Пра Cтрашны суд

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Хрыстос Пантакратар і Страшны суд. Італія, 1300 г. Мазаіка ў Баптыстэрыі Сан Джавані ў ФларэнцыіХрыстос Пантакратар і Страшны суд. Італія, 1300 г. Мазаіка ў Баптыстэрыі Сан Джавані ў ФларэнцыіСённяшняе евангельскае чытанне (Мф. 25:31-46) гаворыць пра тую апошнюю, вырашальную сустрэчу з Хрыстом, якая чакае кожнага з нас, калі мы пяройдзем з гэтага жыцця ў жыццё будучага веку.

Надыдзе імгненне, калі скончыцца час. Настане дзень, калі немагчыма будзе сказать: «заўтра…», – таму што «заўтра» не будзе. Прыйдзе час, калі нельга будзе падумаць: «я паспею!», – таму што ўсе тэрміны скончацца, усе поры мінуюць, усе стагоддзі спыняцца.

Прыйдзе ТОЕ, чаго нельга апісаць словамі і выявіць з дапамогай пэндзля, чаго нельга зразумець, таму што бедны людскі розум па грахоўнай сваёй прыродзе можа ўяўляць толькі «прыблізна, як скрозь цьмянае шкло» (1 Кар.13:12). Прыйдзе ВЕЧНАСЦЬ, і ўсё, што было каштоўным і істотным у часы зямнога існавання, страціць сваё значэнне, згубіць уяўную важнасць, і нам ва ўсім сваім асляпляльным ззянні з'явіцца тое, што на самой справе істотне, што сапраўды важнае, што сапраўды мае вечную, непераходзячую вартасць. Ніхто не зменіцца ў вечнасці, але будзе там такім, якім заспеў яго страшный Дзень Гасподні!

Страшный Суд нярэдка ўяўляецца нам велічным, грандыёзным відовішчам, таму што вобразы Святога Пісання, якімі апосталы і прарокі спрабуюць падкрэсліць духовую важность таго, што ўсім нам трэба будзе перажыць, разумеюцца намі, на вялікі жаль, зусім не духоўна, а груба-матэрыяльна. Большасць з нас нарадзіліся і выраслі ў такім грамадстве, дзе слова «суд» выклікала цалкам адназначныя ўяўленні: «суд» азначаў «асуджэнне». Мы, грэшныя, жахаемся і трымцім, таму што вядомая нам горькая нашая віна. Таму што, падобна да блуднага сына, кожны з нас ведае, што «ужо няварты называцца сынам» (Лк.15.19) Божым.

Ёсць чаму жахацца, ёсць ад чаго трапятаць людскай душы! А між тым кнігі Святога Пісання заканчваюцца дзіўнымі словамі, якія падобныя, хутчэй, на ўздых палёгкі змучанай душы, на радаснае ўскліканне, на малітоўнае ўпрошванне: «Так, прыйдзі, Госпадзі Іісусе!» (Адкр.22:20).

Аўтар «Апакаліпсісу», святы апостал і евангеліст Іаан Багаслоў разам з усёй Царквой з радаснай нецярплівасцю чакае і нават прыспешвае прыход страшнага Дня Гасподня – Дня Суднага.

Калі сапраўдны хрысціянін думае аб тым, што чакае яго пасля смерці, аб абнаўленні ўсяго тварэння, прадказаным на канец свету, ён натхняецца самым радасным спадзяваннем. Бо Хрыстос павінен вярнуцца ў канцы часоў для канчатковага ўстанаўлення Царства Божага сярод людзей пасля таго, як Ён здзейсніць над імі ўсімі Свой Суд. Вось яна – перамога Праўды, якой прагне ўсё чалавецтва, вось ён – сапраўдны светлы «новы свет»!

Першыя хрысціяне, чакаючы вяртання Хрыста, віталі адзін аднога словамі «Марана фа» – «Гасподзь хутка прыдзе!». На ўсё іх жыццё ўплывала гэта спадзяванне, гэта радаснае чаканне; і яны без смутку развітваліся са сваім зямным існаваннем, спадзеючыся на Уваскрасенне і на станоўчае змяненне ўсяго тварэння.

Чаму ж яны, таксама грэшныя, радасна чакаюць і спадзяюцца на гэты Страшный суд Госпада, у той час як мы смуткуем і жахаемся?

А таму гэта адбываецца з імі, што яны ўсім жыццём сваім, усімі сіламі душы сваёй прынеслі «годны плод пакаяння» (Мф.3:8), прысвяціўшы сябе не служэнню заганным грахоўным жаданням, а няспыннаму шуканню Волі Божай.

У гэтым і ўвесь жах нашага становішча: мы не зможам змяніцца ў Вечнасці, таму што са сканчэннем часоў перарываецца магчымасць каяцца і змяняцца! Стаць іншым, чым ты ёсць зараз, можна толькі да той пары, пакуль ты жывеш у гэтым недасканалым свеце. І наш Міласцівы і Доўгацярплівы Гасподзь паказвае нам сёння адзіны спосаб такога змянення: стаць лепшым можна толькі тады, калі забудеш пра самога сабе і станеш жыць для іншых. Прычым гэта самазабыццё павінна быць поўным і сапраўдным, такім, якое выключае нават думка пра ўзнагароду за выкананую працу. Бо тыя, хто хаця б і тоячыся ад саміх сябе, але ўсё ж шукаюць пахвалу і падзяку ў веку гэтым, па словах Госпада, «ужо атрымліваюць узнагароду сваю» (Мф.6:2).

