ДВОЕ СЛЯПЫХ І АПАНТАНЫ НЯМЫ

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

У апостальскім пасланні мы чулі сёння словы, якія накіраваныя не толькі да рымлянаў, але і да кожнага з нас: «Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божыю» (Рым.15:7).

Хрыстос прыняў нас такімі, якія мы ёсць: сляпымі, храмымі, хворымі, апантанымі. Ён, не грэбуючы недасканаласцю чалавека пасля яго грэхападзення, дакранаецца да нашай апаганенай плоці, Ён уваходзіць у наш лёс не затым, каб асудзіць і пакараць, «бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубіць душы чалавечыя» (Лк.9:56), а затым, каб «знайсці і выратаваць тое, што загінула» (Лк.19:11).

Святыя айцы часта паказваюць на існаванне ў нашым духу здольнасці непасрэдна адчуваць дзеянне і прысутнасць у нас Бажаства і на залежнасць гэтай здольнасці ад дабрадзейнага і набожнага жыцця.

Няшчасныя калекі, пазбаўленыя найвялікшага дара – бачыць дасканалае тварэнне Стваральніка вачамі цела – благадаццю Божай надзелены былі здольнасцю вачамі духоўнымі бачыць Ісціну, якая была нябачная для многіх іх відушчых суайчыннікаў: гэтым сляпым адкрылася, што Іісус з Назарэта – Сын Давідаў, гэта значыць Той Самы прадказаны прарокамі Месія, Хрыстос Збавіцель! «Памілуй нас, Іісусе, Сыне Давідаў!» (Мф.9:27) – крычалі яны ўслед Госпаду, вызнаючы не толькі сваю веру ў ацаленне, але і спадзяванне ўсяго народа Божага на збаўленне і жыццё вечнае.

З прачытанага цяпер Евангелля для нас павучальная вера двух гэтых сляпых, іх нястомная, несупынная, дбайная просьба аб ацаленні і памілаванні. Гасподзь, бачачы іх веру і жадаючы паказаць гэту веру народу, пытае іх: ”Ці верыце, што Я магу гэта зрабіць?” І яны адказваюць: “Так, Госпадзі!” І Ён, каб паказаць, што таму, хто мае веру, усё магчыма, кранаецца іх вачэй і кажа: “Па веры вашай няхай будзе вам.” І яны пачалі бачыць. Вось якая сіла веры, яе значэнне для нашага ацалення.

Вера ёсць сіла нашай душы, якая рухае горы. Таму, хто верыць, усё магчыма. І для нас з вамі, і ў нашы дні сіла веры не зменшылася. І да нас Гасподзь блізкі і заўсёды гатовы ў адпаведнасці з нашай верай выконваць нашы прашэнні. І ў нашы дні Гасподзь гаворыць нам: “Прасіце, і дадзена будзе вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і, хто стукаецца, таму адчыняць”(Мф.7: 7-8). Бо Гасподзь сказаў нам: “Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку” (Мф.28: 20).

Ацаленне апанаванага дэманамі нямога стала «момантам ісціны» не толькі для яго самога, але і для многіх іншых людзей, убачыўшых у гэтым, здавалася б, асобным выпадку, які мае зна-чэнне толькі для сям'і ацалённага, падзею велізарнага масштаба, якая тычыцца ўсяго народа Божага: «І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі такога не здаралася ў Ізраілі» (Мф.9:33). А ўсё з-за таго, што Гасподзь прыйшоў на зямлю, каб выратаваць кожнага чалавека. Таму радасць аднога становіцца радасцю многіх.

Радасці, як і страсці, здольныя перадавацца іншым, зроблены грэх уздзейнічае не толькі на самога грэшніка, але і на тых, хто побач з ім, а маркота і туга, быццам вірус грыпу, можа перадавацца ад душы да душы, заражаючы сваім смяротным подыхам цэлыя супольнасці людзей. І калі Іісус вылечвае ўсяго трох з бясконцай колькасці хворых, Ён тым самым усяляе спадзяванне і надзею ў мноства іншых людзей, якія разумеюць, што не ўсё яшчэ страчана, што нельга паддавацца роспачы, таму што «Бог наведаў народ Свой» (Лк.7:16).

