Прападобны Іаан Лесвічнік

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Бачанне Іаана ЛесвічнікаБачанне Іаана ЛесвічнікаУ  першую Нядзелю Вялікага посту было паказана, што наша вера – ісціная, г.зн. сапраўдная і адзіная правільная. У другую сцвярджалася, што яна – вера ўнутраная, вера сэрца, вера, з дапамогай якой чалавек дасягае абожання. У трэцюю Нядзелю Святой Чатырохдзесятніцы Царква нагадала нам, што наша вера – не ад “свету гэтага”, што яна – самаахвярная, крыжаносная, якая пераносіць і трывае ўсе жыццёвыя нягоды. І, нарэшце, у чацвёртую Нядзелю Царква нагадвае нам, што наша вера аскетычная, вера падзвіжнікаў, вера, якая патрабуе авалодання сабою, самаабмежавання і барацьбы з дэманамі і грахоўнымі страсцямі.

У чацвёртую Нядзелю Вялікага посту Царква малітоўна ўспамінае і праслаўляе аднаго з найвялікшых падзвіжнікаў сваіх – ігумена Сінайскай Гары прападобнага Іаана Лесвічніка. Сваё прозвiшча прападобны атрымаў ад складзенага ім духоўнага настаўлення для манахаў, вядомага пад назвай «Лесвіца». Прападобны Іаан Лесвічнік жыў у манастыры Святой Екацярыны на Сінаі. Манастыр гэты існуе ў наш час, і многія людзі зараз маюць магчымасць яго наведаць, адпачываючы ў Егіпце.

Манастыр гэты ўзнік яшчэ ў III ст., а Іаан Лесвічнік жыў тут у VIII ст., калі гэта месца было ўжо дастаткова вядомым. Яго келля знаходзілася насупраць гары, на якой, як мяркуюць, Маісею былі дадзены Дзесяць запаведзяў. І прападобны меў магчымасць назіраць, як рана раніцай, нават яшчэ ноччу, людзі ўзыходзілі на гэту гару з паходнямі, і агеньчыкі рухаліся, паступова ўзнімаючыся па серпантыну, які вёў на вяршыню гары.

Іаан Лесвічнік назіраў гэта, і ў яго ўзнік вобраз таго, што, падобна да гэтых падарожнікаў, якія ўздымаюцца на гару, каб сустрэць сонца, і чалавек ўзыходзіць у сваім жыцці ў духоўным падарожжы ад нявер’я ў Хрыста да таго, каб убачыць Яго як Сонца Праўды. І ён склаў кнігу, якую так і назваў – “Лесвіца”. У ёй пералічваюцца гэтыя этапы паступовага ўзыходжання ад нявер’я да глыбокай веры і пазнання Хрыста.

“Лесвіца” была напісана прападобным Іаанам на падставе вопыту ўсяго яго падзвіжніцкага жыцця. Гэта твор быў перакладзены на царкоўнаславянскую мову яшчэ да Хрышчэння Русі, яго чыталі манахі і набожныя міране. Вялікім постам у храме чыталі ўрыўкі з “Лесвіцы” на 3-яй, 6-ай і 9-ай богаслужбовых газінах. Варта і нам у дні посту і пакаяння ўспомніць і перачытаць тварэнне святога Іаана, ігумена гары Сінайскай.

Кніга “Лесвіца” вельмі карысная для нас, і напісана яна была не толькі для манахаў. Вядома, магчыма, не ўсе тыя парады, які дае ў гэтай кнізе прападобны, мы зможам выканаць у сваім мірскім жыцці, але мы хаця б маем магчымасць ведаць, як павінен жыць сапраўдны вернік, які шчыра імкнецца да Хрыста.

Вялікую ўвагу Іаан Лесвічнік надае пакаянню. Што такое пакаянне? Гэта вельмі важнае пытанне. Што значыць пакаяцца? Хіба толькі пералічыць свае грахі і сказаць “я грэшны”? Не! Каб сапраўды прынесці шчырае пакаянне, гэтага недастаткова. Пакаяцца – значыць усвядоміць свае грахі, адчуць цяжар грэхападзення, пазбавіцца ад грэшных думак і пачуццяў, выправіцца, стаць іншым. Замест апаганенага жыцця, ад якога выбаўляе нас Гасподзь Іісус Хрыстос у пакаянні, неабходна пакласці пачатак новаму жыццю – жыццю ў адпаведнасці з духам Хрыстовым. Неабходна духоўнае сталенне, паступовая перамога над уласнымі грахамі, быццам бы пад'ём па прыступках лесвіцы маральнага ўдасканалення.

