АПАНТАНЫ ХЛОПЕЦ

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

У літургійным евангельскім чытанні сённяшняга дня, апавядаецца пра тое, як Гасподзь Іісус Хрыстос на наступны дзень пасля Свайго Перамянення ацаліў у Галілеі хлопчыка, апантанага злым духам. Кароткае апісанне гэтага цуду дае апостал Матфей, іншыя сіноптыкі яго дапаўняюць.

Евангеліст Матфей гаворыць: «Калі яны» (гэта значыць, Хрыстос і Пётр, Іакаў і Іаан, якія суправаджалі Яго на Фавор), «прыйшлі да народу, падышоў да Яго чалавек і, стаўшы перад Ім на калені, сказаў: Госпадзі! памілуй сына майго: ён лунацік і цяжка пакутуе, бо часта падае ў агонь і часта ў ваду. Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацаліць яго. А Іісус сказаў у адказ: о, родзе бязверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне сюды. І забараніў яму Ісус; і выйшаў з яго дэман, і ацаліўся хлопец у тую ж хвіліну» (Мф.17:14-18).

Можна выказаць здагадку, што бацька хлопца некаторы час таму назад прыводзіў свайго сына менавіта да Хрыста, але, не застаўшы Яго, звярнуўся за дапамогай да вучняў, а тыя не змаглі выгнаць дэмана. Па сведчанні евангелістаў, хвароба прыпадачнага хлопца была настолькі цяжкая, што вучні Хрыста не маглі вылечыць яе.

Чаму апосталы, ужо атрымаўшыя ад Збавіцеля магчымасць цудатварэнняў, не змаглі ацаліць хлопца? Справа нават не ў тым, што моцны быў дэман, які ўсяліўся ў яго. Цуды ацаленняў склада-юцца з двух сустрэчных струменяў: благадаці Божай і накіраванай да яе гарачай веры самога хворага, які імкнецца выздаравець, або яго блізкіх. Апосталы ж, спрабуючы ацаліць хлопца, натыкнуліся на глухую сцяну малавер’я. Не мог верыць сам падлетак, бо цалкам знаходзіўся пад уладаю злога духу, не верыў і бацька няшчаснага. Агароджаны гэтым бязвер'ем, быццам крэпасцю, дэман кпіў над высілкамі апосталаў, бо і іх вера яшчэ не была дасканалай.

Тады Хрыстос у скрушаным сэрцы, здзіўляючыся нявер’ю людзей, заняволеных духам зла, сказаў: «О, родзе бязверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? « І загадаў прывесці да Яго хворага хлопца. І калі той толькі яшчэ падыходзіў да Хрыста, «дух адразу затрос таго, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену». Пачаўся наймацнейшы прыпадак. «І запытаўся Іісус у бацькі яго: як даўно гэта здарылася з ім? Той жа сказаў: з дзяцінства». І тут жа звярнуўся да Збавіцеля з адчайнай просьбай: «...Як што можаш, дапамажы нам, зжаліўшыся над намі». І у гэтым маленні гучала хутчэй надзея, чым вера. Тады Гасподзь, па міласці Сваёй, умацаваў надзею бацькі і дапамог яму знайсці ў сабе зародкі веры. «...Калі можаш вераваць, усё магчыма для таго, хто веруе», – сказаў Ён яму. І адразу бацька хлопца ўсклікнуў са слязьмі: «Верую, Госпадзі, памажы майму нявер’ю!» (Мк. 9:19-24).

Тады Іісус «забараніў духу нячыстаму, сказаўшы яму: дух нямы і глухі, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго! І, ускрыкнуўшы і моцна скалануўшы яго, той выйшаў; і: ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі, што ён памёр». Але хлопец быў жывы, і Хрыстос «аддаў яго бацьку яго». (Лук. 9: 42).

Ужо пасля, калі натоўп разыйшоўся, вучні сам-насам пыталі Іісуса Хрыста, чаму яны не маглі самі выгнаць дэмана? І на гэта Хрыстос сказаў ім: «З-за нявер’я вашага; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: “перайдзі адсюль туды”, і яна пяройдзе; і нічога не будзе немагчыма для вас.» (Мф.17, 20). І да гэтага Гасподзь дадаў: «Гэты род ні ад чаго іншага не можа выйсці, толькі ад малітвы і посту». (Мк. 9:29).

Якія ж ўрокі для сябе можам мы атрымаць з пачутага сёння евангельскага апавядання?

