Нядзеля перад Ражджаством Хрыстовым (Нядзеля Святых Айцоў)

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Святыя айцы Аўраам, Ісаак і Іакаў у раю (Лона Аўраамава)Святыя айцы Аўраам, Ісаак і Іакаў у раю (Лона Аўраамава)У гэтую апошнюю нядзелю перад святам Нараджэння Хрыстова Святая Царква нагадала нам пра Святых Айцоў. Зусім нядаўна, літаральна тыдзень назад, мы з вамі ўспаміналі Святых Праайцоў. І тады мы казалі, што Праайцамі з’яўляюцца тыя старазапаветныя праведнікі, якія жылі вераю ў абяцанага Месію.

Святымі Айцамі былі таксама ветхазаветныя праведнікі, але толькі тыя, якія ўваходзілі ў радавод Хрыста Збавіцеля.

Мноства людзей жыло верай у чаканні таго, што было адкрыта нашым Праайцам. Дзень Нараджэння Хрыста быў самым чаканым і жаданым днём. Але не хутка пасля стварэння свету наступіў гэты дзень. Трэба было людзям яшчэ шмат папрацаваць, трэба было, каб грэх, як цяжкая язва, увесь праступіў для канчатковага, дасканалага ацалення хваробы. Таму што выратаваць можна толькі таго, хто ўсёй сваёй душой жадае збаўлення, таго, хто цвёрда засвоіў, што ён – гіне і самому сябе яму не выратаваць, хто зразумеў, што мае патрэбу ў выратаванні.

Не было таксама сярод людзей такой чыстай і святой асобы, ад якой мог бы нарадзіцца Збавіцель свету.

Праведным людзям (а іх было няшмат) прыходзілася захоўваць дадзеныя абяцанні з рашучасцю, з барацьбою са спакусамі свету і пераносіць іх з высокай самаахвярнасцю. Такіх вялікіх і рэдкіх дабрадзейнасцяў у старазапаветных праведнікаў не было б, калі б яны не былі цвёрда ўпэўненыя ў абавязковым прышэсці Збавіцеля і ў сваім уласным выратаванні. Інакш для чаго, напрыклад, ахвяраваць сабою, цярпець гора, галечу, кайданы, страчваць бацькаўшчыну, ісці некуды ў невядомую краіну? Пра такую вось самаахвярнасць, пра такую вось выдатную веру для нашага навучання і прапаноўваецца нам Святою Царквой сёння, у Нядзелю перад Нараджэннем Хрыстовым, адпаведнае апостальскае чытанне.

У Пасланні да Яўрэяў, якое мы з вамі чулі сёння за Літургіяй перад чытаннем Евангелля, апостал Павел піша пра людзей, якія з надзеяй і спадзяваннем чакалі свайго Бога. Святы апостал Павел гаворыць нам пра веру Аўраама, Ісаака, Іакава і іншых старазапаветных праведнікаў.

І не выпадкова мы сёння з вамі, калі чыталася Евангелле, чулі імёны многіх і многіх людзей, якія ўвайшлі ў радавод Госпада і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста. Апостал Матфей – а менавіта яго Евангелле на Літургіі было сёння прапанавана нашай увазе – нагадаў нам аб гэтых старазапаветных людзях. І мы з вамі з гэтага апавядання ведаем, што радавод Богачалавека пачынаецца ад айца веруючых – старазапаветнага патрыярха і праведніка Аўраама – і цягнецца да Самой Дзевы Марыі і праведнага Іосіфа, з якім Яна была заручана.

Праведнікі, пералічаныя ў радаводзе Збавіцеля, сваімі подзвігамі, дабрадзейным жыццём і перанясеннем цяжкіх выпрабаванняў заслужылі, каб Іісус Хрыстос прыйшоў у свет менавіта з іх народа. Нягледзячы на тое, што ў кожным з іх, як і ў любым чалавеку, як і ў нас, жыў і дзейнічаў грэх, у той жа час яны жылі чаканнем прышэсця Месіі, і гэта галоўная ідэя іх жыцця была для іх пуцяводнай зоркай. Яны, як мы бачылі, нягледзячы на цяжкія жыццёвыя абставіны, не палі духам, а мужна пераносілі выпрабаванні, не вагаючыся ў веры, чакалі свайго збаўлення, магчыма, у далёкай будучыні. Перш за ўсё з доўгага шэрагу пакаленняў, што папярэднічалі Хрысту, мы ясна бачым, якім доўгім шляхам вярталася чалавецтва пасля свайго грэхападзення да Бога, якой цяжкай была гэта дарога, колькі сапраўды вартых і праведных людзей чакалі, але так і не дачакаліся за ўсё сваё доўгае жыццё радаснай хвіліны здзяйснення іх спадзяванняў.

