Пра сляпога

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Мы чулі сёння апавяданне пра сляпога  ад нараджэння  чалавека. Самі мы не ведаем,  зыходзячы са свайго ўласнага  жыццёвага  вопыту, што  такое цялесная слепата, але мы можам уявіць, наколькі гэты чалавек быў быццам бы наглуха замураваным у самім сабе.

Мы не сляпыя фізічна, але шмат хто з нас замыкаецца ў сабе і становіцца зацятым.

 Калі мы звернем увагу на сваё жыццё, то зробім сумныя высновы: мы ўбачым, што ў адносінах да маральнага, духоўнага, у тым, што тычыцца разумення ісціны, мы, па сутнасці, з’яўляемся сляпымі ад нараджэння. Мы сляпыя, мы глухія, мы абыякавыя да ўсяго, што адбываецца вакол нас. Мы ўсе – пакаленне слепанароджаных, сляпых ад самага нараджэння. У сваёй большасці народжаныя мы па-за верай у Госпада. Нашы духоўныя вочы, згодна з адпаведным планам, складзеным яшчэ ў старажытнасці, павінны былі застацца заплюшчанымі аж да самага смяротнага часу. І мільёны, мільёны людзей павінны былі адысці ў жыццё вечнае, так нічога не даведаўшыся ў сваім часовым зямным жыцці ні пра Бога, ні пра жыццё духоўнае, ні пра сваю ўласную душу, ні пра духоўны свет. Было зроблена ўсё, каб мы, якія прышлі ў свет гэты слепанароджанымі ад сваіх, вельмі часта таксама сляпых ад нараджэння, бацькоў, засталіся такімі назаўсёды.

На самым пачатку мінулага стагоддзя святому праведнаму Іаану Кранштацкаму было паслана відзенне пра лёс нашага народа: ”Вось я бачу мноства людзей, яны ідуць і пакутуюць ад моцнай смагі, на лбах – зоры. Яны ўбачылі нас і моцна закрычалі: ”Святыя айцы, памаліцеся за нас. Вельмі цяжка нам, а самі мы не можам. Бацькі не вучылі нас закону Божаму. Нават імені Хрыстова няма ў нас, мы не атрымалі дара Духа Святога і адмовіліся ад крыжовага знамення”. І заплакалі.

Але з намі здарыўся цуд Божы. Гасподзь, нават не пытаючыся ў нас, ці верым мы ў Яго (а, наадварот, хутчэй за ўсё ведаючы, што ніякай веры ў нашых душах якраз і няма) глеем і няпростымі жыццёвымі выпрабаваннямі, быццам святым мірам, памазаў нас, і мільёны, мільёны людзей у нашай краіне ацаліліся. Яны пачалі бачыць, у іх раскрыліся духоўныя вочы.

Нашы сучаснікі, ацалённыя сляпыя, як і той сляпы ад нараджэння жабрак, перанеслі нялёгкія выпрабаванні допытамі і здзекамі ад фарысеяў веку гэтага, і шмат хто з нас быў ізаляваны ад сваіх сяброў і сваякоў, нібыта апынуўся ў духоўным вакууме. Тое, што адбылося з евангельскім сляпым, адбылося і шмат з кім з нас. Наша здольнасць бачыць азначае, што мы пачынаем заўважаць свае ўласныя грахі і здольнасць здзейсніць любое зло, любую здраду. Мы сталі відушчымі – і пачынаем бачыць свет такім, якім ён ёсць на самой справе: апанаваным злом і грахом. І калі да нас вяртаецца зрок, мы пачынаем бачыць і больш за ўсё шанаваць у свеце гэтым Божую міласэрнасць і праявы міласці Божай да ўсяго невідушчага чалавецтва.

Усё наша жыццё гэта суцэльныя пакуты! Кожны з нас у свеце гэтым пакутуе і вакол сябе бачыць адныя пакуты. Іх значна больш, чым радасці і шчасця у жыцці.

Канешне, пакуты нашы гэта наступствы граху, наступствы зла, але зусім не толькі “за штосьці” яны пасылаюцца чалавеку. Яны пасылаюцца “для чагосьці”, даюцца з пэўнаю мэтай, маюць пэўны сэнс. Пакуты сляпога былі пасланыя яму, “каб выявіліся дзеі Божыя на ім” (Іаан.9:3). Гэта, канешне, не значыць, што чалавек страціў зрок для таго, каб пасля на ім праявілася дзеянне ўсемагутнай сілы Божай. Хрыстос хоча толькі сказаць, што на сляпым жабраку праявіўся ўвогуле глабальны Промысел Божы і Яго клопат пра людзей, якія ў большасці сваёй застаюцца нябачнымі для чалавечых вачэй. Ацаленне сляпога, якое здзейсніў Хрыстос, Ён разглядаў як адну з праяваў дзеяння Промысла Божага аб людзях. Гэта значыць, што пакуты і выпрабаванні пасылаюцца нам з пэўнай мэтай. А калі яны маюць мэту, то, адпаведна, маюць і пэўны сэнс.

