Гістарычныя аповеды. Аповед першы. Будаўніцтва храма

Горадзен у ХІІ ст.Горадзен у ХІІ ст.Каложская царква – гонар яе жыхароў і сапраўдны сімвал Гародні. Каложскі парк - улюбёнае месца адпачынку многіх пакаленняў гараджан, а кожны гарадзенец лічыць сваім абавязкам паказаць Свята-Барыса-Глебскую (Каложскую) царкву гасцям горада. А вось ведаюць пра яе, на жаль, няшмат. Большасць навуковых артыкулаў і манаграфій, прысвечаных Каложскаму храму, напісаныя сухой і нуднай мовай, цяжказразумелай абсалютнай большасці чытачоў, акрамя, зразумела, гісторыкаў і архітэктараў. Ёсць, канешне, і артыкулы, напісаныя жывой мовай, але гістарычных фактаў ім, відавочна, не хапае... А колькі міфаў стварылася цягам стагоддзяў!

Таму прапануем Вашай увазе цыкл невялічкіх гістарычных аповедаў пра Каложскі храм (і не толькі), напісаных простай мовай, якія распавядуць гарадзенцам і гасцям Гародні шмат цікавага і незвычайнага пра гэту гарадзенскую святыню.

Сёння прапануем пазнаёміцца з гісторыяй будаўніцтва царквы і таямніцамі вакол яе.

Аповед першы. Будаўніцтва храма

 На высокім правым беразе Нёмана стаіць старажытная Свята-Барыса-Глебская царква. Яе сцены былі маўклівым сведкам гісторыі каралеўскага горада Гродна ледзь-ледзь не ад яго заснавання: сведкам яго заняпаду і росквіту, крывапралітных войнаў і страшных пажарышчаў, аднаўленняў і ўзвышэння горада. І яны могуць распавесці гэтую гісторыю кожнаму, хто сапраўды жадае гэтага. Трэба толькі дакрануцца да старадаўніх муроў, на імгненне адмовіцца ад гарадской мітусні, забыцца на ўсё – і перад вашымі вачыма, нібы наяве, замільгаюць партрэты сівавалосых князёў і мужных абаронцаў Горадзена, якія бароняць горад ад крыжацай ды татарскай навалы,  карціны бітваў, дзе рэкі фарбаваліся ў колер крыві і пажараў, зарыва ад якіх афарбоўвала аблокі ў барвяны колер…

Гэтыя сцены захоўваюць шмат таямніц і загадак. Адна з іх – час будаўніцтва храма. Па сённяшні дзень застаецца невядомай дакладная дата пабудовы храма. За ўвесь час даследаванняў (з сярэдзіны XVIII стагоддзя па нашыя дні) вылучалася нямала розных гіпотэз пра час пабудовы храма. Так, самай ранняй даціроўкай пабудовы з'яўляецца 1064 год: «Ва ўнутранай сцяне яе (Каложскай царквы - заўв. аўтара) маецца камень, на якім высечана 1064, – вельмі магчыма, што гэта год яе пабудовы»  – пісаў «Віленскі веснік» у №44 за 1898 год. Тым не менш, наступныя даследчыкі Каложскага храма  не знайшлі гэтага каменя (а можа дрэнна шукалі?). Польскі даследчык Г. Лаўмянскі ўвогуле прапанаваў гіпотэзу аб пабудове царквы ў пачатку XV стагоддзя, пасля перасялення Вітаўтам у наваколле Гародні палонных, якіх захапіў у прыгарадзе Пскова - Каложы.

Самая папулярная версія абвяшчае, што царква была пабудаваная прыкладна ў другой палове XII стагоддзя (1170-1180 гады), у перыяд кіравання гарадзенскага князя Мсціслава Усеваладавіча (памёр пасля 1184 года), для ўшанавання памяці памерлых братоў-князёў Барыса і Глеба Усеваладавічаў і была асвечаная ў гонар славянскіх святых Барыса і Глеба. Менавіта гэта версія з’яўляецца найбольш аргументаванай і яе прытрымліваецца большасць даследчыкаў, таму на сённяшні дзень яна з’яўляецца агульнапрынятай (у сваіх аповедах мы будзем прытрымлівацца менавіта яе).

