ПРА СУЦІШЭННЕ БУРЫ

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Уратаванне Пятра, які тоне. Кніжная мініяцюра Х ст.Уратаванне Пятра, які тоне. Кніжная мініяцюра Х ст.За літургіяй, калі чыталася Евангелле, мы з вамі чулі апавяданне пра тое, як Гасподзь Іісус Хрыстос глыбокай ноччу пайшоў да сваіх апосталаў па вадзе Галілейскага возера і як апостал Пётр паспрабаваў здзейсніць той жа цуд хаджэння па вадзе, які здзейсніў яго Настаўнік. Трэба мець на ўвазе, што перад гэтым таксама здарылася неверагодная падзея – адбыўся дзівосны цуд насычэння хлябамі некалькіх тысяч чалавек.

Пасля гэтага Гасподзь паслаў сваіх вучняў увайсці ў лодку і плыць на іншы бераг Галілейскага возера, а Сам узышоў на гару памаліцца і быў там адзін.

Наступіла ноч. Апосталы плывуць у лодцы. На возеры паднялася бура. Галілейскае возера тым і характэрна, што яно – неспакойнае і што большасць бур на ім бывае або ў вячэрнюю пару, або ўначы. І вось, калі яны так плылі, іх і заспела бура. Несумненна, у барацьбе з ветрам і хвалямі, з небяспекай, якая ім пагражала, апосталы не раз і не два ўспомнілі аб тым, што не так даўно быў іншы выпадак, калі яны таксама плылі ў лодцы, але Настаўнік быў з імі, і калі ўзнялася бура, то Ён супакоіў і вецер і мора двума словамі: «Змоўкні, перастань.» Аднак тады яны былі разам з Ім, а зараз Яго няма…

Але Гасподзь Сваім усёвідушчым позіркам бачыў іх, якія бядуюць у плаванні, бачыў іх барацьбу з узняўшайся стыхіяй і, нарэшце, глыбокай ноччу, ужо перад самым світанкам, прама пайшоў да іх, ідучы па вадзе, як па суху, бо водная стыхія, быццам цвёрдая зямлі, трымала на сабе свайго Творцу і Уладара. Гасподзь ідзе па хвалях, якія бушуюць ад моцнага ветра, і паступова набліжаецца да іх. Але калі апосталы ўбачылі ў цемры нейкую постаць, то падумалі, што перад імі з’явіўся прывід, і спалохаліся, таму што ў іудзеяў было павер’е, быццам бы чалавек перад смерцю бачыць ангела смерці. І вось яны вырашылі, што такі ангел смерці набліжаецца да іх і, значыць, ім пагражае немінучая пагібель, і, спалоханыя, закрычалі ў прадсмяротным жаху.

І раптам вучні чуюць знаёмы і дарагі для іх голас: «Супакойцеся; гэта Я, не бойцеся!» (Мф.14:27). – Поўная перамена ад роспачу і жаху на спакой і радасць, бо Ён – з імі, і больш баяцца няма чаго, бо гэта Той, Хто двума словамі супакойвае буру. І апостал Пётр, як заўсёды самы імпэтны і імклівы з усіх, у захапленні жадаючы падбегчы да свайго Настаўніка, гаворыць Яму ў гарачым парыве: «Госпадзі! Калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе.» (Мф.14:28). Гасподзь Іісус Хрыстос ведаў наперад, чым скончыцца спроба Пятра, але, аднак, гаворыць яму: «Ідзі.» (Мф.14:29). Апостал выходзіць з лодкі на ваду, быццам на цвёрдую зямлю, і, не апускаючыся ў гэтую ваду, дзее той жа цуд, які здзейсніў яго Настаўнік: ідзе да Яго па вадзе, не тонучы ў ёй. Хрыстос-Збавіцель як Уладар усяго існага здзейсніў гэты цуд Сваёй Боскай сілаю, а апостал Пётр гэты ж цуд паўтарыў сілай сваёй апостальскай веры і любві да свайго Настаўніка.

Але гэта быў яшчэ чалавек не адроджаны благадаццю Духу Святога, як гэта адбылося потым, у дзень Св. Пяцідзесятніцы, калі апосталы прынялі ад Яго благадаць і сілу. Вецер бушуе, часамі за хвалямі хаваецца светлае аблічча Настаўніка. Пётр, як дасведчаны рыбак, ведаў, якая глыбіня ў яго пад нагамі, і, спалохаўшыся, засумняваўся. І як толькі пахіснулася яго ўпэўненасць і знікла вера, так зараз жа ён стаў звычайным смяротным, які падпарадкоўваецца ўсім уздзеянням і ўплывам стыхіяў свету гэтага, і пачаў тануць. «Госпадзі! Ратуй мяне!» (Мф.14:30) – у адчаі закрычаў Сіман Пётр, а Гасподзь, да Якога ён далёка яшчэ не дайшоў, ужо апынуўся каля яго, працягнуў яму руку дапамогі і з мяккім дакорам гаворыць яму: «Малаверны! Навошта ты засумняваўся?» (Мф.14:31). Звярніце ўвагу: Гасподзь папракае яго не за тое, што ён пайшоў па вадзе (бо Апостал пайшоў з благаславення Настаўніка, як і трэба рабіць усякую важную справу з благаславення старэйшага), а за сумненне: «Малаверны! Навошта ты засумняваўся?» (Мф.14:31). – Гэтым сумненнем ты ўсё сапсаваў, бо ты ішоў па вадзе, а пачаў сумнявацца – стаў тануць. І калі Ён увайшоў у лодку, то ўсе, хто быў у лодцы, узрушаныя цудам, пакланіліся свайму Настаўніку, гаворачы: «Ты сапраўды Сын Божы» (Мф.14:33).

