Ацаленне хворай жанчыны і ўваскрашэнне дачкі Іаіра

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

У сённяшнім Евангеллі мы чулі пра ўваскрашэнне Госпадам спачылай дачкі Іаіра, які быў старэйшынам сінагогі, і пра ацаленне хворай жанчыны, якая пакутавала ад кровацячэння дванаццаць гадоў. Евангельскае чытанне гэта вельмі глыбокае і мае для кожнага з нас вялікае павучальнае значэнне.

Для чаго, з якой мэтай Святая Царква і цяпер нагадвае нам пра гэтыя падзеі – падзеі ацалення і ўваскрашэння? Вельмі шмат павучальнага і карыснага мы павінны ўбачыць у гэтым евангельскім апавяданні. Першае, на што неабходна звярнуць увагу ў прачытаным сёння Евангеллі, – гэта сведчанне і вера ў тое, што душа чалавека бессмяротная, яна жыве, яна жывая і ніколі не памрэ. І Лука, і Марк сведчаць, што дух вярнуўся ў дзяўчыну.

Гэта вельмі важныя для нас словы. Значыць, душа – жывая. Нягледзячы на тое, што цела ўжо было мёртвым, душа была жывая, душа не ўваскрасала, як уваскрасала цела. Яна толькі вярнулася ў гэта ўжо, здавалася, мёртвае цела. Гэта вучыць нас таму, што і нашыя душы сапраўды гэтак жа не паміраюць. Яны вечна жывуць. І наша ўваскрасенне адбудзецца так, як уваскрэсла гэта дзяўчына. І гэта ўваскрасенне кожна¬га чалавека здзейсніцца у Другое, слаўнае і, разам з тым, вядома, страшнае прышэсце Госпада і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста. І калі цела, узятае Богам з зямлі, вяртаецца ў зямлю, (не выпадкова таму ў адным з церкоўных песнапенняў мы чуем: «Ты зямля і ў зямлю пойдзеш»), то душа кожнага чалавека, дадзеная яму Богам, вяртаецца да Бога. Але гэта разлучэнне душы і цела часовае. І колькі б цела таго або іншага чалавека не ляжала ў зямлі, яно ізноў злучыцца з душою і ўваскрэсне. Пра гэта нам яшчэ і яшчэ раз сёння нагадвае гэтае евангельскае апавяданне.

Гасподзь нагадвае нам, што ўсё наша жыццё – гэта суцэльныя страты. Мы ўвесь час страчваем, а Гасподзь не ацаляе нас, не пазбаўляе нас ад пакутаў, ад трывог і смерці. Ён жадае нам даць сэнс, Ён жадае, каб мы адчулі Яго сілу. Каб не было гэтага бязглуздага стану адчаю, у якім жывуць людзі, што не далучыліся да Хрыста. Каб мы даведаліся, што сярод пакут і смерці ёсць жыццё, якое Гасподзь нам прынёс. Ёсць гэта любоў, з якой не можа разлучыць нас ніякая смерць, ніякія пакуты, таму што Гасподзь прысутнічае з намі. І калі памірае наш блізкі чалавек, мы павінны далучацца да таго, што Хрыстос здзейсніў і здзяйсняе дзеля гэтага чалавека.

Такім чынам, гэта першы урок, які мы з карысцю для саміх сябе павінны засвоіць, зыходзячы з сённяшняга евангельскага апавядання.

Вернемся да той жанчыны, якая, па словах апосталаў Лукі і Марка, пакутавала на працягу дванаццаці гадоў. Не выпадкова евангелісты паказваюць гэтую лічбу – дванаццаць. Можна было б проста напісаць, што пакутавала шмат гадоў, але яны ўдакладняюць: дванаццать, таму што дванаццать – гэта лік поўнасці, і, паказваючы пэўную лічбу, евангелісты ставілі перад сабою мэту паказаць, што жанчына сапраўды пакутавала вельмі доўга і цяжка. Яна, як сведчаць евангелісты, звярталася да многіх лекараў, але ніхто з іх не мог дапамагчы ёй у яе цяжкай хваробе.

