Памяць Марыі Егіпецкай

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Прападобная Марыя ЕгіпецкаяПрападобная Марыя ЕгіпецкаяУ пятую Нядзелю Вялікага посту мы адзначаем памяць святой Марыі Егіпецкай. З глыбокай бездані грахоў Гасподзь яе, простую жанчыну, паклікаў і памілаваў. Праваслаўная Царква прапаноўвае нам у Вялікі пост гэты ўзор пакаяння, каб чалавек, нават той, які здзейсніў самыя цяжкія грахі і патануў у беззаконнях, не адчайваўся і не страчваў надзеі, а ведаў, што яго ачышчэнне і збаўленне залежыць толькі ад яго уласнага жадання і ўласнай волі і што нішто не можа яму перашкодзіць, нават самыя страшныя перашкоды, якія ўзнікаюць на шляху чалавека да збаўлення, – яго ўласныя грахі.

Памяць Марыі Егіпецкай - гэта памяць міласці Божай і Божай міласэрнасці, якія не маюць межаў! Узрадуемся ж і ўзвесялімся ж, бо ў нас ёсць такі выдатны прыклад праяўлення дзеяння любві Божай ў свеце – у Хрысце і праз Хрыста, у Царкве і праз Царкву. Узрадуемся ж і ўзвесялімся ж, таму што няма такога граху, якога б Бог не мог нам дараваць, няма такой ступені падзення, з якой бы Гасподзь не мог нас узняць! Благадаць Божая заўсёды шукае чалавека і кліча яго...

Нам таксама трэба навучыцца мужна і паслядоўна выпраўляць жыццё ў адпаведнасці з запаведзямі Божымі. Як часта мы не можам захаваць цвёрдай нашу веру, не маем пакаяннай сардэчнай малітвы і спадзявання на волю Божую.

Калі мы не дасягаем жаданай дасканаласці, мы часам маладушна абвінавачваем у гэтым акалічнасці і ўсіх вакол нас. І замест таго, каб уступіць у барацьбу са сваімі грахоўных звычкамі, прабівацца да Бога з верай і надзеяй, мы праяўляем духоўную слабасць і немач, падпарадкоўваючыся духу часу, апраўдваючы сябе тым, што сёння немагчымы такія подзвігі, якія здзейсніла Марыя Егіпецкая і іншыя святыя.

Так, сёння цяжка пакінуць свет, пайсці ў пустыню, ды гэта не ўсім магчыма і не ўсім абавязкова. Але мы можам змагацца са сваёй плоццю спосабам зразумелым і падручным, гэта значыць зменшыць спажывання ежы, больш працаваць, паменш забаўляцца і спаць, часцей маліцца днём і ноччу. Такім чынам мы будзем змагацца са сваёй грахоўнай плоццю, знішчаць страсці.

Каб пакінуць свет, жывучы ў свеце, як вучыць нас святы Андрэй Крыцкі ў сваім каноне, накіруем душу сваю ў пустыню, пакінуўшы звычаі свету, звяраючы па Евангеллі ўсякую думку і кожны крок, адракаючыся ад грахоўных прыхільнасцяў, і тады сярод звычаяў свету мы станем жыць, быццам у пустыні, адгарадзіўшыся ад іх сцяной посту і малітвы.

Магчыма, не па нашым сілам такія подзвігі пакаяння, якія явіла Марыя Егіпецкая – мы можам толькі здзіўляцца вялікай стойкасці прападобнай на працягу 47 гадоў жыцця ў пустыні. Нам бы не сорак сем гадоў жыцця, а хаця б сорак дзён Чатырохдзесятніцы і сем дзён Страснога тыдню праводзіць штодзённа як трэба – у пакаянні і малітве!

Мы не павінны маркоціцца. Маркота, туга, скруха – адны з самых цяжкіх грахоў, і не выпадкова яны трапілі ў лік так званых смяротных грахоў – менавіта таму, што ў хрысціяніна ўвогуле няма падстаў, каб тужыць, сумаваць і адчайвацца, бо тады ён ужо не хрысціянін! Той, хто так робіць – гэта чалавек з пашкоджанай душой. Толькі чалавек, які апантаны гардыняю, чалавек, які не ўмее дзякаваць і быць удзячным, а таксама той, які не мае духоўнай цвярозасці і зусім не можа жыць у згодзе з благадаццю Божай, можа маркоціцца.

Трэба нам навучыцца ў прападобнай Марыі Егіпецкай адной важнай хрысціянскай якасці. Той самай, пра якую ўжо ў ХХ стагоддзі сказаў прападобны Сілуан Афонскі:

«Трымай розум твой у пекле і не адчайвайся».

Будзем помніць пра гэта, і няхай сіла Божая пазбавіць нас ад усякага граху і духу маркоты. Мы не павінны, нам нельга зачарсцвець у грахах, якімі б яны ні былі. Якімі б ні былі нашы жыццёвыя звычкі і погляды, якімі б ні былі нашы хваробы, што б з намі ні здаралася, – мы не можам паддавацца сваім грахоўным страсцям і трапляць да іх у палон: мы павінны іх пераадольваць, з аднаго боку, міласцю і міласэрнасцю Божай, а, з другога боку, – сілаю служэння Госпаду, сілаю самаахвярнасці і паслухмянасці волі Божай.

Мы жывем у свеце, дзе ўсё больш і больш становіцца грахоўнага бруду. Гэта ад таго, што свет не ведае самай галоўнай таямніцы жыцця. У гэтай цемры граху, якая імкнецца паглынуць усё навокал, мы павінны мець вочы, не толькі каб плакаць па сваіх грахах, але і бачыць гэтымі вачыма небяспеку, што пагражае і нам. Мы жывем у свеце, пра які Хрыстос гаворыць:

«Ведаю твае дзеі, і што ты жывеш там, дзе трон сатаны» (Адкр.2:13).

«Звер апакаліпсіса» ужо ў свеце і паказвае свае кіпцюры.

Хто такая апакаліптычная блудніца вярхом на чырвоным зверы, і што азначае гэты вобраз? Спадкаемца таталітарнага камунізму, якая распаўсюджвае у свеце разбэшчанасць? Сатане недастаткова спакусіць і разбэсціць, галоўнае – не дапусціць пакаяння. Дзеля гэтага у грамадстве ствараецца атмасфера насмешкі і адкрытага здзеку над пакаяннем. І перш за ўсё з гэтай мэтай вядзецца атака на Царкву. Не атрымалася Яе знішчыць дашчэнту, не атрымалася разбурыць знутры – зараз імкнуцца змяшаць Яе імя з гразёю. Цяжкую спадчыну пакінулі нам мінулыя пакаленні, нялёгкія і грахі нашага часу. Але сярод гэтага змроку мы выразна чуем голас Божы, які кліча нас да бадзёрасці і духоўнай цвярозасці, не дазваляючы ўпасці ў адчай і самотнасць.

Вобраз прападобнай Марыі Егіпецкай, памяць якой мы сёння ўшаноўваем, – гэта яшчэ і ўзор надзеі на міласць Божую да нас, грэшных, і жывое сведчанне таго, што самыя цяжкія грахі даруе Любячы нас Гасподзь тым, хто шукае Яго. Да мужнасці заклікае нас сёння Гасподзь. Гэты ўзор подзвіга ў змаганні за запаведзь Божую дае прападобная Марыя Егіпецкая.

 Амінь.


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)