглыбленне ў сваю ўласную душу з мэтай дасканалага ачышчэння яе ад грахоўнага бруду. А як жа зможа паглыбіцца ў сябе пустаслоў, калі ўсе яго памкненні накіраваныя ў знешні свет, дзе ён шыкуе перад іншымі людзьмі сваімі прамовамі?!..

Пост аднаўляе дачыненні чалавека з Богам. Але як жа здолее пачуць голас Божы ў сваёй душы той, хто пастаянна заняты марнаслоўем і чуе толькі свой уласны голас?!.. Вось таму і папярэджвае нас святы апостал Іакаў: «кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханні, марудлівы ў словах» (Іак.1:19).

Добрае маўчанне, якое сцвярджаў сваім жыццём і сваім вучэннем свяціцель Грыгорый Палама, - гэта і пакланенне перад веліччу слова Божага праз утаймаванне гордага чалавечага языка, якім мы часта імкнемся павучаць тых, хто побач з намі, пры гэтым самі не ведаючы ісціны.

Пост дадзены нам, каб раскрыць, прабудзіць і развіць у сабе духоўнае жыццё. Сэнс жыцця ў тым, каб чалавек знайшоў самога сябе. А што значыць «знайсці самога сябе»? Гэта якраз значыць знайсці ў сабе, убачыць у сабе далучанасць да быцця Божага і пабудаваць сваё жыццё так, каб гэтая далучанасць была рэалізавана.

Перш чым уваходзіць у высокія сферы духоўнага жыцця, чалавек павінен пачынаць з самага галоўнага: з усведамлення сваёй грахоўнасці, сваіх немачаў перад Богам, з прызнання таго, што без Бога ён не можа нічога.

Грэшныя мы і нявартыя тых міласцяў, якія Гасподзь дае нам. Гэта трэба цвёрда зразумець і асэнсаваць і, пазбягаючы ўпадзення ў маркоту , імкнуцца да ачышчэння свайго сэрца. Вось і ў малітве Яфрэма Сірына мы просім Госпада пазбавіць нас ад духу маркоты і дапамагчы ўбачыць свае грахі, каб пакаяцца ў іх перад Богам і не трапляць у іх зноў.

Мы молімся аб тым, каб Гасподзь пазбавіў нас не проста ад бяздзейнасці, засмучэння і марнаслоўя, а ад духу зла, якім жывуць гэтыя грахі. І каб Ён дараваў нам дух чысціні, пакоры, цярплівасці і любові – тое святло, якое нам дадзена было адчуць як новае жыццё, дзеля якога створаны чалавек.

Шмат хто з вернікаў лічыць, што яны жывуць звычайным хрысціянскім жыццём. Але, па вялікім рахунку, звычайнага хрысціянскага жыцця не бывае. Святая Царква папярэджвае нас аб небяспецы так званага «сярэдняга» хрысціянства. На жаль, у большасці сваёй мы менавіта такія і ёсць: і не «гарачыя», і не «халодныя». А такі стан чалавечай душы, як вучаць святыя айцы, з'яўляецца грахоўным.

Так, канешне, нам, якія пастаянна знаходзяцца ў паўсядзённых клопатах і турботах, у штодзённай побытавай мітусні, нялёгка выратаваць сваю душу, цяжка ісці за Хрыстом, выконваючы Яго запаведзь: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе ўслед за Мною»(Мф.16:24). Не ўсе мы здольныя ў поўнай меры адгукнуцца на гэты заклік Збавіцеля. Але, нягледзячы на гэта, мы абавязаны ў адпаведнасці са сваімі сіламі, што кожнаму з нас дадзеныя ад Госпада, вучыцца таму хрысціянскаму подзвігу, які здзяйснялі усе святыя падзвіжнікі веры і пабожнасці, а не сядзець склаўшы рукі і не плысці па цячэнні, быццам дохлая рыбіна.

Па словах святых айцоў, у апошнія часы хрысціяне будуць ратавацца не столькі подзвігам малітвы і посту, колькі цярплівым нясеннем свайго ўласнага крыжу пакутаў і вызнаваннем ісціны з адмаўленнем усякай няпраўды, што пануе ў свеце.

Сапраўднае хрысціянскае жыццё вельмі не простае і патрабуе праяўлення нашай настойлівасці, выдаткаў энергіі і волі. Усё павінна быць сабрана ў адзіны кулак: наша вера, наша любоў, наша надзея, наша рашучасць на выкараненне зла са сваёй душы. Ды, на жаль, чаго там граху таіць, як сказаў адзін мудры чалавек: «Нам наканаваныя вялікія памкненні, але здзейсніць - нічога не дадзена». Менавіта так і атрымліваецца ў тым выпадку, калі ў нас няма жадання і настойлівасці ў дасягненні пастаўленай мэты. І як сугучнае з гэтым евангельскае чытанне, прапанаванае нам сёння.

Нямоглага чалавека ацаліў Хрыстос. Гэты хворы меў чатырох сяброў, і па веры гэтых людзей, бачучы іх настойлівасць, Збавіцель яго ацаляе. Так, усе мы, браты і сёстры, павінны быць настойлівымі ў дасягненні станоўчых вынікаў у справе свайго духоўнага сталення.

Звяртаючыся да быццам бы простых, але вельмі важных для нашага малітоўнага і духоўнага ацалення дабрадзейнасцей – гэта значыць, уважлівасці і несупыннасці ў малітве, пакаянні і памяці смяротнай, мы навучымся маліцца і будзем розумам знаходзіцца перад Госпадам. Благадаць Божая ацаліць наш розум, які больш не будзе адхіляцца ад малітвы, але стане заўсёды імкнуцца да яе і зробіць малітву нашым жыццём, нашым натуральным станам.

Не стаянне на адным месцы, не адыход назад, а рух наперад; хоць на крышачку, хоць ледзь-ледзь, але - наперад. У адпаведнасці са сваімі сіламі мы павінны імкнуцца да дасканаласці - да гэтага заклікае нас Гасподзь. Ператварыцца ў чалавека духоўнага цяжка: неабходна прыкласці вялікія намаганні, каб дасягнуць хаця б невялікіх станоўчых вынікаў.

Святая Царква, быццам любячая маці, бярэ кожнага з нас за руку і вядзе па тым шляху, на якім чалавек абавязкова знаходзіць самога сябе ў самым высокім сэнсе слова, знаходзіць далучанасць да быцця Божага ў глыбіні сваёй сутнасці.

Прыслухаемся да парады свяціцеля Грыгорыя Паламы: «Пакладзі пачатак свайго жыцця дасканалейшага і абнаві сябе, рыхтуючыся да прыняцця будучых вечных дабрадаянняў». Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык

Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)