Як павучальны гэты цуд для нас! Па-першае, ён паказвае, што такое вера і якую сілу яна дае чалавеку, калі цалкам яго напаўняе. Па-другое, ён нагадвае, што Гасподзь з намі і тады, калі нам падаецца, што Ён нібыта нас пакінуў, а на самой справе Ён ведае, разумее і чуе ўсе нашы жальбы, усе нашы праблемы і цяжкасці. І калі будзе трэба, Збавіцель прыйдзе, каб нам дапамагчы, як Ён прыйшоў да апосталаў, калі яны патрапілі ў буру. І калі Сын Божы і не з'явіцца нам бачным чынам у зямным Сваім абліччы, як Ён з'явіўся ім, то, ва ўсякім разе, благадаццю і сілаю Сваёю абавязкова паспяшаецца нам на дапамогу. Гэта – станоўчы прыклад для нашай слабасці і нашай немачы.

Усе мы ходзім па зыбкіх хвалях жыццёвага мора, якое вагаецца і хвалюецца рознымі зменлівасцямі. Усе мы ходзім па хвалях жыццёвага мора, ідзем па іх да брамы смерці на суд Божы. Якая каварная стыхія пад нагамі нашымі! Мы не можам ведаць, што здарыцца з намі праз нейкі час. Немагчыма прадбачыць, што прыдумае ліха, што паслужыць падставай і сродкам да бяды, адкуль паўстане спакуса. Па большай частцы ні папярэдзіць, ні адхіліць іх немагчыма.

І іншае мора, моры нябачнае – пад ступнямі нашымі. Іншымі вятрамі абураецца гэтае мора. Яно – наша сэрца, у якім бушуюць разнастайныя і шматлікія адчуванні і пачуцці. Яны знаходзяцца пад уплывам намераў, што ўзнікаюць у нас саміх або прычыняюцца нам духамі зла – ворагамі роду чалавечага. То апаноўвае нас туга і маркота, то абураныя мы гневам, то захопленыя юрам, то аслепленыя славалюбствам і гонарам. Гэты вецер – напор спакуслівых думак і помыслаў – часта бывае такі моцны, што мы не знаходзім сродкаў, каб змагацца з ім і супрацьстаяць яму, губляемся, засмучваемся, трапляем у роспач, набліжаемся да пагібелі.

Спакусы неабходныя для нас. Яны прыходзяць да нас у адпаведнасці з Промыслам Божым, каб мы, прыгнечаныя імі, звярталіся да забытага намі Бога.

Усе нашы жыццёвыя цяжкасці – нішто ў параўнанні са спазнаннем Бога. Стомленасць ад выпрабаванняў – кароткачасовая; сапраўднае веданне Жывога Бога – скарб вечны, заклад усіх вечных выгод.

Таксама і мы павінны так паступаць, калі паўстане бура душэўная, калі парушыцца спакой сэрца намерамі грахоўнымі. Жудасная бура нашых прагных заганных жаданняў і грахоўных страсцей. Гэта найгоршая з усіх знешніх бедаў. Унутраная небяспека больш страшная за знешнюю..

Як і апостал Пётр, павінны мы ад усёй душы звятацца да Госпада і прасіць Яго дапамогі. Збавіцель свету падаў тапельцу Пятру Сваю руку, каб выратаваць яго з бяды; пасылае Ён верным Сваім благадаць Божую, яна цудоўным чынам уздзейнічае на дух іх і ратуе тапельцаў, якія гінуць ад раз’юшанай буры неўтаймаваных страсцей.

Не будзем бянтэжыцца, калі ўбачым у сабе іх паўстанне. Мы – пашкоджаныя грахом, і страсці зрабіліся нам натуральнымі, як натуральныя хваробе розныя яе праявы. Пры паўстанні страсцей неабходна адразу ж звяртацца да Бога з малітваю і плачам, з цвёрдай рашучасцю супрацьстаяць спакушэнням і ў цярпенні чакаць дапамогі Божай. Страсці мучаюць не толькі тых, якія знаход-зяцца пад іх уладай, але і тых, хто дасягнуў поспеху у дабрачыннасцях. Гэта здзяйсняецца з асаблівага дазволу Божага, каб само знаходжанне ў дабрачыннасці не паслужыла для слабога чалавека чыннікам да самаўзнашэння і гонару . Нярэдка пасля працяглага супакою паўстае страшная бура; хто лічыў сябе ў бяспечным прыстанку раптам аказваецца ў адкрытым моры з вялікімі хвалямі.

Апосталы самі калісьці адчулі слабасць, недастатковасць веры і гавораць Свайму Настаўніку: «Памнож у нас веру!» Калі яны так гаварылі (яны, якія ўсё пакінулі і пайшлі за Сваім Настаўнікам, таму што Ён быў для іх даражэй за ўсё), тым больш нам з вамі, малаверным, трэба заўсёды маліцца, каб Гасподзь і ўмацаваў веру ў нас.

У наш цяжкі час, багаты на розныя выпрабаванні, ад нас, безумоўна, патрабуецца моцная вера і адданасць нашаму Госпаду, мы павінны цалкам давяраць Яму. Таму маліся заўсёды, хрысціянская душа, каб Гасподзь прыйшоў табе на дапамогу і ўмацаваў веру, каб яна была сапраўды цвёрдаю верай хрысціянскай. Амінь.


Расписание богослужений

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)