Нядзеля Крыжапаклонная

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Пакланенне КрыжуПакланенне КрыжуУ сярэдзіне Посту  Царква ставіць нас  перад Крыжам Хрыстовым.

Крыж  кажа нам пра бязмерную, дзівосную любоў Бога. Яго Крыж – гэта Яго любоў, гатовая ўсім ахвяраваць дзеля нас.

Пакланяючыся Крыжу Гасподняму, мы з новай сілай можам зразумець, што азначае служэнне Госпада нашага  Іісуса Хрыста.

Хрыстос сышоў з нябёсаў, стаўшы  адным з нас, і паказаў нам Сваю збавіцельную любоў. Любоў такую ўсеабдымную, такую дасканалую, што Хрыстос можа забыцца пра Сябе наогул, забыцца бязмежна; забыць пра Сябе да такой ступені і атаясамліваць Сябе з намі так, што Ён згаджаецца ў Сваім чалавецтве, страціць пачуццё Свайго адзінства з Богам – з Крыніцай вечнага жыцця, больш за тое – з вечным жыццём у Сабе Самім, і далучыцца да нашай смяротнасці.

Ахвяра Хрыста заключалася ў тым, што Сын Божы не быў падуладны смерці, у Ім не было нічога, што б асуджала Яго на тую смерць, якую Ён узяў на Сябе. Вечнасць, Якая згаджаецца памерці смерцю гэтага свету. Той, Хто ёсць само Жыццё, у любві і спачуванні да нас паглынаецца смерцю, якой Ён не стварыў, але якая завалодала светам, атруціла жыццё. Смерць паглынае жыццё, але ў смерці Хрыста яна сама аказваецца паглынутай Жыццём ...

Свет напоўнены вар'яцтвам, і мы разам з ім. Мы хочам жыць для сябе і дзеля сябе. Мы будуем наша жыццё, зыходзячы з нашага “я”, засяроджанага на сабе, у той час як, жывучы так, мы губляем яго.

Выратаваць сваю душу чалавек можа толькі праз выкананне запаведзяў Хрыстовых, якія ёсць – любоў да Бога і бліжняга. Прычым не проста любоў, а любоў ахвярная. Хрысціянства – гэта самаахвярнасць! Калі гаварыць аб выратаванні душы, то душу сваю можна выратаваць, толькі ахвяраваўшы яе Богу і таму, хто побач з намі. Адмовіцца ад свайго эгаізму, адмовіцца ад патакання сабе, перастаць клапаціцца пра сябе і любіць “сябе любімага”.

Адмовіцца ад сябе, значыць, пакінуць усё, што раздзяляе мяне з Богам, гэта значыць, што ўласна маё і адносіцца толькі да майго “прыватнага” жыцця. Гэта – мая самасць, зацыкленасць на сабе, якая перашкаджае ўз'яднанню з Богам.

Адмовіцца ад сябе, значыць, зразумець, што не ўсё, што ўва мне, – гэта я, што ў мяне няма выбару: прысвяціць жыццё таму, каб ува мне перамог, заззяў, адлюстраваўся Хрыстос, ці застацца тым, кім я з’яўляюся зараз. Або адмовіцца ад сябе такога, які я ёсць: заганнага, самалюбнага, палкага – або адмовіцца ад Хрыста.

Сіла Крыжа дае нам мужнасць супрацьстаяць распаду жыцця, які вакол нас, здзейсніць подзвіг нашага існавання. Не трэба нікуды ні ехаць, ні бегчы, ні ў манастыры і пустыні ўцякаць. Адзінае, што трэба, – прыняць абставіны свайго жыцця і весці сябе, як хрысціяне. “Узлюбі Бога свайго больш за ўсё на свеце (і больш за сябе, у тым ліку!) і таго, хто побач з табой, як самога сябе!”

Гэта і будзе крыжовы шлях, гэта і будзе крыжанясенне, хаджэнне з крыжам за Госпадам! І тады высветліцца, што гэта сапраўды цяжка, акажацца, што трэба не саромецца Госпада ў родзе гэтым распусным і грэшным, а трэба вызнаваць сваю веру.

