Прытча пра неразумнага багацея

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Як гэта ні дзіўна, але часам багаборцы, самі, відаць, таго не жадаючы, гавораць праўду і аб сабе саміх і пра тых, хто натхняе іх на богазневажальныя справы. У адным з рэвалюцыйных расійскіх гімнаў пачатку дваццатага стагоддзя так прама і спяваецца: ««Вихри враждебные веют над нами, тёмные силы нас злобно гнетут…» Вось якія мы на самой справе! Не хаваючыся і не маскіруючыся, на ўвесь свет заяўляем, якога роду духі валодаюць нашымі душамі! Або, скажам, словы пра рэвалюцыю з паэмы «лепшага і найталенавітага», як назваў яго адзін тыран, паэта савецкай эпохі: «работа адовая будет сделана и делается уже»! Лепш і не скажаш: сапраўды – «работа адовая»!

Толькі выконваюць яе не змрочныя душагубы, не панурыя і вераломныя «духі злосці паднябеснай» (Эф.6:12), а звычайныя людзі, праўда, апантаныя той жа самай вар'яцкай ідэяй, якую падказаў вораг роду чалавечага Адаму і Еве ў райскім садзе: «адкрыюцца вочы вашы, і вы будзеце, як багі, якія ведаюць дабро і зло» (Быц.3:5).

Здаецца, што аўтар іншага рэвалюцыйнага гімна, калі пісаў яго, успамінаў прытчу з Евангелля, якую мы чыталі сёння за Літургіяй, прытчу пра неразумнага багацея. Так і чуеш, як гэты самазадаволены і недалёкі чалавек бурыць свае старыя свіраны, напяваючы пры гэтым: «мы старый мир разрушим до основанья, а затем мы наш, мы новый мир построим».

Будаўнікі гэтага «новага свету» былі ўпэўненыя, што ведаюць, як і абяцаў ім айцец ілжы, «дабро і зло». Паслядоўнікі неразумнага багацея з лютым запалам руйнуюць «старыя жытніцы» не толькі ў евангельскай прытчы, не толькі і не столькі ў расійскай гісторыі мінулага дваццатага стагоддзя, але заўсёды і ўсюды. Руйнуюць яны традыцыі і звычаі сем'яў і народаў, цэлых культур і асобных краін. Замахваюцца разбурыць і саму Царкву Хрыстову і ўзвесці на Яе месцы ці то «храм розуму», ці то «капішча ісціны і любові», як яны іх разумеюць. Бо куды ні глянеш: паўсюль – «самыя праваслаўныя», «найболей сапраўдныя», або «надзвычай праўдзівыя» прыхільнікі Бога. І здаецца ім, што толькі яны сапраўды ведаюць, як жыць, як ратавацца, як дайсці да ісціны.

Вось ганарыстасць дыявальская: сур'езна лічыць сябе, і толькі сябе, адзіным носьбітам Боскай праўды, адзіным справядлівым суддзёй! І вось пытанне: чым жа яны, гэтыя дакаральнікі, адрозніваюцца ад тых, хто з запалам спяваў песню пра «новы свет» і пра тых, «хто быў нічым, а стане ўсім»? Няўжо гісторыі грэшнага чалавецтва мала, каб зразумець, што свет і чалавека ў ім можна змяніць і ўдасканаліць, не руйнуючы ўсё, што было раней, а толькі адным спосабам. Тым, які паказаў нам Гасподзь наш Іісус Хрыстос: «Вымі спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго» (Мф.7:5). Гэта значыць, кайся, змяняйся сам, рабіся лепш і лепш. А ужо тады і свет, гледзячы на цябе, дасць Бог, таксама пачне змяняцца да лепшага.