Працаваць, забыўшыся пра ўзнагароду, ахвяраваць собою для іншага, нават не ведаючы таго, што прыносіш у ахвяру свой спакой і свабоду, адмаўляючы самому сабе. Мы, занятыя ахвярным служэннем таму, хто побач з намі, павінны спадзявацца не на выратавальнае значэнне самога гэтага служэння, а толькі на тое, што, магчыма, дасць Бог, мы забудем за гэтай справай пра саміх сябе і сваіх «подзвігах» і навучымся нарэшце любіць тых, у імя каго гэтыя подзвігі здзяйсняюцца!

Добра было б нам паспець за ці наша доўгае ці кароткае жыццё навучыцца вось так забываць аб сабе, не чакаючы ўзнагароджання.

Апраўданымі на Страшным судзе будуць толькі тыя, якія ў жыцці сваім праявілі любоў, міласэрнасць, самаадданасць да тых, хто быў побач з імі, у іх разнастайных жыццёвых патрэбах.

Не цяжкія подзвігі, не вялікія справы патрабуюцца ад нас, а самыя звычайныя, але – з любоўю. Па-сутнасці, Хрыстос гаворыць нам: былі вы проста чалавечнымі – ці не? Ці праяўлялі вы спачуванне, спагаду, салідарнасць? Ці былі вы братамі і сёстрамі для тых, хто быў побач з вамі? Калі былі – то новае жыццё можа праявіцца ў вас; але калі вы не былі нават чалавечнымі – як вы можаце чакаць, што будзеце далучаныя да быцця Божага?…

Страшный Суд, на якім авечкі аддзяляюцца ад казлоў, пачынаецца тут, на зямлі. Ён адбываецца ўсякі раз, калі мы застаемся адзін на адзін з бедным – тым, хто пакутуе ў свеце гэтым і патрабуе нашай дапамогі. І мы бываем асуджаныя не толькі тады, калі не адгукаемся на просьбу аб дапамозе, але і калі, пагружаныя ў сябе і свае клопаты, не заўважаем людскага гора і галечы побач з сабой.

Сустрэча з чалавекам, які знаходзіцца ў галечы і нястачы – гэта сустрэча з Хрыстом, гэта Страшный Суд, які мы перажываем да таго, як ён здзейсніцца над усім чалавецтвам і над кожным з нас у канцы гісторыі. Ад таго, што мы зробім або не зробім для таго, хто мае патрэбу ў нашай дапамозе, залежыць наш лёс у вечнасці. Калі мы тут пройдзем выпрабаванне на спачуванне і любоў, нам не страшна будзе там стаяць перад Хрыстом.

Калі мы ў жыцці будзем верныя любові Хрыстовай, суд гэтай любові не стане для нас катастрофай. З радасцю і спадзяваннем чакае Дзень Суду Божага той, хто сам ужо асудзіў сябе. З тугой і трывогай – той, хто перакананы ў тым, што ён заўсёды ўсё робіць правільна.

У святле Божай Праўды стане відавочным, чаго варты кожны чалавек і яго жыццё. Прысуд не трэба ўяўляць юрыдычна: апраўданне або асуджэнне не з'яўляюцца ўзнагародай або пакараннем, а вывадам або плёнам таго або іншага жыцця і пераважна яго накіраванасці да дабра або да зла.

Сам факт Страшнага суда і адчування вечнай райскай асалоды і пякельных пакутаў пасля яго з'яўляецца заканчэннем справы Промысла Божага ў збаўленні чалавека. Вечная асалода – гэта прывядзенне чалавека да той мэты, для якой ён і створаны. Вечныя пакуты – гэта не помста з боку Бога, а гэтыя пакуты падрыхтавалі самі людзі для сябе, таму што яны не прынялі любові ісціны для свайго збаўлення (2 Фес. 2: 10).

У канцы вякоў Гасподзь адкрые Сваю прысутнасць і напоўніць Сабою ўвесь сусвет. Для тых, хто ненавідзіць Яго – гэта будзе пекла. Для тых, хто любіць Яго – гэта будзе рай. Калі Царства Божае напоўніць увесь сусвет і ўсё будзе створана зноў, наш свет зноў зробіцца тым раем, для якога ён быў першапачаткова створаны.

Пастараемся ж наступаючы Вялікі пост зрабіць пачаткам доўгай дарогі пакаяння; хай будзе ён першым нашым крокам да самаасуджэння, а значыць, і да выпраўлення, а значыць – да Вечнага Жыцця, да Дому Айца нашага, у Якога «абіцеляў многа» (Ін.14: 2).

А калі не наканавана нам дасягнуць дасканаласці на гэтым шляху, тады дай нам, Божа, хаця б не пакінуць пакаянных высілкаў, не кідаць спробаў здабыць ціхі дух «чысціні, пакоры, цярплівасці і любові», аб якім будзе маліць Збавіцеля ўся Яго Святая Царква ў будучыя дні Вялікага Посту. Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык

Расписание богослужений

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)