ПРОПАВЕДЗЬ НА НАРАДЖЭННЕ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Нараджэнне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і заўжды Дзевы Марыі святкуецца Царквой як дзень сусветнай радасці. У гэты светлы дзень, на мяжы Старога і Новага запаветаў, нарадзілася Найблагаславеннейшая Дзева Марыя, Якой ад веку Промыслам Божым наканавана было паслужыць таямніцы ўцялеснення Бога Слова: стаць Маці Збавіцеля свету – Госпада нашага Іісуса Хрыста.

Нараджэнне Дзевы Марыі – гэта дзень, які прадвясціў чалавецтву набліжэнне доўгачаканага Святла, якое павінна вывесці людзей з-пад улады цемры. Святлом ціхім называем мы Сына Божага, Месію. Сонцам праўды, якое спусцілася з нябёсаў, каб асвятліць і асвяціць увесь сусвет і чалавека, называем мы Хрыста. І вось Нараджэнне Прасвятой Дзевы Марыі і з'явілася першай зорачкай, што абвясціла аб спасланні на зямлю Сонца праўды і Святла розуму. Па тлумачэнні святых айцоў, у Нараджэнні Прасвятой Багародзіцы адкрываецца прад намі першая ступень набліжэння Бога да дабрадатнага яднання з чалавецтвам у асобе Прачыстай Дзевы.

Нараджэнне Божай Маці адзначыла наступ часу, калі пачалі выконвацца вялікія і суцяшальныя абяцанні Божыі аб выратаванні роду чалавечага ад рабства дыявала. Гэтая падзея наблізіла да зямлі Царства Божае – Царства ісціны, набожнасці, дабрачыннасці і несмяротнага жыцця. Успрыманне Богам чалавечай прыроды ад заганнага чалавецтва – гэта справа больш дзівосная, чым стварэнне новага чалавека сілаю ўсемагутнасці Божай. З нараджэння Прасвятой Багародзіцы пачынаецца пераадоленне таго падзелу, які існаваў паміж Богам і чалавекам з моманту грэхападзення.

Яна нарадзілася ад Бога. Яна нарадзілася як апошняе, заключнае звяно доўгага ланцужка людзей, якія на працягу ўсёй чалавечай гісторыі змагаліся за чысціню, змагаліся за веру і вернасць, змагаліся за цэласнаць і паўнату, змагаліся за тое, каб на першым месцы ў іх жыцці быў Бог. І паступова, са стагоддзя ў стагоддзе, яны падрыхтавалі Спадкаемніцу свайго роду – Чыстую і Беззаганную Дзеву, Якая ў Сваёй асобе явіла чалавецтву ўзор чысціні, любові, веры, змірэння, Якая змясціла ў Сабе, стаўшы Жывым храмам Божым, Таго, Каго не можа ўмясціць у сабе і ўвесь Сусвет. У асобе Дзевы Марыі чалавецтва збудавала Лесвіцу, якая сваёй чысцінёй, верай і любоўю паднялася ад зямлі да неба, і па гэтай Лесвіцы сышоў да нас на зямлю Сын Божы, Гасподзь наш Іісус Хрыстос.

Сам Бог заручаецца з чалавецтвам у асобе найлепшага прадстаўніка Яго – Прачыстай Дзевы Марыі, а праз Яе, праз Яе веру і паслухмянасць, дае нам Сына Свайго Адзінароднага.

У Нараджэнні Божай Маці – радасная таямніца чалавечага нараджэння. Яно – вынік чалавечага кахання і любові Бога да чалавека. З самага нараджэння Свайго Прасвятая Дзева валодае благадаццю, якая адкрывае таямніцу супрацоўніцтва чалавека з Богам і без якой Божы план выратавання чалавецтва не можа быць ажыццёўлены. Сёння мы святкуем Яе нараджэнне, з'яўленне на свет Той, Якая адна толькі ва ўсім свеце змагла аб’яднаць у Сабе два вялікіх, ні для каго больш не сумяшчальных служэння – Божае і Чалавечае; як і Сам Гасподзь Іісус Хрыстос, народжаны Ёю, Адзін толькі ва ўсім свеце быў Богам і Чалавекам, паяднаўшы ў Сваёй Асобе дзве, здавалася б, несумяшчальныя прыроды – Божую і Чалавечую.

Радуючыся з той нагоды, што сёння пакладзены пачатак нашага выратавання, павінны мы паклапаціцца, каб пачатак гэты быў пачаткам добрым і для нас, каб сусветная радасць зрабілася і нашай, каб зрабіліся далучанымі да збаўлення і нашы няплодныя для дабра душы.

Услаўляючы Нараджэнне Прачыстай Багародзіцы, якое паклала канец няплодству яе бацькоў, мы павінны імкнуцца да вызвалення ад няплодства душ нашых, каб нам не вуснамі толькі ўсхваляць урачыстасць Нараджэння Божай Маці, але і на самой справе імкнуцца прыносіць плён святасці і жыцця вечнага. Мы павінны маліць Дзеву Марыю, каб дапамагла Яна нам пазбавіцца ад духоўнай няплоднасці, і як Сама Яна заўсёды захоўвала словы жыцця ў сэрцы Сваім, так каб насадзіла Яна ў нашым сэрцы насенне слова Божага, якое, узрастаючы, давала б багаты ўраджай і пазбавіла б нас ад голаду і смагі духоўнай. Амінь.