Бог здраджваецца злосцю, нянавісцю, юрлівасцю, прагнасцю, сутаргавым жаданнем у што бы то ні стала даказаць сваю правасць. Царква моліцца штодня за тое, каб “нам весці ціхае і спакойнае жыццё з усёй набожнасцю і годнасцю”. Не! Гэта хай іншыя маўчаць «у набожнасці і годнасці», а будаўнікі «новага свету» па-ранейшаму апантана будуць выконваць сваю «пякельную працу».

Калі б неразумны багацей мог сярод захаплення сваёй праўдай, пачуць ціхі голас Божы: «Неразумны! У гэтую ноч душу тваю возьмуць у цябе» (Лк.12:20)! Не чуе! І таму толькі не чуе, што, па словах Хрыста, «збірае скарбы для сябе, а не ў Бога багацее» (Лк.12:21). Бо не пра пшаніцу, не пра садавіну і гародніну, не пра высокія ураджаі гаворыць Гасподзь! Відавочна, што гаворка ў прытчы ідзе пра тое, што галоўнае ў нашай несмяротнай душы: уласная праўда або Праўда Божая? За што мы змагаемся з усіх сваіх сіл? Ці за тое, каб свет змяніўся, ці за тое, каб сусед пакаяўся, ці за тое, каб зрабіцца правым і справядлівым ва ўласных вачах? Не, не за грэшны свет, не за суседа-п'яніцу, не за ўласную праўду, якая і ёсць «скарб для сябе», прынясем мы адказ у дзень Страшнага Суда, а за тое, што спявальнік псалмоў праведны цар і прарок Давід назваў «сэрцам скрушаным і пакорлівым» (Пс.50:19). Ні Сам Збавіцель, ні Прарок і Прадцеча Яго не заклікалі нас прымушаць каяцца іншых, але да кожнага з нас звернуты іх вечны заклік: «пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае» (Мф.3:2).

Вораг нашага выратавання робіць усё для таго, каб мы забыліся на Неба, забыліся на праўдзівую мэту свайго існавання, засяродзіўшыся выключна на свецкіх, практычных мэтах. Ён пастаянна выклікае ў нас думку аб самагоднасці і канечнасці нашага тутэйшага жыцця. Але, нават падштурхоўваючы чалавека да няспыннай пагоні за зямнымі асалодамі, «айцец ілжы» як заўсёды займаецца ашуканствам, абяцаючы радасць там, дзе няма нічога, акрамя распаду і смерці. Гэтае ашуканства пачалося з таго самога моманту, калі «старажытны змей» (Адкр.12:9) паабяцаў нашым далёкім продкам – першым людзям, Адаму і Еве, – боскую годнасць у абмен на здраду Бога. Яно працягваецца і цяпер, калі знаёмы голас нашэптвае хрысціяніну спакусы, аб якіх мы чыталі ў сённяшнім Евангеллі: «душа! Маеш многа дабра, на многія годы складзенага - адпачывай, еж, пі, весяліся.» (Лк.12:19).

Каб выратаваць сваю несмяротную душу, усяго толькі і трэба было неразумнаму багацею падумаць аб тым, што ёсць побач з ім людзі, якія пакутуюць ад адзіноты і разнастайных жыццёвых выпрабаванняў. Рэцэпт збаўлення просты, і сфармуляваў яго яшчэ апостал Павел пры развітальным спатканні з прэсвітэрамі Эфескай царквы ў Міліце: «трэба падтрымліваць слабых і памятаць словы Госпада Іісуса, Які сказаў: «Лепш даваць, чым браць» (Дзеі.20:35).

Адно з самых страшных, адно з самых пакутлівых перажыванняў чалавека ёсць перажыванне адзіноты, закінутасці, непатрэбнасці нікому. Боязь адзіноты, гэта як бы боязь самой смерці. Сапраўды, гэтак жа, як смерць разлучае маю асобу з маім целам, сталым за доўгае жыццё такім родным, такім любімым, гэтак жа і адзінота разлучае чалавека з іншымі людзьмі, як бы падзяляе чалавека і супольнасць людзей. Нездарма са старажытных часоў самай страшнай карай з'яўлялася выгнанне з роднага горада, абвяшчэнне «па-за законам».