“Лесвіца” прападобнага Іаана – гэта “шлях дзейснага ўзыходжання”, “зварот ад спакусаў свету гэтага да адзінага сапраўднага скарба – святыні Хрыстовай”. Прападобны Іаан Лесвічнік, памяць якога мы сёння адзначаем, гаворыць нам у адным са сваіх пісанняў: «Не за тое мы будзем асуджаны, браты і сёстры, што не тварылі ніякіх цудаў або не прадказвалі будучыню, а за тое, што не плакалі аб грахах сваіх».

Дык што ж такое грэх, калі ён павінен выклікаць у нас такое пачуццё сардэчнай скрухі, якое б не азмрочвала наша жыццё, але натхняла на яго аднаўленне? Мы часта думаем, што грэх – гэта парушэнне нормаў Закона Божага, парушэнне маральнага абавязку або пэўнае памылковае дзеянне. Але ў граху ёсць нешта больш значнае, што сапраўды павінна выклікаць у нас шчырае пакаянне і сардэчную скруху і, больш за тое, – глыбокі і востры боль.

Грэх – гэта нявернасць, грэх – гэта здрада; здрада і нявернасць у адносінах да Бога, бо грэх азначае, што калі б Гасподзь ні звяртаўся да нас, для нас словы Яго былі неістотныя, другасныя, няважныя, хоць рабіў Ён гэта з ўсёй Сваёй Любоўю, каб упэўніць нас у тым, як многа мы для Яго значым. Дзеля нашага збаўлення Сын Божы аддаў Сваё жыццё і, Несмяротны, прыняў смерць, каб выратаваць нас ад граху і каб мы паверылі ў Яго Боскую Любоў да чалавецтва! Калі мы грашым, то гэтым самым як бы адварочваемся ад Таго, Хто палюбіў нас адразу і назаўсёды, і таму Яго жыццё і Яго смерць становяцца для нас такімі нічога не вартымі, што мы не здольныя з любоўю адгукнуцца на іх сваёй вернасцю і адданасцю. Падобныя адносіны да Бога прыводзяць да несупыннага парушэння тых законаў быцця, дадзеных Творцам, кіруючыся якімі, мы дасягнулі б жыцця вечнага і сталі б сапраўднымі, дасканалымі людзьмі (як і Хрыстос быў сапраўдным чалавекам) у гармоніі паміж Богам і намі.

Усе канкрэтныя грахі, якія мы пастаянна здзяйсняем: няўважлівасць да патрэбаў і праблемаў тых, хто побач з намі, абыякавасць адзін да аднаго, асуджэнне іншых, раўнадушша да чужога гора, стрыманасць у любві і міласэрнасці – усё гэта ад таго, што сэрцы нашы халодныя і пакрытыя ледзяным панцырам эгаізму. Нездарма кажа нам Хрыстос у сённяшнім евангельскім чытанні:

«Гэты род ні ад чаго іншага не можа выйсці, толькі ад малітвы і посту.»(Мк.9:29).

Пост азначае, што неабходна адвярнуцца ад усяго таго, што спакушае нас парушыць адданасць і вернасць Госпаду. А малітва – гэта размова, гутарка з Жывым Богам, Які ёсць Любоў, і ў Якім Адным мы можам знайсці сілы, каб здолець палюбіць – палюбіць усіх і ўсё, акрамя граху.

Малітва для нашага выратавання гэтак жа неабходная, як і вера. Дзе ёсць вера, там абавязкова ёсць і малітва. Як ежа для цела, так і малітва неабходна для душы кожнага верніка. Душа чалавека, будучы дыханнем Божым, увесь час імкнецца да Бога як крыніцы свайго быцця і толькі ў Ім знаходзіць радасць і надзейны прытулак. Па словах Іаана Лесвічніка, малітва ёсць маці ўсіх дабрадзейнасцяў.

Пра пост свяціцель Васілій Вялікі сказаў:

«Пост накіроўвае малітву нашу на неба, з’яўляючыся для яе нібы крыламі»

Хрысціяніну неабходна так упарадкаваць сваё жыццё, каб плоць была ў паслухмянстве духу, а гэта немагчыма без паста і ўстрымання. Аднак пост цялесны – гэта толькі сродак у барацьбе з грахом. Сапраўдны духоўны пост заключаецца ў устрыманні ад усіх заганных жаданняў, у ўстрыманні ад граху. А сапраўдныя плады посту – гэта справы любві і міласэрнасці, узаемнае прабачэнне крыўд і пакорнае прыняцце волі Божай.