Тады стане зразумела, што трэба і ад сябе адмовіцца, і сабой ахвяраваць. Спачатку ахвяраваць сваімі задавальненнямі, потым сваімі інтарэсамі, а потым, можа быць, з’явіцца неабходнасць і здароўем ахвяраваць. І, магчыма, усім сваім жыццём у рэшце рэшт!

Тады аказваецца, што менавіта крыж Гасподні і з'яўляецца тым цяжкім і адзіным сродкам для збаўлення, якое ўжо дадзена нам у пачатку нашага жыцця і які мы браць сабе не хочам. Вось тут нам Гасподзь і кажа:

“Хочаш ісці за мной, хочаш быць хрысціянінам, хочаш выратавацца – бяры крыж свой! Бяры і не саромейся. І нясі яго, каб усе бачылі, што ты хрысціянін, і каб людзі, паглядзеўшы на цябе, сказалі: “Ну, калі гэты верыць, дык Бог сапраўды ёсць!”

Зараз з'явілася вялікая колькасць людзей, якія, называючы сябе праваслаўнымі хрысціянамі, ніякай патрэбы ў адзінстве з Хрыстом нават і не адчуваюць. Ім больш важна атрымаць ацаленне ад розных хвароб, ім больш важна знайсці суцяшэнне ў розных жыццёвых выпрабаваннях, таму яны часта звяртаюцца за дапамогай толькі да тых ці іншых святых і святыняў. Нават вобраз Крыжа часам не звязваецца ў нас са Смерцю Хрыстовай: многія ўспрымаюць Крыж, хутчэй, як абярэг, як сродак, які ахоўвае чалавека ад розных цёмных сіл, ад розных негатыўных уздзеянняў, сурокаў, накідаў і падобнага.

На жаль, шмат у каго з сучасных людзей моцна развіта цалкам не правільнае ўяўленне пра хрысціянства і пра Хрыста. Многія прыходзяць у царкву і ўспамінаюць пра Бога, жадаючы, каб у іх жыцці ўсё было гладка, ціха, мірна і паспяхова. Але пры гэтым забываюць, што шлях хрысціяніна – гэта шлях крыжанясення. Гэта значыць, заўсёды – шлях выпрабаванняў, заўсёды – барацьба са шматлікімі спакусамі; барацьба і з дыявалам, які змагаецца супраць нас; барацьба і з самім сабой – з тымі заганамі, якія жывуць у нас; барацьба і з тым злом, якое акружае нас у свеце. Вядома ж, гэта барацьба здзяйсняецца не без тых шматлікіх намаганняў, якія кожны чалавек павінен прыкласці, не без велізарнага напружання фізічных і духоўных сіл. І мы нікуды не адыдзем ад гэтай барацьбы. А калі мы хочам дабрабыту і спакою, хочам ціха плыць па жыццёвай рацэ, то, значыць, мы здраджваем нашаму Богу, Які заклікае нас да працы, да барацьбы, Які кліча нас ісці за Ім.

Людзі, якія ходзяць у Царкву, напэўна, пра гэта не думаюць і часта не падазраюць, што хрысціянства – гэта не лоб перахрысціць, не свечку паставіць! Гэта дарога на пакаранне! На смерць – за Хрыста. І вучні Хрыстовы, апосталы, якія былі сведкамі сілы Божай, – усё памерлі за Хрыста пакутніцкай смерцю. І заўсёды Царква стваралася на крыві мучанікаў. Таму яе немагчыма перамагчы традыцыйным спосабам вырашэння праблем – забойствам.