Сам добраахвотна прымаючы пакуты, аддаючы, у адпаведнасці са Сваёй уласнай воляй, ім Сябе, Хрыстос – Сын Божы – увайшоў у нашыя пакуты, цалкам прыняў іх, прыняў іх да канца. Паказаўшы, такім чынам, Сваімі пакутамі і для нас магчымасць нашыя пакуты ператварыць у духоўны подзвіг, у духоўную барацьбу, у духоўную перамогу. Для нас, хрысціян, пакуты заўсёды напоўнены сэнсам. Мы ведаем, што да адраджэння, да аднаўлення, да адкуплення, да пераадолення зла заўсёды вядзе вузкі шлях – шлях Хрыста, шлях пакутаў – крыжовы шлях, Крыж. Прыняцце пакутаў ёсць прыняцце Крыжу.

“Жыццёвыя выпрабавінні – добры знак: яны паказваюць, што мы на цесным шляху знаходзімся” – гаворыць прападобны Іосіф Опцінскі.

Свяціцель Феафан, затворнік Вышынскі, павучае: ”Ведайце, што калі да нас прыходзяць выпрабаванні, гэта нам Сам Гасподзь паказвае шлях у Царства Сваё, ці нават больш – бярэ за руку і вядзе туды. Таму не крычыце і не тупайце нагамі, а з удзячнасцю пераносце ўсе выпрабаванні”.

Часта мы бянтэжымся і гаворым, што з намі не адбываюцца такія цуды, як ацаленне ад духоўнай слепаты, духоўнае перамяненне. З намі доўга не адбываецца нічога з таго, пра што гавораць нашы духоўныя настаўнікі, святыя айцы, апосталы і само Евангелле. Мы здзіўляемся: чаму? Па той простай прычыне, што мы не паводзім сябе так, як той сляпы ад нараджэння чалавек, не маем такой жа веры, такой жа паслухмянасці Богу і спадзявання на Яго, як у сляпога жабрака. Нам, магчыма, здаецца, што нельга параўноўваць яго і нас ва ўсіх адносінах, аднак у адносінах цвёрдасці і рашучасці, якія былі ў яго пасля ацалення, дзякуючы якім ён і стаў духоўна відушчым, кожны з нас павінен параўнаць сябе з ім

 Вось так і мы павінны рабіць. Каму Гасподзь з’яўляецца і каму адкрывае Сябе? Толькі тым, хто мае адвагу Яго вызнаваць. А што гэта азначае? Гэта пэўная жыццёвая пазіцыя. І сутнасць гэтай жыццёвай пазіцыі ў тым, каб не быць, як усе.

“Будзь уважлівы да сябе”, – так гаворыць Закон Божы, а закон свету гэтага гаворыць процілеглае: ”Глядзі навокал, і тады жыццё тваё будзе добрым і прыгожым”. Свяціцель Ігнацій Бранчанінаў кажа: “Дзейнасць – неабходны шлях да пільнасці, і гэты шлях святыя айцы раяць усім, хто хоча навучыцца ўважлівасці да сябе”.

Мы не знойдзем Хрыста ў сучасным свеце, калі не станем вернымі чадамі Святой Царквы.

Хрыстос ацаляе сляпога і кажа: “Я раблю справы Таго, Хто паслаў Мяне”. І мы з вамі пасланыя ў гэты свет, мы з вамі жывём у гэтым свеце як пасланцы самога Хрыста, і таму мы з вамі павінны браць з Яго прыклад, рабіць Яго справы – гэта значыць, заўсёды, заўсёды дапамагаць, заўсёды спачуваць, заўсёды быць спагадлівымі ў адносінах да тых, хто побач з намі. І глядзіце, браты і сёстры, рабіце гэта, пакуль ёсць дзень, выконвайце справы Хрыстовы; прыйдзе ноч – смерць, калі ўжо рабіць гэтага будзе нельга. І пакуль ёсць такая магчымасць, будзем іх выконваць, таму што гэтыя справы – справы Божыі, справы, якімі мы зможам выратаваць сябе ў вечнасці і ў гэтым жыцці. Амінь.


Расписание богослужений

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)