Калі б цуды, апісаныя ў сённяшнім Евангеллі, тычыліся толькі сляпых, якія пачалі бачыць, і нямога, які пачаў гаварыць, не было б у Царквы патрэбы з году ў год, са стагоддзя ў стагоддзе прапаноўваць усім астатнім, зусім не сляпым і не нямым, вернікам гэта чытанне.

Нейкі іншы, нейкі больш глыбокі сэнс заключаны ў гэтых дзвюх падзеях, сэнс, які, відавочна, не ў чыста клінічнай праблеме ацалення ад хваробы.

Справа, вядома, не ў вылячэнні цела. Хаця б ужо таму, «што плоць і кроў не могуць атрымліваць у спадчыну Царства Божае, і тое, што знішчальнае, не можа мець спадчыны ў незнішчальным» (1Кар.15:50), а значыць – куды больш важнае тое, што бессмяротнае і вечнае. Важней за ўсё – неўміручая чалавечая душа, дзеля вечнага быцця якой уцялесніўся, памёр і ўваскрэс наш Збавіцель.

Аднак ёсць хвароба сапраўды жахлівая: гэта душэўнае захворванне людзей цялесна здаровых і паспяховых у жыцці, але якія страцілі здольнасць жадаць нечага больш высокага. Такая хвароба вядзе не проста да смерці, а да вечнай пагібелі.

Невідушчасць і немата з апанаванасцю дэманамі. Ці не характэрныя гэтыя немачы для большасці сучасных хрысціян? Ёсць слепата фізічная, але існуе і невідушчасць духоўная. Гэта – наша нявер’е і малавер’е, гэта – бессэнсоўнасць жыцця і душэўная спустошанасць, гэта – акамянеласць нашага сэрца, нуда і пачуцце пакінутасці Богам і тужлівай адзіноты.

Існуе і немата духоўная. Што ж гэта? А гэта – першым чынам – адсутнасць малітвы; няўменне прыняць удзел, – добрым словам, малітвай і ахвярай, – у пакуце і ў горы чужога нам чалавека.

Нуда, туга, сум і смутак, заняпад волі да жыцця, тамленне духу, разгубленасць – ці не характэрна ўсё гэта для большасці, для пераважнай большасці сучасных людзей, і, на жаль, моладзі? Адкуль жа гэтыя немачы духоўныя, як не ад слепаты? Слепата нараджае бессэнсоўнасць жыцця, а ад бессэнсоўнасці, ад страты сэнсу працы і самога жыцця, нараджаюцца гэтыя страшныя хваробы. Для чаго жыць, для барацьбы? Працаваць толькі для таго, каб існаваць? Але – у імя чаго, у імя якой мэты? У імя могілкаў і смерці? «Бальніца, турма і могілкі – вось тры ўстановы, якія пануюць у жыцці,» – гаворыць Бердзяеў. Але калі гэта так, то жыццё з'яўляецца злою насмешкай над чалавекам.

Толькі мэта, аб'ектыўная і вечная, можа сабраць млявыя сілы чалавека, неразведзенай зрабіць волю чалавека, накіраваць сілы яе да дасягнення мэты. Але гэта мэта страчана сучасным чалавекам. Ён, магчыма, і ўсведамляе існаванне яе, але, з прычыны духоўнай слепаты і падпарадкаванасці плоці, недаступнае яму святло, што зыходзіць ад гэтай Мэты. Сэрца яго шчыльна зачынена, таму не можа пракрасціся ў яго святло страчанай Мэты, святло вечнага Сэнсу. А паколькі жыццё не выносіць спустошанасці, мітусіцца чалавек, каб запоўніць жыццё сваё, і, таму што сляпы і невідушчы, запаўняе яго міражамі, «каштоўнасцямі могілкаў» – тленам і прахам.