Ад іх патрабаваліся ахвяры, нялёгкія для сэрца; але яны верылі ва Усемагутнага і Міласцівага Бога. Такая вера, натуральна, грунтуецца на пачуццях глыбокай павагі, пашаны і любові да Найвышэйшай Істоты, засвойваецца імі і праяўляецца ў рашучасці служыць Ёй.

Лепшыя людзі Старога Запавету сваім подзвігам збудавалі для Збавіцеля храм, варты Яго. Гэтым домам Усявышняга з'явіўся сапраўдны вянец тварэння – непараўнальная ў прыгажосці і чысціні душы Сваёй, «пачэснейшая за херувімаў і непараўнальна слаўнейшая за серафімаў» Боганявеста і Багародзіца, заўжды Дзева Марыя.

У Найблагаславеннейшай Дзеве Марыі ўвасоблена вяршыня чалавечай дасканаласці, якая пераўзышла веліч нябесных ангелаў. Маці Божая нібы створана з пакоры і дабрыні, міласэрнасці і любові. Яна ўся – святло, якое імкнецца насустрач Святлу Божаму. Змірэнная Боганявеста «сцерла галаву змея» (Быццё 3: 15), перамагла хітрыкі вераломнага дыявала, які марыў паздзеквацца са стварэння Божага. Нават калі б толькі адной Ёю скончылася стварэнне свету – і ў гэтым выпадку свет быў бы створаны і існаваў не дарэмна. Так зямны зварот да Нябёсаў, лесвіца чалавечай праведнасці прывяла да Прастола Усявышняга. Некалі, у старажытнасці, Ева, паддаўшыся сатанінскай спакусе, нарадзіла грэх і смерць. Прасвятая Дзева, падпарадкоўваючыся волі Божай, нарадзіла для ўсіх нас Ісціну і несмяротнасць. І цяпер Царыца Нябесная, створаная, як і мы, з плоці і крыві, кліча нас да вечнага шчасця, моліць за нас Сына Свайго і Госпада.

«Ад Марыі нарадзіўся Іісус, Якога называюць Хрыстос» (Мф. 1: 16) – вось самая радасная вестка, якая гучыць для нас услед за святым радаводам Сына Божага. Заззяла зорка Віфліемская! З'явіўся Збавіцель свету! Пачалося вызваленне чалавецтва ад улады сатаны!

Ва ўсе часы і ва ўсіх народаў была толькі адна магчымасць далучыцца да Бога – праз веру. Не праз давер да таго факта, што Бог ёсць, а праз жывую сувязь з Богам. Таму, калі человек не ідзе насустрач Богу, не збіраецца ніяк прыслухоўвацца да таго, што Гасподзь гаворыць, – гэта значыць, што ў яго няма веры. А чым больш чалавек верыць, чым больш ён бачыць Бога, чым больш ён бачыць, як Гасподзь дзейнічае ў яго жыцці, тым больш у чалавеку расце і подзвіг яго.

Часта, вельмі часта з прычыны сваёй малой веры мы ўсе спадзяванні ўскладаем на людзей вядомых, “моцных свету гэтага”, быццам бы забываючы пра першую і галоўную крыніцу ўсякага дабра – пра Бога.

Святая Царква наша пераканаўча заклікае нас захоўваць сваю веру праваслаўную выдатнымі прыкладамі веры ў старазапаветных людзях.

«Майце ж, браты, цвёрдую веру ў Адзінага Вялікага Бога» (Мк. 11:23). Ускладзіце на Госпада турботы і клопаты вашы. Ён нас не пакіне, Ён памілуе нас у нашых грахах і выратуе, таму што Ён адзін толькі Добры і Чалавекалюбны.

