Cвятых жанчын-міраносіц

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Сёння, у Нядзелю трэцюю пасля  Пасхі, Праваслаўная Царква адзначае свята ў гонар святых жанчын-міраносіц і святых праведных Іосіфа Арымафейскага і Нікадзіма. Са Святога Пісання мы ведаем, што ўсе яны былі вучнямі Гаспада нашага Іісуса Хрыста. Праўда, што да Іосіфа і Нікадзіма, то яны былі тайнымі вучнямі Збавіцеля з-за страху перад іудзеямі.

…Набліжаліся пакуты Сына Божага і Яго смерць на Крыжы. І мы бачым, што нават самыя набліжаныя да Хрыста вучні пакінулі свайго Настаўніка. І той, хто казаў усім: “Пойдзем і мы, каб памерці з Ім” (Іаан.11:16), апостал Фама, напужаны, уцёк з іншымі, ды і той, хто схапіў нож і адсёк вуха рабу першасвятара, – Пётр, таксама тройчы адрокся ад Хрыста. Не пакінулі Яго толькі гэтыя слабыя і, канешне ж, баязлівыя жанчыны, якія настолькі ўзлюбілі свайго Госпада, што нават тады, калі, здавалася б, разам з Ім на Крыжы памірала іх надзея і іх вера, яны працягвалі верыць, спадзявацца і любіць насуперак усяму.

Як мы ведаем, на Галгофе, побач з Крыжам, знаходзіліся Прачыстая Маці Божая, Іаан, адзіны з Яго вучняў, і жанчыны-міраносіцы. Калі Хрыстос памёр, праведны Іосіф Арымафейскі папрасіў дазволу ў Пілата зняць з Крыжа Цела Іісуса і пахаваць Яго ў сваім фамільным склепе. Была пятніца – пярэдадзень суботы. Тая субота была асабліва значнай для іудзеяў, бо гэта была не проста субота спакою, але гэта быў яшчэ і дзень Пасхі. Таму вельмі хутка, каб выканаць усе патрабаванні старазапаветнага закона, быў пахаваны Гасподзь наш Іісус Хрыстос. І яшчэ не наступіла раніца наступнага за суботай дня, а жанчыны-міраносіцы ўжо спяшаліся да склепа, дзе спачываў Сын Божы. Яны ішлі, каб памазаць мірам Цела іх любімага Настаўніка.

Можна меркаваць, што гэтыя жанчыны не ведалі, што каля магілы Збавіцеля стаіць варта, бо яны нічога пра гэта не кажуць. І нам пра гэта нічога не вядома са старонак Святога Пісання. Адзіным болем іх сэрца была думка пра тое, хто ж адваліць ім вялікі камень ад увахода ў склеп. Заклапочаныя ёю, спяшаліся яны ў начной цемры да магілы, у якой знаходзілася Прачыстае Цела Сына Божага. Якое ж было іх здзіўленне, калі яны ўбачылі, што нехта адваліў камень. Але яшчэ больш здзівіліся яны і, разам з тым, спалохаліся, калі ў глыбіні склепа ўбачылі светлага юнака, які абвясціў ім найвялікшую радасць – вестку аб Уваскрасенні Хрыстовым – і загадаў ісці да астатніх вучняў і расказаць ім пра гэта найвялікшае цуда. І мы ведаем, як хутка вярнуліся жанчыны ў Іерусалім, сярод якіх была і Марыя Магдаліна, узвясціўшая вучням пра Паўстанне з мёртвых Хрыста.

Нядзіўна, браты і сёстры, нам бачыць вялікія натоўпы людзей, якія ішлі за Хрыстом, слухаючы Яго зямную пропаведзь. Нядзіўна таму, што гэта была не толькі незвычайная пропаведзь, але яна яшчэ суправаджалася і рознымі цудамі. Гасподзь здзяйсняў мноства ацаленняў і нават вяртаў жыццё памерлым, сярод якіх была і дачка Іаіра, і сын наінскай удавы, і праведны Лазар. Нядзіўна было ісці за Хрыстом, калі Ён двойчы здзейсніў цуда насычэння некалькіх тысяч людзей нязначнай колькасцю ежы. Але ўражвае нас тое, што мы бачым гэтых жанчынаў і апостала Іаана Багаслова разам з праведнымі Іосіфам і Нікадзімам у момант найвялікшай знявагі Госпада, калі Ён паміраў на Крыжы. Таму не выпадкова менавіта святыя жанчыны-міраносіцы першымі пачулі ад ангелаў пра Уваскрасенне Хрыстова, бо іх любоў, іх вера і іх надзея былі настолькі вялікімі, што, дзякуючы гэтым сваім дабрадзейнасцям, яны першыя з людзей даведаліся, што Хрыстос уваскрос. І менавіта яны першыя пачулі ад Яго тое “Радуйцеся”, якое навекі стала сутнасцю хрысціянства. Гэтай любові, гэтай адданасці першай дадзена было даведацца, што не трэба больш плакаць, што пераможана смерць і няма і не будзе ўжо ніколі гэтага безнадзейнага расстання. Вось у чым сэнс гэтай Нядзелі жанчын-міраносіц. Яна нагадвае нам, што адны любоў і вернасць ззялі тады, у той безнадзейнай цемры. Яна кліча нас да таго, каб не памерлі і не зніклі ні любоў, ні вернасць у свеце. Яна судзіць наша маладушша, наш страх, наша вечнае і рабскае самооправданіе. Гэтыя жанчыны, якія на досвітку ідуць да магілы Збавіцеля, – так мала месца займаюць у Евангеллі, але аднак менавіта тут вырашаецца вечны лёс кожнага з нас. Жыццё чалавечае не мае ніякага сэнсу, акрамя такой любві.

