НАСЫЧЭННЕ ПЯЦЦЮ ХЛЯБАМІ ПЯЦІ ТЫСЯЧ ЧАЛАВЕК У ПУСТЫНІ

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Цудоўнае насычэнне пяццю хлябамі пяці тысячЦудоўнае насычэнне пяццю хлябамі пяці тысячЦуд памнажэння хлябоў, аб якім мы сёння чулі ў евангельскім чытанні (Мк. 6:34-44), вучыць нас некалькім рэчам. Перш за ўсё таму, што Гасподзь можа насыціць нас, нават калі ў нас нічога – або амаль нічога – няма. Наша жыццё і смерць у руках Божых, і нашая ежа – тое, што мы завем хлебам надзённым – таксама ў Яго руках. Яно вучыць нас той ісціне, што Гасподзь Іісус Хрыстос ёсць Творца ўсяго, Які даў нам жыццё і падтрымлівае яго. Лекар душы і цела, Ён стварыў і стварае ў дастатковай колькасці ўсякія плады зямныя для спажывання ў ежу і для асалоды.

Гасподзь заўсёды гатовы наталіць наш голад, у Яго заўсёды дастаткова шчодрасці, каб кожны быў насычаны. Узнагароджваючы народ, ахоплены прагай слухаць Яго слова, Гасподзь цудоўным чынам памножыў прапанаваную ежу, так што «елі ўсе і насыціліся; і назбіралі кавалкаў хлеба дванаццаць поўных кашоў і рэшты ад рыбы, а было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч чалавек, акрамя жанчын і дзяцей». Так было выканана абяцанне Збавіцеля, сказанае Ім у Нагорнай пропаведзі: «Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё (гэта значыць, што есць і піць і ў што апранацца) дадасца вам» (Мф.6: 33). Выконваецца яно і над кожным веруючым, які ўзлюбіў Царства Божае і прысвяціў усё жыццё яго набыццю.

Вельмі часта чалавек збіраецца ў храм, але не ідзе таму, што баіцца не паспець зрабіць важныя справы. Евангелле ўпэўнівае нас, што, калі чалавек ідзе за Госпадам, пакідаючы ўсё, Гасподзь не пакіне яго, і ўсе яго справы ўладкуюцца, часам нават цудоўным чынам. Такі давер да Бога ніколі не будзе зняважаны... Так было, калі Гасподзь накарміў у пустыні пяць тысяч чалавек, так здараецца і ў нашым жыцці, калі мы выбіраем не дробныя жыццёвыя справы і клопаты, якія здаюцца нам важнымі, а служэнне Богу.

Гэта справядліва ў дачыненні ежы не толькі для цела, але і для душы. Чалавеку недастаткова аднаго матэрыяльнага дабрабыту, каб быць шчаслівым, каб душа яго была напоўнена; яму неабходны Сам Бог. І Гасподзь стварыў чалавека такім, што душа яго заўсёды імкнецца да Яго. Толькі Бог можа душу людскую напоўніць і насыціць Сабой. І да даго часу, пакуль Гасподзь не прыйшоў да нас, не ўсяліўся ў нас, мы жадаем і прагнем Яго прысутнасці ў нашым жыцці. Але калі Ён прыходзіць, мы адчуваем паўнату жыцця – тое, пра што Хрыстос сказаў: «Я прыйшоў для таго, каб жыццё мелі, і ўдосталь мелі» (Ін.10:10). Сапраўднае жыццё магчыма толькі ў Хрысце і праз Хрыста.

Хлеб, якім насычае нас Гасподзь, – гэта не толькі хлеб зямны, які дае жыццё нашаму зямному целу, але гэта і Хлеб, Які сыходзіць з нябёсаў, гэта значыць – Сам Гасподзь, да Якога мы далучаемся ў таінстве Еўхарыстыі падчас Літургіі.

Тут мы бачым правобраз Еўхарыстыі – Таінства Цела і Крыві Хрыстовых. Еўхарыстыя – гэта той самы цуд памнажэння хлябоў, які адбываецца ўсякі раз, калі мы збіраемся ў храме Божым на Літургію, усякі раз, калі мы прычашчаемся Святых Дароў. У Прычасці Сам Гасподзь уваходзіць у нас, Ён становіцца адзіным целам і адзінай крывёй з намі, Яго Цела становіцца нашым целам, Яго Кроў – нашай крывёй. А таму ўсе мы павінны як мага часцей у сваім жыцці прыступаць да прычашчэння Святых Хрыстовых Тайнаў.

Нездарма літургічны сход верных, які мы з вамі зараз і ўтвараем, завецца Пірам Божым. Невыпадкова і слова «абедня» азначае не проста спажыванне зямной ежы, а далучэнне да Хлеба жыцця, які сыходзіць з нябёсаў (Ін.6:48, 50), гэта значыць служэнне Еўхарыстыі, якое нельга здзейсніць аднаму, а толькі разам з братамі ў Хрысце, толькі саборным чынам.

Гэты святочны Пір Божы павінен аб’ядноўваць людзей, служыць таму, пра што пісаў у сваім пасланні ў Карынф, якое мы толькі што чыталі, апостал Павел: ”Браты, у імя Госпада нашага Іісуса Хрыста малю вас, каб усе вы гаварылі адно і каб не было сярод вас падзелаў, каб вы былі дасканалымі, аднаго духа і аднае думкі” (1Кар.1:10).

