Прытча пра міласцівага самараніна.

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

У Нядзелю 25-ю пасля Пяцідзесятніцы ўзгадваецца прытча пра міласцівага самараніна.

Гэтая прытча гаворыць пра тое, якімі павінны быць адносіны паміж людзьмі і якая галоўная запаведзь у вучэнні пра Царства Божае.

Такім чынам, ішоў нехта з Іерусаліма ў Іерыхон. У Евангеллі няма нічога выпадковага. Здавалася б, Гасподзь выпадкова прамаўляе гэтыя два словы: «Іерусалім» і «Іерыхон». Не дарэмна Гасподзь гаворыць, што менавіта з Іерусаліма ў Іерыхон ішоў чалавек. Іерусалім азначае першапачатковы, не пашкоджаны грахом стан чалавека, а Іерыхон – гэта горад граху.

І з райскага стану чалавек ідзе да граху. Гэтай дарогай ідзе ўсё чалавецтва. Гэтае шэсце працягваецца і цяпер, і таму чалавек, які трапіў у рукі разбойнікаў, гэта не толькі той евангельскі пакутнік, а гэта ўсе мы, таму што ўсе мы ідзем гэтым жа самым шляхам з Іерусаліма ў Іерыхон – ад святасці да граху. І на нас нападаюць разбойнікі. А хто ж гэтыя разбойнікі? Гэта – д’ябал, які шкодзіць кожнаму чалавеку, наносячы яму мноства духоўных ран. А што гэта за духоўныя раны? Ды гэта тыя грахі, якія знаходзяцца на душы і на сэрцы кожнага з нас. Усе мы параненыя і цяжка пакутуем.

Тыя, хто праходзілі побач, бачылі збітага, голага чалавека, але не жадалі дапамагчы яму і губляць свой час. Магчыма, што яны самі баяліся трапіць у рукі злодзеяў або сустрэцца з якой-небудзь неспадзяванай непрыемнасцю. Так прайшоў міма святар, таксама і левіт «падышоў і, убачыўшы, прайшоў міма». Але вось з'явіўся на дарозе і яшчэ адзін падарожнік. Гэта быў самаранін, чужынец і нават вораг іудзеяў, бо іудзеі з самаранамі знаходзіліся ў вечнай варожасці і між собою не мелі ніякіх дачыненняў.

Убачыўшы параненага, самаранін злітаваўся над ім, абмыў і перавязаў ягоныя раны, пасадзіў на свайго асла і прывёз у бліжэйшае паселішча; там ён змясціў яго ў гасцініцу і, увогуле, добра пра яго паклапаціўся. На наступны дзень, ад’язджаючы, ён не пакінуў хворага незнаёмца без дапамогі, а даручыў клопат пра яго гаспадару гасцініцы, якому даў грошы і сказаў: «Паклапаціся пра яго, а калі болей што патраціш, я, як вярнуся, аддам табе».

Такім чынам, Гасподзь прывёў у прыклад самараніна – чалавека, які не належаў да «сапраўднай веры», да богаабранага народа ізраільскага. Іудзеі ставіліся да самаранаў з пагардай, да іх не дакраналіся, з імі не размаўлялі. Між дзвюма нацыямі існаваў на працягу шматлікіх стагоддзяў непераадольны бар'ер.

Такая пагарда да людзей, якія належаць да іншага народа, да іншай веры, была неўласціва. На працягу ўсяго Свайго зямнога жыцця Ён свядома пераадольваў бар'еры, створаныя людскімі рукамі. Менавіта таму Ён вельмі часта ў прытчах і пропаведзях прыводзіў у прыклад самаран, хананеяў, рымлян – усіх тых, да каго прававедныя іудзеі ставіліся варожа і з пагардай.

Такім чынам, дапамога незнаёмаму чужынцу і, магчыма, нацыянальнаму ворагу, была аказана з увагай, любоўю і без чакання якой-небудзь узнагароды». Адным словам, гэта было дзеянне «літасцівага сэрца».

Хто ж гэты самаранін? Пад самаранінам неабходна разумець Самога Хрыста Збавіцеля. І мы з досведу ўласнага жыцця ведаем, што Хто, як не Гасподзь аказвае Сваю шчодрую і багатую міласць нам, такім параненым і так цяжка пакутуючым? Хто, як не Гасподзь падае ацаленне, падае суцяшэнне ў гэтым зямным жыцці? Гасподзь ставіцца да нас з такой міласэрнасцю, якая перавышае ўсякае людское разуменне. І такой міласэрнасці павінны навучыцца ўсе людзі.