У гэты дзень усім нам, браты і сёстры, неабходна зноў і зноў задумацца над вялікай роллю і значэннем жанчыны-хрысціянкі. У гэты нядзельны дзень усім нам, браты і сёстры, неабходна зноў і зноў задумацца над той вялікай роллю і значэннем жанчыны-хрысціянкі. Служэнне жанчыны ўжо ў старажытнай Царкве набыло свае асаблівыя формы. Вядомыя сваім праведным жыццём дыяканісы дапамагалі прасвітарам у здзяйсненні таінства хрышчэння. Першыя ж хрысціянскія абшчыны мелі ўжо ў сваім складзе жанчын, якія справамі міласэрнасці, клопатам пра надзённыя патрэбы тых, хто быў побач з імі і меў у гэтым неабходнасць, не маючы магчымасць самастойна забяспечваць сваё жыццё, садзейнічалі хрысціянскай пропаведзі. Іх подзвігі набожнасці выклікалі захапленне нават у язычнікаў. Так адзін з іх, настаўнік свяціцеля Іаана Златавуста, у захапленні ўсклікнуў: “Якія жанчыны ў хрысціян!” Святыя жанчыны былі сярод першых хрысціянскіх мучанікаў за веру і сваёй святой крывёю сцвярджалі сапраўднасць евангельскай пропаведзі.

Дзякуючы жанчыне Царква Хрыстова працягвае сваё існаванне і сёння, у дваццаць першым стагоддзі. Канешне, вера існуе на зямлі дзякуючы той благадаці і міласці Божай, якая была, ёсць і будзе ў Царкве да сканчэння часоў. Але не будзем забываць, што ў самыя цяжкія і небяспечныя часы менавіта жанчыны не пакідалі Яе – а значыць, не пакідалі і Самога Госпада. Свяцейшы патрыярх і вызнаўца праваслаўнай веры Ціхан казаў у тыя страшныя і крывавыя дваццатыя гады мінулага стагоддзя, што Царква захавалася дзякуючы тым “белым хустачкам”, якія былі прыхаджанамі нашых святых храмаў. І нават калі ў шматпакутнай Расіі засталося ўсяго некалькі архірэяў і ўсяго некалькі дзесяткаў незачыненых храмаў (толькі ўявіце сабе: вялікая Расія – і некалькі дзесяткаў незачыненых храмаў! ) у гэтыя ўцалелыя храмы хадзілі, канешне ж, баючыся, як і сёння мы чулі ў Святым Пісанні, але ўсё ж такі хадзілі вернікі, сярод якіх большасць складалі жанчыны. Яны неслі ў сваіх руках не міра… А што тады неслі яны? Хтосьці – кавалачак хлеба, хтосьці – некалькі бульбін, хтосьці – некалькі яек. Навошта яны гэта неслі? – Каб аддаць гэтую ежу, гэтыя прадукты святару, каб той не памёр з голаду і мог працягваць сваё служэнне, каб Слова Божае працягвала гучаць на нашай зямлі. І так было заўсёды: і ў часы Хрыста, і зусім нядаўна, літаральна некалькі дзесяцігоддзяў назад. І сёння ўсім нам, для каго шырока адчыненыя дзеры храмаў, неабходна помніць пра подзвіг святых жанчынаў, вучыцца ў іх веры, надзеі і любві да Гаспада нашага і Яго Святой Праваслаўнай Царквы.