Мы таксама пакутуем – калі не фізічна, то духоўна – ад граху. Адзін человек пакутуе ад гневу і злосці, іншы пакутуе ад сквапнасці і прагнасці, трэці пакутуе ад разбэшчанасці. Чацвёрты пакутуе ад п’янства, пяты пакутуе ад пыхлівасці, якая прымушае яго шукаць пустой зямной славы. Шосты пакутуе ад зайздрасці, калі бачыць поспех і шчасце іншых. Сёмы пакутуе ад ляноты і гультайства. Калі кожны з нас ведае, што, калі ён уважліва прыгледзіцца да сябе, то ўбачыць, што ён хварэе на той ці іншы грэх. І самае сумнае тое, што грахі гэтыя ў нас з дня ў дзень паўтараюцца. Учора мы каяліся ў іх, а сёння паўтараем іх зноў. Грэх – род кровацячэння, якое ніколі не спыняецца ў нас і якое робіць нас слабымі і ледзь жывымі.

Як жанчына з сённяшняга Евангелля была неацэльна хворая, так і нашы грахі невылечныя ніякімі чалавечымі сродкамі. Ніхто, ні адзін человек, не можа вызваліць нас ад граху. Ёсць толькі адзін Гасподзь Іісус Хрыстос, Які здольны ацаліць чалавека ад грахоўнай хваробы і даць яму збаўленне. Ён адзіны Лекар душ і целаў нашых, Збавіцель грэшнікаў.

Жанчына пачуўшы, што ёсць Той, Хто можа яе ацаліць, пакінуўшы свой дом, пакінуўшы ўсё і ўся, імкнецца да Хрыста. І ў гэтым для нас павучальны ўрок. Мы таксама, як і гэтая жанчына, павінны заўсёды імкнуцца да Хрыста-Збавіцеля, бо толькі на Хрыста ўся наша надзея, толькі ў Хрысце ўсё наша з вамі жыццё, і не выпадкова таму апостал Павел так і піша: «Для мяне жыццё – Хрыстос» (Філ. 1:21). Пра гэта мы павінны заўсёды памятаць. Так, менавіта ў Хрысце ўсё нашае жыццё, і не толькі жыццё зямное, але і жыццё нябеснае.

І яшчэ на адзін момант неабходна звярнуць увагу. Аказваецца, і мы гэта бачым з сённяшняга евангельскага сюжэту, для таго, каб Гасподзь аказваў нам Сваю міласць, неабходна нашая цвёрдая вера ў Яго. Напэўна, можна выказаць здагадку, што была вера і ў астатніх людзей, бо не толькі банальная цікаўнасць прымушала іх ісці за Хрыстом. І усё ж такі, чаму дакранаюцца многія і вераць многія, а ацаляецца толькі адна? Епіскап Грыгорый у сваім дзённіку, у якім ён разважае над прачытанным Евангеллем, піша: “ Тут была вера – воля, вера – уся душа, вера – усё жыццё… Полымя веры яна кінула ў дотык, як быццам кінула ўсю сябе. «Згару, але выратуюся»… І яна выратавалася. «Дачка! вера твая ўратавала цябе»».

Учынак гэтай жанчыны быў вельмі мужны. Здавалася б, пра якую мужнасць можна гаварыць, калі жанчына, не гаворачы нікому ні аб чым, нават Самому Хрысту, таемна дакранаецца да Яго адзежы. А мужнасць была не толькі ў дотыку. Мужнасць была ў вызнанні яе веры. Жанчына гэта была іудзейкай і добра ведала старазапаветны закон. Яна ведала той закон, які Гасподзь Бог даў праз прарока Маісея. Яна ведала, што жанчына, якая мела кровацячэнне, лічылася нячыстай, і дотык да яе з'яўляўся грахом, і калі яна дакраналася да чаго-небудзь, то той прадмет таксама апаганьваўся і лічыўся нячыстым. І яна ведала, што рабіла, калі дакраналася, нячыстая і грэшная, да Хрыста. І яна не пабая¬лася сказать пра гэта, не пабаялася, таму што тут жа магла быць пабіта каменьмі, забіта да смерці – гэтага патрабаваў закон. У гэтым і была яе мужнасць. І гэта яе мужнасць, яе мужная вера была ўзнагароджана Хрыстом Збавіцелем. «Мацуйся, дачка, вера твая ўратавала цябе!».