Першыя звесткі пра Горадзен датуюцца 1127 годам, калі ён быў сталіцай Гарадзенскага княства. Традыцыйна для славянскіх гарадоў Горадзен першапачаткова быў драўляным і ўяўляў сабой невялікую крэпасць з умацаваным гандлёвым горадам. Але пры княжанні Усевалада Давыдавіча і яго жонкі Агаф’і Уладзіміраўны былі створаныя выдатныя ўмовы для стабільнага эканамічнага і культурнага развіцця  ў будучыні. Так, ужо ў апошняй чвэрці XII стагоддзя пачынаецца мураванае дойлідства і Горадзен узвышаецца сярод гарадоў Панямоння.

Пётр Міланег. Мазаіка ў метро КіеваПётр Міланег. Мазаіка ў метро КіеваЗ нагоды мураванага дойлідства ў Горадзен з Турава пераязджае будаўнічая арцель Пятра Міланега. У гэты перыяд горад уваходзіў у склад Тураўскай епархіі, якая была створана каля 1005 года і з’яўлялася другой епархіяй Белай Русі пасля Полацкай (заснаванай у 992 годзе).

Стагоддзі захавалі не шмат звестак пра Пятра Міланега. Даследчыкам вядома, што ён  быў дойлідам у эпоху Старажытнай Русі і заснавальнікам гарадзенскай школы дойлідства. Міланег – адзін з чатырох дойлідаў дамангольскага перыяду, чые імёны захаваліся ў пісьмовых крыніцах, ён параўноўваўся ў Іпацьеўскім летапісе з біблейскім дойлідам Веселіілам. Доўгі час лічылася, што Пётр Міланег быў візантыйскім дойлідам або славянскім майстрам, які атрымаў адукацыю ў Візантыі. Але сёння некаторыя даследчыкі выказваюць іншыя меркаванні. Напрыклад, ёсць тэорыя, што міланегамі называлі камнеробцаў у Кіеве, а на беларускіх землях – мурнікаў – тых, хто мог абпальваць вапну, расціраць бітую цэглу-плінфу і ствараць моцны раствор міланіт. Згодна з гэтай версіяй, сёння мы ведаем толькі імя гэтага дойліда.

Відавочна, Пётр Міланег спачатку працаваў у Кіеве, потым у Луцку і Тураве, а ў апошняй трэці XII стагоддзя ён з’яўляецца ў Горадзене.  Пасля ён стаў асабістым дойлідам кіеўскага князя Рурыка Расціслававіча. Міланег пабудаваў нямала храмаў, сярод якіх царква Св. Васілія ў Оўручы і царква Апосталаў у Белгарадзе (1197), Свята-Барыса-Глебская  царква ў Гародні і,  магчыма, Пятніцкая царква ў Чарнігаве.

Разам з дойлідам у горад над Нёманам прыбылі таксама і іншыя майстры з Валыні і Полацка. Пад кіраваннем таленавітага і самабытнага майстра, які прабыў у нашым горадзе каля 15 гадоў, была створана Гарадзенская архітэктурная школа. У склад створанай дойлідскай арцелі ўвайшлі і гродзенскія майстры, у першую чаргу ганчары і цесляры. Майстры збудавалі не менш за тры царквы ў Горадзене. На жаль, час не пашкадаваў шэдэўраў, створаных у горадзе над Нёманам, і толькі Свята-Барыса-Глебская царква (хай і перабудаваная) па сённяшні дзень нагадвае нам пра талент дойліда Пятра Міланега.Плінфа с барэльефнай выявай ключаПлінфа с барэльефнай выявай ключа

Свята-Барыса-Глебская царква – адзін з пяці архітэктурных будынкаў дамангольскага перыяду ў Беларусі, які цалкам або часткова захаваўся да нашых дзён. Царква ўяўляе сабой крыжова-купальны храм, трохапсідны і шасціслупавы.  Кладка сценаў выканана з плінфы, на тарцах некаторых цаглін ёсць рунападобныя ды кірылічныя знакі. Фасады звонку неатынкаваныя  і ўпрыгожаныя ўстаўкамі з паліраваных валуноў і маёлікавых плітак карычневага, зялёнага і жоўтага колераў, з якіх набраны рознакаляровыя крыжы. Памеры камянёў у сценах памяншаюцца ўгару, што аблягчае яе візуальна. Падлога была з квадратных маёлікавых плітак. Унікальная асаблівасць інтэр'ера царквы  —  мноства керамічных збаноў-галаснікоў, умураваных у верхнія часткі сцен і скляпенні, якія паляпшаюць акустыку ў храме і змяншаюць агульную вагу пабудовы.