У гэты дзень узгадваюцца словы аднаго нашага царкоўнага іерарха. У той страшны час, калі дзяржавай кіравалі людзі, вырашыўшыя знішчыць Царкву Хрыстову, калі дамоклавым мячом вісела над Ёю пагроза знікнення, мала каму з архірэяў дазвалялі выязджаць за мяжу. Усякі раз, калі хто-небудзь трапляў у замежжа, ён мог пачуць прыкладна наступнае: вось памруць апошнія прыхаджанкі і некаму будзе хадзіць у царкву. А той архірэй, які чуў усё гэта, так адказваў на падобныя словы: “А нашы бабулі несмяротныя!” І сапраўды, яны – несмяротныя, неўміручыя, а значыць – несмяротная, неўміручая і Святая Праваслаўная Царква. І пакуль будуць нашы і бабулі, і маці, і сёстры, і жонкі захоўваць і зберагаць у сваіх сэрцах тую ж веру, тую ж надзею,тую ж любоў да Госпада, якія былі ў сэрцах святых жанчын-міраносіц, будзе існаваць Царква – а значыць, будзе стаяць і гэты свет! У гэта трэба верыць. Свяшчэннамучанік Серафім (Чычагоў) звяртаў увагу савецкіх жанчын: “Яны ўсе тым больш дарагія нам і блізкія нашаму сэрцу, што былі такімі ж простымі людзьмі, як і мы, з усімі чалавечымі слабасцямі і недахопамі, але з прычыны бязмежнай любові да Хрыста духоўна адрадзіліся, дасягнулі праведнасці і выканалі на сабе кожнае слова вучэння Сына Божага. Гэтым сваім унутраным перамяненнем святыя жанчыны-міраносіцы яскрава паказалі і даказалі ўсім паслядоўнікам Хрыста, што такое ж выратавальнае духоўнае адраджэнне і ўнутранае перамяненне не толькі магчымае для тых, хто хоча ісці ўслед за Збавіцелем, але і абавязковае пры ўмове іх гарачай і шчырай веры, і што здзяйсняецца яно благадатнаю сілай евангельскага аблічэння, настаўлення, умацавання, натхнення і пабуджэння да духоўных подзвігаў, а падзвіжнікі набываюць Царства Божае, якое ёсць праўда, мір і радасць у Святым Духу.” Яны дасягнулі гэтага з-за любві сваёй да Хрыста і з дапамогай шчырага пакаяння пазбавіліся ад грахоў сваіх і ацаліліся ад сваіх грахоўных страсцей, што ўладарылі над кволай чалавечай прыродай. І вечна яны будуць служыць усяму хрысціянскаму свету прыкладам моцнай і жывой любві, хрысціянскага жаночага клопату пра чалавека, узорам дасканалага пакаяння!

Сённяшні дзень з’яўляецца вялікім жаночым хрысціянскім святам. Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка – гэта штучная дата, якая па сваім унутраным змесце карэнным чынам адрозніваецца ад таго жаночага свята, што прапануе нам Праваслаўная Царква. Пра гэта адрозненне вельмі добра казаў нядаўна далучаны да ліку святых угоднікаў Божых епіскап Крымскі Лука (Война-Ясенецкі), адзін з вызнаўцаў праваслаўнай веры дваццатага стагоддзя. Уладыка называў дзень святых жанчын-міраносіц – “вялікім хрысціянскім жаночым днём. Ушаноўваем мы ў гэты дзень святое права ўсіх жанчын на дасягненне самай вялікай чалавечай годнасці, непамерна больш вышэйшай, чым любая годнасць палітычная або грамадянская”. У чым жа бачыць гэтую годнасць епіскап Лука? Гэта – права на святасць, права на самае блізкае сяброўства з Госпадам Іісусам Хрыстом. І ў гэтым сутнасць сённяшняга свята для ўсіх жанчын-хрысціянак. Яны – узор клопату, самааднанасці, самаахвярнасці, любові, спачування. І калі б не было іх прысутнасці сярод нас, не было б гэтага святла чысціні і дабрыні, зыходзячага ад іх, наш свет, нягледзячы на ўсе яго поспехі і дасягненні, быў бы ўсяго толькі страшным светам. Можна без перабольшання сказаць, што чалавечнасць чалавека выратавала і выратоўвае жанчына, і выратоўвае не словамі, не ідэямі, а проста тым, што яна ёсць, гэтай сваёй прысутнасцю і існаваннем.

Адзін гэты факт робіць сённяшняе свята не проста “жаночым” днём, а днём малітоўнага памінавення ўсіх тых, хто абраў сваім лёсам ахвярнае служэнне Госпаду. Па прыкладу святых жанчын-міраносіц зробім сваёй галоўнай і першай справай шлях за Хрыстом – у любых абставінах, якія з намі здарацца. Як і гэтыя вялікія жанчыны, будзем крочыць гэтым шляхам і зможам атрымаць у сваёй душы вестку пра Уваскрасенне Хрыстова, каб новае жыццё Уваскрасення Хрыстова адкрылася нам як наша ўласнае уваскрасенне, і мы даведаліся, што гэты адзіны сэнс жыцця – любоў. Амінь.


Расписание богослужений

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)