Незадаволены, забівае ён час у забавах, не ствараючых, а раз’ядаючых асобу яго, адзінства волі, думкі і пачуцця.

Той, хто не ведае Бога, не жыве, а неасэнсавана існуе ў якасці драпежнай або праследуемай, сытай або загнанай жывёлы.

Шалее сучасны чалавек, які страціў гармонію сілаў сваіх унутры сябе, хварэе ён на спустошанасць душы. Шалее ад слепаты духоўнай. Ды і як быць відушчым яму, калі сэрца яго засмечана, калі страсці і пажадлівасці моцна ў ім гняздо звілі? Каб атрымаць здольнасць сэрцам успрыняць святло, а затым і пачаць бачыць, неабходна вымесці смецце з сэрца, покаяннымі слязьмі і подзвігам звароту да Бога, подзвігам ачышчэння, аднавіць у сабе сілы духоўныя; толькі сэрца, якое імкнецца да чысціні, здольна ўспрыняць святло і зразумець Мэту. Ведаючы гэта, мы павінны ўсёй душой захацець вызвалення ад граху, цвёрда увераваць, што Гасподзь здольны ацаліць нас, і, падобна да сляпых, нястомна заклікаць да Яго аб памілаванні. І Гасподь, па вялікай Сваёй дабрыні, змілуецца і ацаліць нашу слепату і адкрые нашы душэўныя вочы, каб мы ўбачылі глыбіню сваіх грахоў і ачысціліся ад іх пакаяннем і слязьмі. А хто ўбачыў свае грахі, той, па словах святога Ісаака Сірына, больш шчаслівы, чым той, хто ўбачыў ангела. «Блажэнныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць,» – гаворыць Хрыстос.

Калі згаданыя евангельскія сляпыя былі сляпымі цялесна, то мы, маючы разумныя вочы цела, хварэем на невідушчасць сардэчных вачэй. Мітусня і клопаты жыццёвыя, а таксама смутак свету гэтага і ўсе грахоўныя жаданні і пачуцці азмрочылі наша сэрца, і мы пакутуем ад унутранай слепаты і духоўнай нематы. І таму яшчэ больш павінны звяртацца да Крыніцы нашага жыцця – Госпада Іісуса Хрыста, адзінага і хуткага Лекара душ і целаў нашых.

Ацаліць нас, нашу сляпую і нямую душу, вярнуць чалавеку зрок, вярнуць яму святло можа толькі Хрыстос – Святло Сапраўднае, гэтак жа як і насыціць і наталіць бессмяротную душу можа толькі Бог – не ідэя Бога, а Бог жывы, Сапраўдны. Бога недастаткова мець у розуме, у мысленні, трэба даць Яму месца ў нашым сэрцы, у нашай волі, у жыцці паўсядзённым. Вось, гэта шлях да прасвятлення, шлях да святла і набыцця сэнсу для тых, хто згубіў сапраўдную вартасць жыцця, у каго змрок на душы.

«Так, Госпадзі, верым,» – адказалі сляпыя. Веру і намаганні прыклалі тыя, якія прывялі да Хрыста нямога апантанага. І нам трэба прыкласці веру і пэўныя намаганні.

Вера – гэта дар Божы, які чалавек або культывуе і развівае, або губляе. Задатак веры мы атрымліваем у час святога хрышчэння. Мы павінны яго множыць, а гэта патрабуе вялікай працы, часта самаахвярнасці. Паўната веры – не тэорыя, а жыццё, згоднае з праўдай Божай.

«Будзь заўсёды заняты Богам, бо Бог усяму навучыць цябе і адчыніць Святым Духам высокае – нябеснае, і ніжняе – зямное», – гаворыць прападобны старац Паісій Велічкоўскі. «Заўсёды рабі так, каб у кожным тваім учынку неба з зямлёй спалучалася,» – гаворыць У. Салаўёў. Так паступаючы, мы знаходзім Хрыста, а «знаходзячы Хрыста, мы знаходзім сябе,» – гаворыць Ф. М. Дастаеўскі.