Гасподзь далей гаворыць, што самаранін узліў на хворага чалавека алей і віно. Што гэта? Вядома ж, гэта тыя Таінствы Царквы, якія, шчодра падаюцца кожнаму чалавеку і ацаляюць яго немачы, і душэўныя, і цялесныя. Гэта Божая благадаць, якая «нямоглых ацаляе і збяднелых абагачае». У прытчы таксама гаворыцца пра тое, што гэты паранены чалавек быў пасаджаны на асла і прывезены ў гасцініцу. Пад гэтымі словамі неабходна разумець тое вечна жывое евангельскае вучэнне, якім кіруецца чалавек у гэтым зямным жыцці, і Царкву Хрыстову, у якой кожны з нас атрымлівае ацаленне ад сваіх немачаў, душэўных і цялесных. І асабліва – у Таінстве пакаяння.

Самаранін, пакідаючы гаспадару гасцініцы параненага чалавека, гаворыць: «Я пакіну табе два дынарыі, даглядай за хворым». Што мы павінны разумець пад гэтымі двума дынарыямі? Вядома ж, не што іншае, як Святую Еўхарыстыю, як Прычашчэнне Цела і Крыві Хрыстовай. Вось гэтыя два дынарыі, якія пакінуты Хрыстом Збавіцелем для нашага ацалення. І звярніце ўвагу, браты і сёстры, на тое, што далей гаворыць Хрыстос. Ён ад асобы гэтага самараніна гаворыць гаспадару: «Я, як вярнуся, аддам табе». І тут Гасподзь гаворыць, што будзе Яго другое прышэсце, і Ён зноў прыйдзе на гэту зямлю. Для чаго? Для таго, каб аддаць кожнаму належнае па яго справах.

«Ідзі, і ты рабі гэтак»(Лк.10:37), – гаворыць нам сёння Іісус. Паўтараючы ўслед за Ім, апостал Павел у сваім пасланні да Эфесянаў, якое мы толькі што чыталі, піша: «малю вас хадзіць годна звання, у якое вы закліканы з усёй пакорлівай мудрасцю і лагоднасцю і доўгацярплівасцю, у любові трываючы адзін аднаго» (Эф.4:1-2). Аднак ён гаворыць, што неабходна засноўвацца не на пагардлівай пагардзе, не на ўсведамленні перавагі дужага над слабым, праведніка над грэшнікам, веруючага над няверуючым, а на любові. Апостал заклікае жыхароў Эфеса, а разам з імі і нас, да лагоднасці і доўгацярплівасці, лічачы, што менавіта ў гэтым і праяўляецца наша любоў адзін да аднаго. Тая самая любоў, без якой нікому з нас Царства Божага не атрымаць у спадчыну.

Здавалася б, як усё вельмі проста і зразумела! Гасподзь пакідае ўсім нам, Яго паслядоўнікам, такую простую і ясную запаведзь – запаведзь пра любоў.

Але што мы маем у нашым з вамі жыцці? Вядома, мы любім тых, хто нас любіць. Мы любім, магчыма, нашых родных і сваякоў. І тое, калі яны нам не дакучаюць, калі яны не прыносяць нейкіх турбот і праблем у нашым жыцці. А ў дачыненні да ўсіх астатніх – пра якую любоў можа ісці гаворка?! Вось і атрымліваецца: тое, што мы павінны выконваць – не выконваем. Нам усё хочацца сказаць: «Госпадзі, можа быць, Ты нас чаму-небудзь іншаму навучыш? Можа быць, ёсць нейкія іншыя шляхі, якія вядуць у Царства Тваё Нябеснае?» Вядома, браты і сёстры, такіх прамых пытанняў Богу мы не задаем, але наша жыццё сведчыць пра тое, што мы заўсёды ставім перад Богам гэтыя пытанні. Калі ў нашага жыцці не будзе выканання гэтых запаведзяў – запаведзяў пра любоў да Бога і да ўсіх тых людзей, што знаходзяцца побач з намі, то, вядома, ні пра якое Царства Нябеснае, ні пра якое набліжэнне да Бога не можа быць і гаворкі. Вось тыя павучальныя ўрокі, якія ўсе мы павінны засвоіць з сённяшняга евангельскага апавядання. Толькі любоў, сапраўдная, шчырая, глыбокая, заахвочвае чаловека на здзяйсненне добрых спраў. Калі добрыя справы будуць за нас хадатаямі на Божым судзе, то давайце часцей задумвацца над тым, як мы жывем, што мы робім і якіх сяброў мы маем у гэтым зямным жыцці.

Задумаемся пра гэта, пачынаючы наш шлях да свята Нараджэння Хрыстова. Акрамя выканання асабістых правілаў і абмежаванняў, якія павінны быць у час посту, давайце звернем ўвагу, паглядзеўшы вакол сябе, на тое, хто знаходзіцца побач са мною. Зараз, сёння, заўтра, заўсёды будзем думаць: хто той, каму я павінен дапамагчы, выказаць спачуванне, падтрымаць, аказаць міласць, да каго мне трэба ставіцца з любоўю? Тады Гасподзь увойдзе ў наша сэрца і падкажа, што вось ужо зараз неабходна ісці і ставіцца да людзей так, як міласэрны самаранін з адпаведнай прытчы. Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык

Расписание богослужений

Подать записку

Помочь храму

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Похвала Коложская

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)