Магчымы першапачатковы выгляд храмаМагчымы першапачатковы выгляд храмаПлан храмаПлан храмаПры ўзвядзенні храма былі ўлічаныя ўсе памылкі, дапушчаныя пры будаўніцтве папярэдніх цэркваў. Падмурак быў закладзены на глыбіню паўтара метра. У муроўцы сценаў выкарыстаныя шліфаваныя камяні меншых памераў. Унутраная прастора храма здавалася большай за кошт выкарыстання круглых слупоў.

Царква захавалася толькі часткова: яе скляпенні і купал зніклі яшчэ ў сярэднявеччы, а паўднёвая і частка заходняй сцяны абрынуліся ў раку ў выніку апоўзняў другой паловы XIX стагоддзя, таму дакладна невядома як царква выглядаля адразу пасля пабудовы.

Першую магчымую згадку царквы гісторыкі адносяць да 1183 года. Са  скупых радкоў Іпацьеўскага летапісу ўважлівы чытач зможа атрымаць наступнае:

«Того же лета Городен погоре всь и церквы каменная от блистання молние и шибения грома».

Мяркуецца, што пасля разбуральнага пажару 1183 года, які знішчыў саборную (Ніжнюю) царкву старажытнага горада, Свята-Барыса-Глебская царква стала галоўным гарадскім храмам. Аднак ці так гэта было ў рэчаіснасці, даведацца ўжо не ўяўляецца магчымым.

Даследчыкі лічаць, што царква першапачаткова будавалася як манастырская, пра што сведчыць яе аддаленае размяшчэнне ад гарадскога пасада і дзядзінца. У такім выпадку на манастыр ўскладалася адказная задача: быць апошняй мяжой праваслаўя, заходнім фарпостам «сапраўднай грэцкай» веры, бо наш горад размяшчаецца на самай ускраіне праваслаўнага свету. У эпоху збудавання храма горад быў у асяроддзі непраходных пушчаў, дзе пачыналіся землі балтыйскіх плямёнаў, якія яшчэ не адно стагоддзе заставаліся ў цемры паганства – літоўскія (жмудскія) плямёны былі пахрышчаны ў каталіцтва апошнімі ў Еўропе ў 1387 годзе, але і тады не адразу адышлі ад паганства.

Працяг будзе…

А.П.

Даведка

  • Апсіда – выступ будынка, паўкруглы, гранёны або прамавугольны ў плане, перакрыты паўкупалам. Упершыню апсіды з'явіліся ў старажытнарымскіх базыліках. У хрысціянскіх храмах апсіда ўяўляе сабой алтарны выступ, арыентаваны на ўсход.
  • Іпацьеўскі летапіс — адзін з найстаражытнейшых летапісных зводаў Русі, які ўтрымлівае звесткі з першых згадванняў усходнеславянскіх плямёнаў  да 1292 года. Спіс XV стагоддзя быў знойдзены Мікалаем Карамзіным у Іпацьеўскім манастыры пад Кастрамой, ад якога летапіс і атрымаў сваю назву.
  • Маёлікавая плітка – паліваная плітка рознага фармату (круглая, квадратная, трохвугольная, фігурная) і колеру, вырабленая з гліны. Шырока выкарыстоўвалася ў гродзенскай школе дойлідства ХІІ ст.
  • Плінфа – тонкая абпаленая цэгла, шырыня якой прыкладна была роўная даўжыні. Ужывалася ў будаўніцтве Візантыі і Старажытнай Русі.

 


Расписание богослужений

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

 

Вход

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)