Без веры ў Хрыста і без нязменнай, узмоцненай працы над сваім сэрцам немагчыма чалавеку пачаць бачыць. Без гэтага ў пошуках мэты і сэнсу жыцця заўсёды ён будзе блукаць у прыцемках думак, пустых забаў і мітусні.

Справа нашага збаўлення адбываецца пры таямнічай сустрэчы благадаці Божай і нашай уласнай волі, якая імкнецца да Госпада.

На тое і дадзена нам свабодная воля, каб мы ўсімі сіламі шукалі Госпада, а, знайшоўшы, – ішлі ўслед за Ім.

Калі Гасподзь гаворыць Сваім вучням пра «закваску фарысейскую» (Мф.16:6), Ён, вядома, мае на ўвазе рэальную для іх небяспеку заразіцца самім і заразіць іншых крывадушнай набожнасцю, якая асабліва страшная таму, што падмяняе сапраўдную працу душы – пакаянне – сімуляцыяй такой працы, своеасаблівай духоўнай паказухай.

І нам з вамі заўсёды хочацца стаць сведкамі нейкай незвычайнай падзеі, цуда. Хочацца нам, каму таемна, несвядома, а каму і відавочна, каб заміраточылі раптам іконы, каб ацаліліся ад цяжкіх хваробаў сваякі і знаёмыя, каб Сіла Божая яўным чынам праявілася абавязкова на нашых вачах, пры нашым экспертным удзеле.

Марым мы, каб раз і назаўсёды, у выніку цудоўнай падзеі, зрабіліся мы праведнікамі, без спецыяльных намаганняў, без празмерных высілкаў.

А Гасподзь наш на ўсе нашыя шуканні цуду і мудрасці адказвае нам у пасланні апостала Паўла да Рымлянаў, якое чыталася сёння за Літургіяй: «Мы, дужэйшыя, павінны цярпліва зносіць недахопы слабых, а не сабе дагаджаць» (Рым.15:1).

«Зносіць недахопы слабых» – гэта значыць успрымаць паклёп у адказ на дабро без жалобы і засмучэння. Гэта значыць прымаць кпіны і зло без крыўды. Гэта значыць, у канчатковым выніку, адказваць на зло – дабром. Бо апостал Павел у сваім пасланні да Рымлянаў нямоглымі і слабымі заве не проста грэшнікаў, не! Нямоглыя і слабыя – гэта ворагі Хрыста, людзі, не здольныя прыняць пропаведзь аб Распятым Збавіцелі свету

Мы акружаны такімі людзьмі. Мы і самі часам такія. І вось сапраўдны цуд, ды і сапраўдная мудрасць: жыць у гэтым свеце і заставацца хрысціянамі. Жыць сярод грахоў і не злавацца, не асуджаць, не праклінаць бязбожнікаў, але памятаць усякі раз, калі лёс сутыкае са злосцю, грахом, непаразуменням і кпінамі, як наш Бог маліўся на Крыжы: «Ойча! Прабач ім, бо не ведаюць, што робяць». Вось цуд! Вось мудрасць!

Не бянтэжцеся, калі прыйдзецца зазнаць мноства няўдачаў на гэтым шляху, калі ў жалобе душэўнай скажаце: «Беды мне ад разбойнікаў і ад сваякоў, беды і ад чужых і ад сваіх». Гэтыя беды – барацьба дабра са злом; у самой магчымасці барацьбы ўжо ёсць радасць і прадчуванне перамогі.

Вялікае спадзяванне хрысціянскае, вышэйшая за ўсякае чалавечае разуменне ўзнагарода Нябесная, якая чакае нас. Памятаючы пра гэта, будзем жа праходзіць зямное жыццё ў нястомным служэнні Богу, узрастаючы ў дабрыні і пазнанні Госпада і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста (2 Пятр. 3: 18). Амінь.


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)