Хто прыйшоў у Царкву не для таго, каб далучыўшыся да Яе, атрымаць ад Бога сваё, і не для таго, каб, атрымаўшы тое, што прасіў, пайсці адсюль, забыцца пра Бога назаўсёды і не думаць пра Яго. Тыя, хто прыйшлі ў Царкву для таго, каб убачыць Хрыста і пайсці за Хрыстом, бяруць Крыж Гасподні і цягнуць яго з апошніх сіл. На пакаранне смерцю. Яны цягнуць яго для таго, каб прыйсці туды, дзе іх заб'юць за Хрыста. Так заўсёды было ў хрысціян. І па-іншаму з хрысціянамі быць не можа, не спадзявайцеся: мы з вамі павінны несці Крыж пропаведзі Хрыстовай, якая ненавісная людзям: калі Бог ёсць, ім трэба мяняць сваё жыццё, а змяняць яго ніхто не хоча. Прасцей пабіць камянямі прапаведніка і пад грудай наваленых камянёў забыцца і пра яго памяць, і пра Бога.

Для таго, каб мы маглі адмовіцца ад сябе цалкам, нам трэба памерці, нам трэба прыняць смерць. Мы павінны праявіць гатоўнасць памерці за Госпада, памерці дзеля вечнага жыцця. Для гэтага нам, залежным ад бясконцых страхаў, трэба здзейсніць сапраўды гераічнае намаганне і не баяцца самой смерці, каб памерці разам з Ім, бо ўслед за апосталам мы ведаем, што

“калі ж мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем з Ім “ (Рым.6:8).

Мы можам навучыцца любіць, і праз гэта пачуццё спазнаць, што смерць – як абсалютнае адрачэнне ад сябе, забыццё сябе цалкам – злучаецца з перамогай любві, уваскрасеннем і жыццём вечным. І мы ідзем да гэтай любві, але яна адкрываецца нам толькі тады, калі мы становімся здольнымі адмовіцца ад сябе. Як забыў пра Сябе Хрыстос і да канца явіў ў гэтым Сваю любоў у адносінах да нас, так і мы ў зваротнай любові да Яго павінны адмовіцца ад сябе.

Ні Крыж, ні Уваскрасенне не могуць быць зразумелыя асобна адзін ад аднаго. Будзем памятаць і пра тое, што наша вера ў Крыж неаддзельная ад веры ў Уваскрасенне.

Шанаванне, пакланенне Крыжу Хрыстову пачынаецца з усведамлення гэтага адзінства. Калі мы не гатовы прынесці Хрысту сваё жыццё, калі мы палохаемся смерці, калі мы імкнемся замест таго, каб прынесці сябе ў ахвяру Госпаду, пазбегнуць гэтага, адкупіцца ад гэтага чым-небудзь іншым: устрыманнем ў ежы, частым наведваннем богаслужэнняў, пэўнай колькасцю грошай, прынесеных на храм, – чым заўгодна, толькі не прынясеннем саміх сябе, то мы не маем нічога агульнага з Хрыстом, Які прыносіць нам усяго Сябе. І тысячы хрэсных ходаў не дапамогуць, калі мы не зразумеем, што Крыж Хрыста для веры адначасова – лад жыцця, якога мы павінны прытрымлівацца на ўсіх сваіх жыццёвых шляхах.

Няма Крыжа без Уваскрасення, але ў пачатку заўсёды Крыж.

І калі зусім нядаўна нам здавалася цалкам незразумелай тая радасць, з якой прымалі пакуты і смерць старажытныя хрысціянскія мучанікі, то зараз сэнс іх радасці паступова раскрываецца нам. Нечаканыя словы нашага святога нядаўняга часу свяціцеля Лукі (Война-Ясенскага) “я палюбіў пакуты” пачынаюць гучаць зусім па-іншаму. Мы пачынаем разумець, што не выкарыстанне Бога ў сваіх інтарэсах з'яўляецца прызначэннем Царквы, а, наадварот, наша служэнне Богу – вось сапраўдны змест царкоўнага жыцця. Адсюль адбываецца і новае перажыванне глыбінь веры: «самі сябе і адзін аднаго і ўсё наша жыццё Хрысту Богу аддадзім”. Гэта ўжо не ўцёкі ад цяжкасцяў, гэта спакойнае прыняцце жыцця з усімі яго клопатамі і болем, прыняцце нашага крыжа. Магчыма, мы не прымем фізічных пакут за Хрыста, як хрысціянскія мучанікі, але і наша штодзённае жыццё ператворыцца ў Жыццё Вечнае, калі стане свабоднай ахвярай Богу.

