Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Узвіжанне Пачэснага і Жыватворнага Крыжа ГасподнягаУзвіжанне Пачэснага і Жыватворнага Крыжа ГасподнягаСвята Уздзвіжання Крыжа Господняга вельмі старажытнае. Нам вядома, што яно святкавалася ўжо ў пятым стагоддзі, а ўсталявана з нагоды вялікай радасці – здабыцця Крыжа, на якім быў раcпяты Гасподзь наш Іісус Хрыстос.

Стагоддзямі ў гэты дзень у саборах архірэй, акружаны шматлікім духавенствам, пасярэдзіне храма, уздымаў высока над вернікамі крыж і ахінаў ім усе чатыры бакі свету, а хор у гэты час гучна спяваў: «Госпадзі, памілуй!».

Гэта было свята хрысціянскай імперыі, якая нарадзілася пад знакам Крыжа ў дзень, калі імператар Канстанцін убачыў Яго ў відзенні і прачытаў словы: «Гэтым пераможаш...». Свята перамогі хрысціянства над царствамі, культурамі і цывілізацыямі, свята таго хрысціянскага свету, які распаўся, страчваецца на нашых вачах.

Так, і ў цяперашнім годзе, як і кожны год, будзе здзяйсняцца гэты ўрачысты старажытны абрад. І будзе радасна спяваць хор: «Крыж цароў дзяржава, крыж – прыгажосць сусвету». Але вакол храма будзе грукатаць вялізны горад, абыякавы да гэтай урачыстасці, ніяк з ёю не звязаны. Мільёны людзей будуць працягваць жыць сваім паўсядзённым жыццём і яго інтарэсамі, клопатамі і турботамі, радасцямі і нягодамі, і не будуць мець ніякага дачынення да таго, што адбываецца ў храмах. Дык як жа адважваемся мы паўтараць гэтыя словы перамогі, паўтараць зноў і зноў пра Крыж, што ён – несакрушальная перамога?

Трэба прызнаць, што многія хрысціяне не ведалі б, мабыць, што адказаць на гэтыя пытанні. Многія хрысціяне як бы звыкліся з тым, што Царква загнана на задворкі жыцця. Многія хрысціяне здаволеныя тым, што ім дазваляюць «выконваць свае абрады», абы толькі яны паводзілі сябе ціха і паслухмяна і не перашкаджалі свету будаваць сваё жыццё – без Бога, без Хрыста, без веры, без малітвы. Яны, гэтыя стомленыя хрысціяне, ужо амаль і не памятаюць, што сказаў Хрыстос у ноч, калі ішоў Ён да распяцця: «У свеце гора зазнаеце, але мужайцеся: Я перамог свет» (Іаан.16:33).

Калі мы адзначаем гэта свята Уздзвіжання Крыжа, калі паўтараем старажытныя ўрачыстыя словы перамогі, то робім гэта не для таго, каб толькі ўспамінаць падзеі мінулага. Мы павінны больш глыбока задумацца над сэнсам самога гэтага слова – «перамога» – у хрысціянскай веры.

Верагодна, толькі зараз, пазбаўленыя знешняй велічы, якая здавалася нам сімвалам, знакам перамогі, мы аказваемся здольнымі зразумець, што, магчыма, і не было ўсё гэта сапраўднай перамогай.

І будзем мець мужнасць спытаць сябе: ці не таму і загінулі ўсе гэтыя хрысціянскія царствы і культуры, ці не таму паражэннем абярнулася перамога, што аслеплі мы, хрысціяне, да апошняга сэнсу, апошняму зместу галоўнага сімвала.

Калі мы ўзіраемся на Крыж Хрыстовы, мы павінны бачыць у ім ні што іншае, як ззяючы сцяг нашай перамогі, сцяг нашай веры. Крыж – той ахвярнік, той прастол, на якім дзеля нас і дзеля нашага выратавання пацярпеў Гасподзь і Збавіцель наш Іісус Хры-стос. Вось чаму мы з вамі і выказваем глыбокую пашану Крыжу Гасподняму, вось чаму праваслаўныя хрысціяне так ушаноўваюць Жыватворчы Крыж.

Шанаваць Крыж, уздзвігаць яго, спяваць пра перамогу Хрыста, – гэта, перш за ўсё, – верыць у Распятага.

Крыж, які быў некалі прыладай ганьбы і страшнай кары, стаў сцягам нашай перамогі, сцягам нашай веры. Для нас з вамі Крыж Хрыстовы – гэта, найперш, сведчанне той Божай любові, якой усіх нас узлюбіў Гасподзь.