Сапраўды, чалавек не можа ўвесь час знаходзіцца сярод іншых людзей. Дзеля таго каб не страціць сябе, дзеля таго, каб захаваць асобу, кожнаму з нас проста неабходна хоць часам заставацца сам-насам з самім сабою. Іншая, не меней страшная мука, – гэта мука натоўпам, гэта сітуацыя, калі чалавек не можа ні на хвіліну застацца адзін. Хоць, вядома такое выпрабаванне перажыць лягчэй: досыць проста зачыніць вочы, досыць проста адвярнуцца да сцяны, досыць проста пачаць маліцца, і ты – адзін у любым натоўпе.

Так што сыйсці ад людзей лёгка. Значна цяжэй вярнуцца да людзей. Вярнуцца так, каб не адчуваць сярод сабе падобных, як на незаселенай выспе. Нам важна зразумець, чаму чалавек застаецца адзін. Чаму вакол яго часам такая звінячая, такая адчайная пустэча?

Сённяшняя прытча пра неразумнага багацея дапаможа нам адказаць на гэтае няпростае пытанне. Раптоўная смерць часта наганяе таго, хто, па словах Госпада, «не ў Бога багацее». Зразумела, што наша зямное жыццё можа даць нам дасведчанае перажыванне і райскай асалоды, калі мы кахаем – гэта значыць, ахвяруем сабою, і пякельных пакут, калі мы ненавідзім таго, хто побач з намі, калі мы ў злосці або ў росквіце адлучаемся ад яго сцяной. Неразумны багацей з сённяшняй прытчы, атрымаўшы ад Бога нейкі дарунак, не распаўсюджвае гэты дарунак далей, на блізкіх сваіх, але, замкнуўшыся ў самім сабе, юрліва мармыча: «Еш, пі, весяліся»! Не ведае небарака, што радасць – толькі тады радасць, калі яе хто-небудзь з табой падзяляе.

Іншымі словамі, адзінота – заўсёды следства самаізаляцыі. Той, хто збірае скарбы для сябе, на самой справе бесперапынна самога сябе рабуе. Той жа, хто раздае дадзеныя яму Богам скарбы, распаўсюджвае навокал цеплыню ўласнай душы, ахвяруе сваім часам, сіламі, нават сваімі грашыма, – «у Бога багацее» – гэта значыць, замест згубленага багацця атрымлівае ад Бога і людзей тое, чаго ніякімі грашыма не купіш: каханне, адданасць, спагаду.

«Калі зерне пшанічнае, упаўшы ў зямлю не памрэ, то яно застанецца адно, а калі памрэ, то багаты плён дасць» (Іаан.12:24,25). Таксама і чалавек, калі памрэ для сябе, калі забудзе аб сваіх інтарэсах і правах, аб выгодах і багацці, тады не апынецца ён у «цемры знешняй» адзіноты і нуды ні ў адзін з дзён свайго жыцця, тады апынецца ён і з людзьмі, і з Богам. Але калі прыйдзе яму ў галаву вар'яцкая ідэя «есць, піць і весяліцца», забыўшы аб блізкіх і далёкіх, думаючы толькі аб сваіх асалодах і радасцях, тады рана або позна доляй яго стане плач і скрыгат зубоў самотнага і нікчэмнага жыцця. Тады адымецца душа яго, таму што ні карысці, ні радасці, ні суцяшэння не прынесла яна нікому ў свеце.

Свяціцель Ігнацій павучае нас: «Выгнаннікі рая! Не для забаў, не для баляванняў, не для гульняў мы знаходзімся на зямлі, але для таго, каб вераю, пакаяннем і крыжом забіць смерць, якая забівае нас, і вярнуць сабе страчаны рай.» Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык

Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)