Вера з’яўляецца выратавальным каўчэгам, дзе стырнікам Сам Господь, Які вядзе нас да праведнасці. І знікне страх, з якім мы ўглядаемся ў заўтрашні дзень, бо што такое ён, гэты заўтрашні дзень, калі таму, хто верыць у Бога і жыве ў Богу, абяцана вечнасць.

Як жа набыць такую веру? Толькі выкананнем запаведзяў. Толькі такім чынам: трэба ўчытвацца ў Святое Пісанне і пазнаваць запаведзі Божыя, і імкнуцца гэтыя запаведзі выконваць. І тады Гасподзь будзе да нас набліжацца. Вось тады нашае жыццё прынясе плён, у адваротным выпадку яно, уласна кажучы, не мае ніякага сэнсу.

На жаль, вельмі многія, узіраючыся на наша з вамі хрысціянскае жыццё, здзіўляюцца, як мы можам называць сябе веруючымі людзьмі, называць сябе хрысціянамі. Здзіўляюцца таму, што наша з вамі жыццё далёкае ад тых ідэалаў, далёкае ад усяго таго, да чаго заклікае нас Гасподзь і Збавіцель Іісус Хрыстос.

Святая Царква нагадвае нам сёння аб людзях, якія ўвайшлі ў радавод Хрыста Збавіцеля, таму ўсе мы з вамі не чужыя для нашага Збавіцеля. Усе мы без выключэння – Яго дзеці, Яго родныя браты і сёстры. Адзін з вялікіх айцоў нашай Святой Праваслаўнай Царквы прападобны Серафім Сароўскі гаворыць, што калі чалавек прычашчаецца Святых Хрыстовых Тайнаў, то ён становіцца далучаным да нашага Госпада, ён сапраўды ўваходзіць у радавод нашага Госпада і Збавіцеля Іісуса Хрыста.

Задача ўсяго нашага жыцця – стаць народам Божым, стаць тым абраным Богам чалавецтвам, праз якое кожны змог бы ўвайсці ў дачыненні з Богам. Гэта гледзячы на нас, свет павінен быў убачыць твар Хрыста. Таксама як у Старажытным Ізраілі павінна было ўзнікнуць цела Богачалавека, так і ў Новым Ізраілі – Царкве – містычна збудоўваецца цела Хрыстова. Для таго і абраў нас Гасподзь, каб мы сталі Яго народам.

Нам неабходна шкадаваць, што ёсць людзі, якія маглі б быць членамі Святой Царквы, але знаходзяцца ў цемры, за іх нам трэба маліцца. А цярпенне нам намнога лепш мець, чым у Старым Запавеце, толькі мы не ідзем гэтым шляхам. У нас ёсць яшчэ вера і нават жаданне яе вызнаваць, але цярпення ў нас няма. Вось старазапаветныя праведнікі і паказваюць нам узор цярпення. Калі ў надыходзячым свяце многія з нас бачаць толькі радасць, то прыгадайце старазапаветных айцоў, якія шлі подзвігам цярпення і на гэтым шляху набылі веру і духоўную вопытнасць.

Набліжаецца светлае свята Нараджэння Хрыстова. Няўжо да сустрэчы Богадзіцяці не здолеем мы прыгатаваць свае душы, і яны застануцца падобнымі да пячораў – цёмнымі, бруднымі, халоднымі? Не дай Бог, каб здарылася тое з намі! Хай кожны вымяце прэч з душы сваёй калючае смецце граху, запаліць свечку веры і лампаду надзеі, сагрэе свой унутраны свет святою любоўю – і ўпрыгожыцца храм душы хрысціянскай, у якім павінен нарадзіцца Сын Божы, Гасподзь і Збавіцель наш!

І тады ўзрадуемся мы тою радасцю, да якой рыхтавалі нас святыя праайцы і якую прадказвалі прарокі, – радасцю любімых дзяцей Нябеснага Айца, бо «высокі Бог на зямлі з’явіўся, каб нас заклікаць да вышыні. Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык

Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)