У каложскім прыходзе арганізавалі жывы куток

Жывы куток "Ноеў каўчэг"Жывы куток "Ноеў каўчэг"Паслухаць цікавосткі пра братоў нашых меншых, зрабіць экалагічную торбу і атрымаць карысныя экапарады наконт святкавання Божага нараджэння змаглі вернікі Каложскага прыходу ў нядзелю 6 снежня.

Сябра арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Руслан Шайкін правёў экскурсію для дзетак па жывым кутку. Старэйшыя дзеці з цікавасцю слухалі навуковыя факты пра насельнікаў кутка: дзікага трусіка, джунгарскіх хамякоў, рыбак гупі і чырвонавухіх чарапах. Найбольшую цікавасць у малодшых выклікалі гарэзлівыя хамячкі і трусік, якога дзеці маглі пагладзіць і патрымаць на руках.

Па словах настаяцеля Каложскай царквы Аляксандра Балоннікава, куток стварылі, каб навучыць маленькіх прыхаджан клапаціцца пра жывёл.

- Усё жывое на зямлі – гэта справа рук Божых, і калі Царква служыць Богу, то яна павінна клапаціцца пра кожнае стварэнне. У першую чаргу яе намаганні скіраваныя на вяршыню стварэння – чалавека. Але нягледзячы на сваю перавагу, людзі, рыхтуючыся да святаў, у пагоні за зніжкамі становяцца часам горшымі за жывёл. Чалавек павінен умець кіраваць сабой, павінен не толькі браць, але і аддаваць. Праз любоў да братоў нашых малодшых і клопаты пра іх мы вучымся кіраваць сабой.

Пасля экскурсіі дзеці разам з дарослымі ўдзельнічалі ў майстар-класе па вырабе экалагічных торбаў. Меншыя выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання трафарэты, старэйшыя спрабавалі дадаць уласны ўзор.

Пра тое, як святкаваць Божае нараджэнне, не нашкодзіўшы навакольнаму асяроддзю, распавялі прыхаджанам менеджар Рэспубліканскага сацыяльна-экалагічнага грамадскага аб’яднання “Жывое партнёрства” Ларыса Якавюк і спецыяліст па кірунку “Царква  і ахова навакольнага асяроддзя” Цэнтра экалагічных рашэнняў Сяргей Юшкевіч. Спецыялісты параілі набываць толькі патрэбныя, лепш за ўсё максімальна экалагічныя, рэчы для святкавання. Таксама звярнулі ўвагу вернікаў, што лепшымі падарункамі з’яўляюцца нематэрыяльныя або створаныя ўласнаручна рэчы. Тое, што больш экалагічна набыць жывую елачку на рынку, чым штучную з пластыку, стала адкрыццём для прысутных.

Жывы куток і іншыя мерапрыемствы арганізаваныя ў рамках удзелу Каложскага прыходу ў праекце экалагічнага менеджменту ў царкоўных арганізацыях.