Вядома ж, не меней мужным быў учынак і Іаіра. Кім быў ён? Старэйшынам іудзейскай сінагогі. Старэйшыны сінагогі належалі да партыі, варожай Іісусу, але гэты, пачуўшы, магчыма, пра шматлікія цуды, здзейсненыя Госпадам, а, можа быць, і сам будучы сведкам цуду ацалення слугі капернаумскага сотніка, меў надзею, што Іісус ацаліць і яго дачку. У той час старэйшыны, і першасвятары, і старцы іудзейскія дамовіліся ўсякага, хто звяртаецца да Хрыста, забіваць каменьмі і адлучаць ад сінагогі. Але вы паглядзіце, старэйшына сінагогі ідзе і звяртаецца да Хрыста з просьбай аб ацаленні сваёй дачкі. Няўжо гэта не мужны ўчынак? Гэта для ўсіх нас таксама павучальны прыклад. На вялікі жаль, вельмі часта ў нас не хапае мужнасці – мужнасці вызнання нашай веры. Вельмі часта мы ў тых або іншых жыццёвых сітуацыях паддаемся розным спакусам і страчваем сваю веру, аддаляемся ад Бога. Калі кожны з нас прыгадае той ці іншы эпізод свайго жыцця, то ўбачыць і зразумее, што сапраўды мужнасці ў нас няма, ёсць толькі слабасць, ёсць малавер’е, ёсць звязаныя з ім нявер’е і сумненні.

Прыклады гэтай хворай на кровацячэнне жанчыны і старэйшыны іудзейскай сінагогі, сведчаць, што яны адкрыта вызнаюць сваю веру ў Хрыста. Такім чынам, адкрытае вызнанне веры ў Бога для нас з'яўляецца ў многіх выпадках абавязкам, і адмаўленне ад смелага вызнання сваёй веры роўнае здрадзе Хрысту. Але, на вялікі жаль, нашае жыццё сведчыць аб зваротным. Часта мы аддаем сваю веру, хаця б сваёй абыякавасцю. І гэта здрада нашай веры, здрада Святога Праваслаўя і, у рэшце рэшт, здрада Бога.

Прыгадаем навамучанікаў ХХ стагоддзя, якія бязбоязна, перамогшы натуральны людскі страх, у тыя страшные часы сведчылі аб сваёй веры ў Бога і не баяліся ніякіх пагрозаў і мукаў; яны ішлі да канца, абіраючы смерць замест здрадзы. Многія былі знішчаны фізічна, таму што бязбожная, дыявальская ўлада не магла цярпець побач прапаведнікаў слова Божага, але Гасподзь не пасароміў іх. І яны сваімі бессмяротнымі душамі знаходзяцца перад пасадам Божым, заслужыўшы пакутніцкі вянец, а, значыць, і вечную асалоду ў Царстве Нябесным. І дзякуючы ўсім ім, мужным вызнаўцам веры Хрыстовай, Царква не знішчана, яна працягвае жыць. Слава Богу, сёння мы адкрыты для ўсяго свету. І давайце карыстацца гэтай магчымасцю, давайце несці святло Хрыста людзям. І хто жадае спазнаць ісціну, няхай прыходзіць у Праваслаўную Царкву – гэтую бяздонную скарбніцу і чэрпае з яе!

Вось, якія думкі і пачуцці выклікае той евангельский сюжэт, які быў прапанаваны нашай увазе за гэтай літургіяй.

Дай Бог, браты і сёстры, каб у нашым жыцці была цвёрдая вера, непахісная воля, імкненне да Хрыста; каб кожны з нас у сваім зямным жыцці мог смела і непахісна вызнаваць сваю веру ў Бога і, самае галоўнае, жыць па веры. Каб і ўсім нам пачуць словы Хрыста Збавіцеля: «Мацуйся! Вера твая ўратавала цябе». Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык
Малюнак - Алена Чаркасава