Вядомая справа, што і цяпер некаторыя людзі з адпаведным сумленнем, з непамернай дбайнасцю за веравучэнне і за абрад лічаць сябе асобымі пасланнікамі – сапраўднымі вучнямі Хрыстовымі, вылучаюцца з натоўпу і з гонарам і пагардай ставяцца да іншых. Гасподзь Уладыка адзін – адзінымі павінны быць і тыя, хто верыць у Яго, і Яму аднаму трэба і служыць; не трэба абіраць сабе каго-небудзь з людзей у якасці правадыра, прыніжаючы Хрыста; не карысна прывязвацца да чалавека ў такой ступені, каб забываць пра Бога.

Хрыстос аднойчы і назаўсёды ў цяжкую хвіліну растання з вучнямі, настаўляючы іх быць адзінадумнымі з Ім, вучыў, што, пакуль яны будуць захоўваць з Ім адзінае цэлае, да тых часоў у грамадстве хрысціян будзе жыццё і сіла.

Вялікая і свяшчэнная запаведзь пра ўзаемны мір і адзінадушша ў хрысціянскім грамадстве… Як здабыць такі духоўны стан? Галоўная крыніца ўсіх нязгодаў і разыходжанняў – самалюбства і гардыня… Лічы сябе самым горшым з усіх перад Богам, самым грэшным з людзей, і ўбачыш, ці будзе тады месца сваркам.

Рыхтуючыся да прычашчэння, мы павінны “выпрабоўваць сябе”, каб Прычасце не было для нас “у суд або ў асуджэнне”, каб не атрымалася, як кажа апостал Павел, што мы целы нашы, якія “ёсць члены Хрыстовы”, адымаем у Хрыста, “каб зрабіць іх членамі распусніцы” (1Кар.6:15). А гэта адбываецца, калі чалавек, які прычашчаецца Святых Хрыстовых Тайнаў, вядзе жыццё не еван-гельскае, жыве не ў адпаведнасці з запаведзямі Божымі. Калі мы прычашчаемся, мы прымаем ў сябе не толькі Хрыста пад відам хлеба і віна, а ўвесь евангельскі закон, усе маральныя, духоўныя і іншыя нормы, якія ўтрымліваюцца ў Евангеллі.

Няхай кожны з нас будзе ўважлівы да сябе, каб паўстаць перад страшным судом уласнага сумлення яшчэ да таго, як наступіць апошні Страшны Суд. Няхай кожны нядзельны і святочны дзень дасць нам магчымасць праверыць сваё жыццё на адпаведнасць евангельскаму ідэалу, ачысціцца ад грахоў у таінстве споведзі, у пакаяннай малітве і ўдзячнасці Богу за тое, што Ён дапускае нас да ўдзелу ў гэтым таінстве. Няхай прычашчэнне Святых Хрыстовых Тайнаў дапаможа нам, аднавіўшыся духоўна і цялесна, аб’яднацца з Богам, таму што толькі жыццё з Богам можа нас насыціць і наталіць. Няма іншага хлеба і іншай рыбы, якія б маглі насыціць нас, акрамя Самога Хрыста. І да тых часоў, пакуль мы не далучыліся да Яго, душа наша працягвае жадаць і прагнуць Бога. Але пасля прыняцця Святых Хрыстовых Тайнаў душа набывае тую блажэнную цішыню, той унутраны спакой, які ёсць Царства Нябеснае. І ўваходзім мы ў гэта Царства перш за ўсё праз Прычашчэнне Цела і Крыві Збавіцеля. Будзем як мага часцей прымаць Святое Прычасце з думкай і малітвай пра тое, каб Хрыстос дапамагаў нам жыць у адпаведнасці з Евангеллем і дасягнуць таго духоўнага стану, пра які апостал Павел гаварыў: “Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос”(Гал. 2:20).

У евангельскім апавяданні пра цудоўнае насычэнне Хрыстом многіх тысяч даецца нам вобраз Царквы. Тут глава Царквы – Хрыстос, Яе Стваральнік, тут і апосталы – Хрыстом прызначаныя пастыры, тут і народ. І дарэчы прыгадаць словы Евангелля: сказаўшы Апосталам: “Вы дайце ім есці”, – “Іісус, узяўшы хлябы … раздаў вучням, а вучні – усім астатнім”, і успомніць словы Хрыста, сказаныя Ім на тайнай Вячэры: “Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне”. У абодвух выпадках Хрыстос быццам падкрэслівае, што ствараемая Ім Царква з’яўляецца і павінна быць Апостальскай. Пачынаючы з дня Святой Троіцы, з дня Сашэсця Святога Духа, Апосталы і ўся Хрыстова Апостальская Царква выконваюць загаданае Збавіцелем: духоўна акармляюць увесь свет, насычаюць усіх, хто шукае Бога і праўды Яго, тымі дарамі, якія даў Хрыстос Царкве Сваёй: словам Божым, святымі Таінствамі, малітвай за ўсё чалавецтва. Да гэтай Апостальскай Царквы належым і мы з вамі, як жывыя клеткі Хрыстова Цела. Няхай кожнаму з нас дапаможа Хрыстос не толькі фізічна належаць Яго Целу – Яго Царкве, але і душою жыць у Ёй. Амінь.


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)