Вялікі пост – час пакаяння, час усведамлення мітуслівасці і імгненнасці зямнога жыцця як адной з найвышэйшых каштоўнасцей “свету гэтага”. Гэта час, калі Святая Царква асабліва настойліва заклікае нас знайсці страчаную ў выніку грэхападзення спадчыну нашага Творцы. На прыкладзе падзвіжнікаў яна паказвае нам, што гэта магчыма, што гэта рэальна, што чалавек сапраўды здольны гэтага дасягнуць.

Так, гэта цяжка... Нялёгка ў нашым шэрым і мітуслівым бу-дзённым жыцці служыць Богу Жывому і Сапраўднаму, бо, па словах аднаго хрысціянскага мысліцеля, усякая работа Божая, гэта значыць тая, якая выконваецца ў імя Госпада, – цяжкая. Канешне, не ўсе могуць быць «лесвічнікамі», але змагацца з грахамі, быць уважлівым да свайго духоўнага свету і імкнуцца да выпраўлення заганаў і хібаў сваёй асобы – пад сілу кожнаму з нас. У гэтым абавязак кожнага свядомага хрысціяніна, які жадае быць ім не па адной толькі назве.

Іаан Лесвічнік кажа:

“Пакаянне – гэта наша вяртанне да Бога, гэта аднаўленне благадаці Святога Хрышчэння, гэта подзвіг адрачэння ад былога – грахоўнага – ладу жыцця, гэта наша абяцанне змяніцца ў лепшы бок. Гэта час, калі мы можам навучыцца пакоры, што значыць – міру: міру з Богам, міру з самім сабою, міру з усім навакольным светам.

Пакаянне нараджаецца ад надзеі і рашучага адмаўлення ад адчаю. І той, хто каецца, – гэта той, хто сапраўды заслугоўвае асуджэння, але выходзіць з залы суда непасаромлены ў сваёй надзеі на міласэрнасць Божую і без ганьбы, таму што пакаянне – гэта наша прымірэнне з Богам. І дасягаецца яно праз годнае жыццё, праз вайну з грахамі, якія мы здзяйснялі ў мінулым. Пакаянне – гэта ачышчэнне нашага сумлення. Пакаянне – гэта рашучасць без наракання на волю Божую і ў аднаўленні праз любоў пераносіць усякі боль, усякую тугу.”

Чыстыя сэрцам ужо тут, на зямлі, адчуваюць радасць і спакой у душы сваёй, аб якіх нават паняцця не маюць апантаныя гардыняю. У вачах Божых няма нічога даражэйшага за пакорнамудрасць. Без гэтага няма і збаўлення, бо без пакорнасці Богу ні адна наша справа не можа быць Яму даспадобы, не можа быць выратавальнай для чалавека і сапраўды духоўна ствараючай. Усе нашыя беды паходзяць ад нашай гордасці. І светлы ангел з-за гордасці стаў сатаною – праціўнікам Божым, і першыя людзі, Адам і Ева, спадзеючыся стаць роўнымі свайму Творцы, сталі смяротнымі. Гардыня – корань усіх грахоў. Вось чаму Хрыстос прапануе нам выдаліць яе з сэрца чалавечага, вось чаму Хрыстос прапануе нам пакорнасць як надзейны фундамент, з якога трэба пачынаць будаўніцтва ўгоднага Богу ўласнага жыцця. “Калі мы не будзем «убогія духам» (Мф.5:3), – гаворыць свяціцель Іаан Златавуст, – нават калі мы вялікія малітвеннікі і поснікі, нават калі мы цнатлівыя і міласэрныя, – усё гэта будзе марным і бессэнсоўным, як у евангельскага фарысея з вядомай прытчы Хрыста”.

Хай нешматлікія з нас дасягнуць высокіх прыступак Лесвіцы духоўнай дасканаласці. Неразумна імкнуцца да таго, што вышэй за твае сілы, так і прападобны Іаан Лесвічнік кажа: “Здзіўляцца справам святых добра, імкнуцца да іх – збавіцельна, але жадаць раптам дасягнуць іх узроўню – гэта справа безразважная і немагчымая». Аднак будзем стараннымі ў духоўнай працы над сабою, і Гасподзь абавязкова ўратуе тых, якія прынеслі Яму пасільны плён. Знаходзячыся хаця б і ў падножжы Лесвіцы Божай, якая вядзе да дасканаласці, ўскладзем нашу надзею на Госпада.

Мы павінны разумець, што толькі благадаць Божая можа выратаваць і пазбавіць нас ад нашых грахоў.

Няхай дапаможа ўсім нам Гасподзь ўзрастаць ў веры, умацоўваючыся малітвай і постам, і правесці дні Святой Чатырохдзесятніцы так, каб атрымаць вялікі Божы дар – дар веры, які робіць нас здольнымі прымаць Бога ў сваё жыццё. Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык

Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)