Распяцце Сына Божага – гэтае дзеянне свабоднай любові Божай, гэта дзеянне свабоднай волі Збавіцеля Хрыста, які аддае Сябе на смерць, каб іншыя маглі жыць – жыць вечным жыццём, жыць з Богам. Хрыстос добраахвотна аддаў Сваё жыццё для цябе і для мяне, за кожнага з нас, таму што кожнага з нас Ён любіць, таму што кожны з нас так Ім умілаваны, што цана яму – усё жыццё, і ўвесь жах, і ўся пакута, і ўся смерць Хрыстова.

Гасподзь узлюбіў нас так, што нават Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб усякі, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае, атрымаўшы гэты дар праз Крыж Збавіцеля.

І гэтаму ўсяму знакам з'яўляецца Крыж. Любоў і вернасць выпрабоўваюцца не словамі, нават не жыццём, а аддачай свайго жыцця, адрачэннем ад сябе, такім поўным, такім дасканалым, што ад чалавека застаецца адна толькі любоў, з-за якой ён гатовы нават узысці на крыж.

Дай Бог, каб для нас з вамі Крыж Хрыстовы стаў знакам усяго нашага жыцця.

Гасподзь бачыць людзей, якія не прынялі Яго як Нябеснага Цара, а захацелі прыстасаваць Яго для сябе, зрабіўшы царом зямным. Не для знешняй перамогі прыйшоў у свет Хрыстос: Яму прапанавана было Царства, і Ён адмовіўся ад яго. У момант здрады Яго на смерць, Ён сказаў: « Няўжо вы думаеце, што я не магу ўмаліць Айца Майго паслаць легіёны ангелаў, якія абаранілі б Мяне? «. Але ніколі не быў Хрыстос больш Царом, чым тады, калі, акружаны зласлівым і ўлюлюкаючым натоўпам, ішоў ён да Галгофы, нясучы на плячах Крыж Свой. Ніколі не была так відавочная царскасць Яго і сіла, як у той момант, калі вывеў Пілат Яго, апранутага ў барвовую вопратку, асуджанага на смерць злачынцу, з цярновым вянком на галаве, да ашалелага натоўпу і сказаў гэтым людзям: «Гэта Цар ваш!».

Вось тут уся таямніца хрысціянства, і таму перамога яго – у радаснай веры, што ў Тым, ад Каго адвярнуліся амаль усе, Каго асудзілі на смерць і распялі, заззяла ў свеце любоў Божая, адкрылася Царства, над якім ніхто не мае ніякі ўлады. Толькі прыняць Хрыста павінен кожны з нас, прыняць усім сэрцам, усёй верай, усёй надзеяй. Інакш усё роўна не маюць сэнсу ніякія знешнія перамогі.

І, магчыма, нам патрэбна было гэта знешняе паражэнне хрысціянскага свету, трэба было гэта збядненне веры і адхіленне ад яе, каб ачысціліся мы ад усякай зямной ганарыстасці, ад надзеі на знешнюю сілу, на знешнюю перамогу, каб ачысцілася наша бачанне Крыжа Хрыстова, які ўзносіцца над намі і над светам, нават калі мы і свет не бачым гэтага.

Калі мы пакланяемся Крыжу, мы як бы бяром Яго на сябе, мы вырашаем ісці за Ім, а шлях Хрыстос нам паказаў: « Вазьмі крыж свой і ідзі за Мной». Узяць свой крыж і ісці ўслед Хрысту, распяцца разам з Ім – вось сапраўдны шлях хрысціяніна. З гэтага пачынаецца хрысціянства. Яго пачатак – адхіленне сябе, барацьба з грахом, які жыве ў нашым сэрцы, і распяцце разам з Хрыстом на дадзеным кожнаму з нас Госпадам крыжы. Каб спазнаць Крыж Хрыстоў, трэба панесці свой крыж.

 І няхай усё наша жыццё будзе нясеннем гэтага крыжа – знака перамогі і рашучасці так жыць і так паміраць, як паміраў Гасподзь. Вось пра што ўсе мы з вамі яшчэ і яшчэ раз павінны вельмі сур'ёзна падумаць, каб і жыццё наша з вамі хрысціянскае была сур'ёзным, было не фармальным, а было менавіта тым, якім чакае яго ўбачыць Гасподзь і Збавіцель наш Іісус Хрыстос. Няхай дапаможа ўсім нам, браты і сёстры, прасвятая сіла Жыватворчага Крыжа Господня несці свой жыццёвы крыж, і няхай дапаможа гэтая прасвятая сіла Жыватворчага Крыжа ўсім нам быць годнымі хрысціянамі.

Крыж узносіцца і перамагае, нягледзячы ні на што. І ў якіх бы ні быў чалавек прыцемках, наколькі б знешне не святкавала ў свеце зло, сэрца ведае і чуе: «Мужайцеся: Я перамог свет».


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)

Расписание богослужений

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)