ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Віншую вас, дарагія браты і сёстры, з вялікім і радасным святам - сусветнай радасцю Светлага Хрыстова Уваскрасення! Царква ў сваіх песнапеннях называе гэту падзею - паўстанне з мёртвых Сына Божага і Госпада нашага Іісуса Хрыста - Святам са святаў і Урачыстасцю з урачыстасцяў, якiя сцвярджаюць у нашым жыцці ідэалы дабрыні і святасці, нараджаюць у душы самыя светлыя і высакародныя пачуцці. Пасха - гэта не проста свята. Гэта - сутнасць хрысціянства. Якою свабодай і якою бясстрашнасцю надзяліў Збавіцель хрысціянаў! Якую магутнасць усяляе Ён у душы Сваіх паслядоўнікаў! Мы не сіроты ў гэтым свеце. З намі - Айцец Нябесны! Няхай прыгнятаюць нас штодзённыя клопаты і турботы, няхай пануюць на зямлі хваробы, гора і нястачы, няхай лютуе «князь свету гэтага» - з намі Гасподзь Усемагутны! Няхай пагражаюць нам тысячы смерцяў - з намі Бог, Які ўваскрашае з мёртвых!

Смерць на зямлі цяпер для нас не страшная: яна - сон, яна - успенне, яна - часовая з'ява ў нашым быцці.

«Смерць, дзе тваё джала?! Пекла, дзе твая перамога?!» Царква сцвярджае, што Сын Божы смерць нашу ператварыў у сустрэчу з Сабой, у пярэдадзень уваскрасення. Таму не баімся больш мы, хрысціяне, нікога, хто можа пазбавіць нас зямнога жыцця - нам у Хрысце належыць жыццё вечнае. Пра гэта сведчыць прыклад мільёнаў мучанікаў старажытнасці і нашых дзён: яны сустрэлі смерць і перамаглі яе вераю і любоўю...

Мы жывем у свеце, які адрокся ад Бога і заняты толькі самім сабою. І амаль няма месца ў ім любові Божай, Божаму святлу. Але вось у гэты дзень мы гаворым самі сабе, і гаворым свету, і сведчым: не памерла, не загінула, не знікла, не адышло ў нябыт Царства Хрыстова.

«Святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.» (Іаан.1:4) «Вароты пякельныя не адолеюць Царкву» (Мф.16:18), не перамогуць Царства Божага - Царства жыцця і Царства любові, перамогі над злом і над смерцю. І радасці гэтай веры ніхто не адыме ад нас.

Хрыстос уваскрэс для таго, каб гэтае пасхальнае лікаванне было бясконцым не толькі ў нашым зямным, але і ў будучым жыцці.

Уваскрасенне ў любові Божай - вось мэта, вось найвышэйшы сэнс чалавечага жыцця.

У светлы дзень Пасхі Гасподняй малітоўна жадаю усім вам найвялікшай радасці - узаемнай любові і яднання ў Хрысце, Які перамог смерць і ўваскрэс. І жыць, і памерці, і ўваскрэснуць у любові Збавіцеля, праслаўляючы Яго за вялікія міласці да роду чалавечага, - вось шчасце хрысціянскае.

З Пасхаю Гасподняй вас, праваслаўныя! Хрыстос уваскрэс!

 2008

"Пропаведзі"