Адкрываюцца новыя храмы і манастыры, узрастае колькасць вернікаў, але і зло праступае скрозь уяўны дабрабыт з нябачанай дагэтуль сілай. Крыж – непазбежны шлях Царквы і кожнага з нас. Той, хто занадта горача шукае дабрабыту, рызыкуе страціць свой сэнс, растварыцца ў гэтым свеце, злучыцца з ім у гадзіну, калі яго раптам напаткае крушэнне.

Ці не пра гэта незадоўга да рэвалюцыі 1917 года папярэджвалі свяціцелі Філарэт Маскоўскі, Ігнацій Бранчанінаў і Феафан Затворнік, святы праведны Іаан Кранштацкі, свяшчэннамучанік Іаан Васторгаў і многія іншыя нашы пастыры? Здавалася, Праваслаўе – магутная сіла, і вогненная спакуса паказала, што гэта сапраўды так, але адначасова адкрылася, што такое “знешняя прыстойнасць і набожнасць”.

Мы не ведаем, што чакае Царкву ў будучыні. У пачатку ХХ стагоддзя ніхто не меркаваў, што гэта стагоддзе стане такім страшным для Царквы, што яна пройдзе праз нябачаныя да гэтага часу ганенні. І сёння, гледзячы ў ХХI стагоддзе, мы не ведаем, што ча кае Царкву. Некаторым здаецца: час ганенняў прайшоў, Царква заваявала трывалае становішча ў грамадстве, наступіла “свабода сумлення”. Але не трэба спакушацца – усё можа хутка змяніцца. Сёння ўся краіна праслаўляе Хрыста і ўсклікае:

“Радуйся, Цар Іудзейскі”,

– а заўтра, магчыма, гэты ж самы народ адвернецца ад Хрыста, аплюе Яго, будзе паклёпнічаць на Яго і, падобна да ізраільскага натоўпу, усклікаць:

“Няхай будзе распяты…” (Мф. 27:22,25).

Менавіта так адбылося ў гады рэвалюцыі.

Цяпер, пакуль яшчэ працягваецца зямное жыццё кожнага з нас, ёсць яшчэ час і магчымасць выправіць любую памылку, абмыць слязьмі пакаяння любое грахоўнае падзенне, любую нашу здраду Хрысту – зняць з душы ганьбу ілжывых сведчанняў і аддаць сябе ў поўную паслухмянасць Хрысту. Мы павінны вучыцца ў Госпада, у ўгоднікаў Божых, у навамучанікаў і вызнаўцаў праваслаўнай веры бачання нашых грахоў, калі хочам выстаяць у новых бітвах.

Што б ні здарылася ў будучыні з Царквой і з усімі намі, не будзем разбягацца у страху, а сустрэнем выпрабаванні мужна. Будзем памятаць, што пакуты жыцця гэтага ў параўнанні з жыццём вечным нікчэмныя і кароткачасовыя, а Царства Божае, якое абяцана нам дзякуючы пакутам і Уваскрасенню Збавіцеля – вечнае!

У Евангеллі сказана, што, узяўшы свой жыццёвы крыж, мы павінны будзем ісці ўслед за Госпадам. Весці нас па жыцці будзе Сам Гасподзь, а мы павінны толькі ісці за Ім, а з Ім нічога не страшна! Гасподзь абяцае, што ніколі вучні Яго не сустрэнуць бедства адны. Відавочныя факты гісторыі Царквы гавораць пра тое, што, калі хрысціяне былі ў ганеннях, сярод пакут і ў чаканні смерці яны пазнавалі пасхальную, ні з чым непараўнальную радасць прысутнасці з імі Госпада. Дай жа Бог нам усім сіл, цярпення і адвагі на шляху збаўлення пад знакам Хрыстовага Крыжа!

Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык