ВIНШАВАННЕ Ў ДЗЕНЬ СВЯТОЙ ТРОIЦЫ, ПЯЦІДЗЯСЯТНІЦЫ

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Пяцідзясятніца, беларуская школа, другая палова XVIII ст.Пяцідзясятніца, беларуская школа, другая палова XVIII ст.У свята Пяцідзесятніцы мы ўзгадваем падзею, якой завяршылася справа выратавання рода чалавечага. У гэты дзень Гасподзь паслаў на Сваіх вучняў Святы Дух, Які сышоў на іх у выглядзе вогненных языкоў. Хрыстос вучыў пра Царства Божае – і вось яно раскрылася! Хрыстос абяцаў, што Дух Божы адкрые Ісціну – і вось гэта здзейснілася.

Сёння мы адзначаем дзень Святога Духа. Святы Дух усё Сабою напаўняе і падае жыццё ўсяму існаму. Напаўняе Ён і сэрцы чалавечыя. Святы Дух з намі, Ён ажыватварае ўсё наша жыццё, якасна перамяняе і змяняе яго, робіць зусім іншым. Пры ўздзеянні Духа Святога челавеку падаецца ўся блажэнная паўната самых цесных дачыненняў і стасункаў з Богам. Адзінасутны і непадзельны ў Прасвятой Троіцы Гасподзь Бог, менавіта таму той, хто далучаны да благадаці Святога Духа, парадняецца з Сынам Божым і ўсынаўляецца Нябеснаму Айцу. Менавіта такую паўнату благадатных дароў атрымалі апосталы Хрыстовы ў згаданы дзень Пяцідзесятніцы.

“Як Сын Божы з’явіўся на зямлі бачным вобразам, так і Духу Святому таксама трэба было з’явіцца такім чынам”, – гаворыць свяціцель Грыгорый Багаслоў. У Сіонскую святліцу, дзе чакалі абяцанага Суцяшыцеля апосталы, з бурным подыхам ветру сышоў Дух Божы ў выглядзе вогненных языкоў. Так адбылося хрышчэнне Духам Святым і агнём (Лк.3:16), прадказанае найвялікшым са старазапаветных праведнікаў – Прадцечам і Хрысціцелем Гасподнім Іаанам.

Многія пакаленні людзей прайшлі праз гэты вопыт перамянення жыцця прысутнасцю Духа Святога. Успомнім рыбакоў, на якіх Дух Святы сышоў у дзень Пяцідзесятніцы. Гэта былі простыя галілейскія рыбакі, людзі някніжныя. І толькі пасля таго, як Дух Святы сышоў на іх, калі яны пачалі размаўляць на іншых мовах, калі адчулі ў сабе новыя сілы і новыя здольнасці, яны пачалі набліжацца да разумення свайго сапраўды ўсяленскага паклікання: прапаведаваць Евангелле ўсім народам. Дух Святы перамяніў саму іх сутнасць і падрыхтаваў да подзвігу, асвяціў для атрымання прамяністых нябесных вянцоў.

Так у Сіонскай святліцы было заснавана нябачнае, але да сканчэння часоў непарушнае Царства Святога Духа на зямлі. Дух Гасподні спачыў на Царкве Хрыстовай – маці ўсіх хрысціянаў, якой, згодна з абяцаннем Главы яе – Госпада Іісуса, не страшныя ўсе сілы пекла.

Апранутая ў панцыр благадаці Божай, Святая Царква перамагла ўсё хітрыкі князя свету гэтага – дыявала і адданых яму сыноў пагібелі: выстаяла сярод лютых старажытнарымскіх і навейшых расійскіх ганенняў, пазбегла спакусаў ілжывых ерасей і бязбожных вучэнняў, паўстала ў чысціні і святасці вучэння Хрыстова і заветаў апостальскіх і ўзводзіць у Нябеснае Царства верных сыноў і дачок сваіх. Уставаць і падаць, падаць, але зноў уставаць з нечыстаты і брыдоты, спадзеючыся на міласэрнасць Божую, і не аслабець ў духоўнай бітве з унутраным і знешнім злом – вось справа сапраўднага воіна Хрыстова ў гэтым поўным спакусаў свеце.

Першым зваротам святога апостала Пятра да народа, узрушанага і ўражанага з’яўленнем вогненных языкоў Духа, было слова “Пакайцеся!”. Пакаянне – вось першы неабходны крок на цярністым шляху набыцця благадаці Духа Святога.

“Калі Усявышні, сышоўшы, змяшаў мовы,то Ён тым раздзяліў народы; а калі падаў вогненныя языкі, Ён заклікаў усіх да адзінства…” У гэтых словах кандака свята Пяцідзесятніцы праводзіцца паралель паміж тым, што адбывалася на досвітку чалавечай гісторыі, – будаўніцтвам Вавілонскай вежы, – і тым, што адбылося ў пяцідзесяты дзень пасля Уваскрасення Хрыстова – сашэсцем Духа Святога на апосталаў. Тады людзі, апантаныя вар’яцкай ідэяй пабудаваць вежу, якая дасягала б да нябёсаў, былі пакараны Богам: яны пачалі размаўляць на розных мовах і перасталі разумець адзін аднаго. А ў дзень Пяцідзесятніцы кожны з соцень людзей, якія прыйшлі ў Іерусалім, пачуў апосталаў, якія гаварылі на яго роднай мове. Бязбожнае будаўніцтва стала прычынай раздзялення чалавецтва, а сыход Святога Духа аб’яднаў усіх людзей у адзінае Цела, адзіную Царкву, дзе ўсе разумеюць адзін аднаго таму, што прасякнуты адным духам і жывуць дзеля адной мэты.

З часоў будаўніцтва Вавілонскай вежы ўсё чалавецтва падзелена на розныя плямёны, розныя краіны, у кожнай з якіх свая мова, свая культура, свая цывілізацыя, свая духоўная традыцыя. І ўсе спробы ўніфікацыі мовы, культуры, светапогляду, як і ўзвядзенне Вавілонскай вежы, канчаліся ў лепшым выпадку няўдачай, у горшым – катастрофай. Мы ўсе былі сведкамі крушэння Вавілонскай вежы, якую будавалі напрацягу сямідзесяці гадоў: увесь гэты час людзей розных нацыянальнасцяў, розных культурна-гістарычных традыцый прымушалі размаўляць на адной мове, вызнаваць адну ідэалогію, навязаную ім бязбожнай уладай. У імя ідэі перамогі бязбожнай камуністычнай ідэалогіі мільёны людзей былі рэпрэсаваны, загнаныя ў лагеры, знішчаныя фізічна або маральна. Але дасягнутае адзінства аказалася недастаткова трывалым: вежа абрушылася ад першага подыху свежага ветру. Усе народы, гвалтоўна і штучна аб’яднаныя, зноў раздзяліліся і пачалі будаваць жыццё кожны па-своему.

Відавочна, што пасля будаўніцтва Вавілонскай вежы і да Другога прышэсця Хрыста ў чалавецтва не можа быць адзінага цывілізацыйнага стандарту. Чалавецтва асуджана на тое, каб быць падзеленым у адпаведнасці з рознымі культурнымі, духоўнымі і палітычнымі традыцыямі розных народаў і краін. Толькі ў Царкве Хрыстовай, дзе няма “ні эліна, ні іудзея”, або ў эсхаталагічным Царстве Божым гэта раздзяленне пераадольваецца. Тут жа, на зямлі, ні адна ідэалогія не можа стаць агульнай для ўсіх, ні адна светапоглядная, рэлігійная, культурная, цывілізацыйная або палітычная дактрына не зможа аб’яднаць чалавецтва. І ўсе спробы прымусіць людзей прыняць такую дактрыну скончацца правалам, падобным на разбурэнне Вавілонскай вежы.

Баганосныя айцы Царквы называюць галоўную, адзіную сапраўдную мэту дадзенага нам часовага зямнога жыцця – набыццё і захаванне благадаці Святога Духа ў сэрцах нашых. Асабліва выразна і падрабязна распрацавана гэтае вучэнне прападобным аввам Макарыем Вялікім, які ў старажытнасці здзяйсняў свой подзвіг у пустынях Егіпта. Яго запаветы нагадаў нашаму народу прападобны старац Серафім, падзвіжнік пустыні Сароўскай. Святыя айцы вучаць, што пост, малітва і ўсе нашы добрыя справы зусім не самамэта, а толькі неабходныя сродкі, каб умаліць Духа Святога ўсяліцца ў нашыя сэрцы – менавіта да гэтага неабходна імкнуцца нам, менавіта аб гэтым трэба несупынна прасіць Усявышняга. “Здабудзь Дух спакою, і тысячы выратуюцца вакол цябе!” – гаворыць прападобны Серафім Сароўскі, які сам прасвятляе, акрыляе і да гэтай пары працягвае выратоўваць для Царства Нябеснага мноства душ чалавечых.

У духоўным плане мы павінны скіроўваць свае позіркі да Другога прышэсця Хрыстова, да Царства Нябеснага, дзе мы будзем аб’яднаны Духам Святым у адзінай Пасхе, адзінай Пяцідзесятніцы. Менавіта да гэтага павінны мы рыхтаваць сябе ўсім сваім жыццём, кожнай справай і кожным словам. «Непакорнасць сучаснаму, непрымірымасць з ім і вера ў будучае няхай натхняюць нас, – гаворыць айцец Сергій Булгакаў. – Пяцідзесятніца не абяцае нам спакою і перамогі на зямлі, не абяцае нам гэтага і Хрыстос, але Ён кліча нас да барацьбы, да творчых справаў.»

Будзем падыходзіць да жыцця творча, будзем прасіць Духа Святога, каб Ён прыйшоў і ўсяліўся ў нас, каб Ён перамяніў наша жыццё і – праз нас – жыццё тых, хто побач з намі. Хрысціяне, верныя евангельскаму слову, верныя Святой Апостальскай Царкве, павінны і ў наш час усведамляць, што яны знаходзяцца сярод бяздушнага свету, варожага Хрысту. Іх вызначальнымі рысамі павінны быць непахісная вернасць Хрысту, адзінадушша ў вызнанні Апостальскай Веры, чысціня ў асабістым жыцці, пачуццё асаблівай адказнасці за Царкву і за лёс свету.

І, нарэшце, мы ніколі не павінны адыходзіць ад Царквы, страчваць жывую сувязь з Ёй. Бо што б ні здарылася з гэтым светам, з нашай краінай, з кожным з нас, Царква будзе стаяць да сканчэння часоў, і “вароты пекла не адолеюць яе.” І для кожнага з нас яна будзе заставацца Маці, якая аб’ядноўвае ўсіх нас у адзінае Цела ўздзеяннем Духа Святога. Амінь.

"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)


Расписание богослужений

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)