Словы Збавіцеля: « О, родзе бязверны і разбэшчаны!» – гэта папрок тым, хто жадае атрымаць нешта ад Бога, але для Яго нічога не жадае рабіць. Бог патрэбны нам толькі для таго, каб нам добра жылося. Мы жадаем мець усе зямныя выгоды, перш за ўсё здароўе і дабрабыт, жадаем жыць бестурботным, амаль блажэнным жыццём. Але папрацаваць для Бога мы не жадаем, ні да чаго не жадаем сябе прымусіць. Працуючы на ніве духоўнай, асабліва прымушаючы сябе да малітвы, посту, пакаянню, удзелу ў набажэнстве, здзяйсненню добрых справаў і, наадварот, адхіляючыся ад грахоўных помыслаў і жаданняў, змагаючыся з дэманам, які спакушае нас, і з ўласнай распуснай прыродай чалавечай, мы маглі б паступова ўмацоўваць сваю веру. Неабходна прымусіць сябе, неабходна праца над сабою. А мы жадаем атрымоўваць плён веры, працаваць жа для таго, каб узгадаваць гэту веру, мы не маем ніякага жадання і не праяўляем ў гэтым ніякай стараннасці.

Калі мы ўважліва паглядзім на саміх сябе, то мы ўбачым, што наша малітва слабая і нямоглая, і зразумеем, што ў нас сапраўды няма веры нават «з гарчычнае зерне». Яшчэ апосталамі і старажытнымі святымі айцамі было прадказана, што ў апошнія часы цуды знікнуць, таму што вычарпаецца вера. Вось таму ў наш час так шмат апантаных дэманамі і так мала тых, хто можа іх выганяць.

Доўгія дзесяцігоддзі над нашай Бацькаўшчынай панавалі дэманы ваяўнічай бязбожнасці. Зараз яны саслабелі. Царква атрымала магчымасць свабодна ўзвышаць голас для пропаведзі слова Божага. Але ці значыць гэта, што небяспека мінула, што народ выратаваны? На жаль, не. Тым, хто за знешнім бачыць таемнае, наша сучаснасць бачыцца арэнай адкрытай барацьбы сіл святла і д'ябальскіх полчышчаў.

Гасподзь сказаў Сваім вучням такія рэзкія словы не для таго, каб абразіць іх, а для таго, каб паказаць, як ім выправіцца, як выгнаць з сябе нявер’е – гэтае д'ябальскае насланне, якое мучыць чалавека, адводзіць ад Бога, заступаючы яго розуму шлях да Бога.

«Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам». Малітва і пост! Пост і малітва! Двума крыламі веры назваў іх свяціцель Іаан Златавуст. На гэтых крылах мы можам падняцца ўвысь і скінуць з сябе злых духаў, якія чапляюцца да нас.

Нястомная малітоўная праца –вось умова нашага вызвалення ад зневажальнага рабства загане, сцежка, вядучая ў Царства Нябеснага Айца. І сонмішчы злых духаў не спалохаюць таго, хто спрактыкаваны ў посце і малітве.

Пост гэта не проста ўстрыманне ў ежы. Святыя айцы разумеюць гэтае слова: адмова, або, дакладней, свабода, ад усяго таго, што нас занявольвае; свабода ад усяго таго, што нас спакушае, царская незалежнасць, пры якой мы можам да канца належаць Богу.

Хрыстос гаворыць пра тое, што Яму праз некалькі дзён належыць быць перададзеным у рукі людзей, якія Яго заб'юць, таму што такі сведка свабоды ў Богу невыносны для іх. Гэта тое, да чаго Ён кліча вучняў: адрачыцеся ад сябе да канца! Цалкам паяднайцеся з Богам. Прытрымлівайцеся Майго прыкладу; вазьміце свой крыж і ідзіце ўслед за Мной – але без страху!

Вучні «вельмі засмуціліся». З гэтага відаць, што яны тады ўсё ж такі не зразумелі, што значыць вера, пост і малітва. Потым, калі Дух Святой прасвяціў іх, яны не толькі перасталі баяцца шляху Хрыста, але і самі з радасцю пайшлі гэтым шляхам. Яны і ўсім указвалі на гэты шлях, як на адзіны магчымы: «Нам... Бог судзіў быць як бы прысуджанымі да смерці; таму што мы зрабіліся ганьбай для свету і чалавекаў. Мы неразумныя дзеля Хрыста.., мы нямоглыя.., мы ў ганьбе, мы як смецце для свету, як прах, які усімі папіраецца дагэтуль»(1Кар. 4:9,10,13).

Вось – сапраўдны пост: адмаўленне, непрызнанне ўлады свету над сабою. Вось – сапраўдная малітва: суцэльнае прысвячэнне сябе Богу. І вось – сапраўдная вера, ад якой нараджаецца і першае, і другое.

Хрысціяне закліканыя перамагаць дэманаў, і апостал звяртаўся да ўсіх, калі пісаў: «Будзьце маімі пераймальнікамі, як я – Хрыста».

У чым жа мы павінны і можам быць пераймальнікамі апостала? Па-першае, у змірэнным дзеля Хрыста перанясенні ўсякіх жыццёвых цяжкасцяў і выпрабаванняў, пасланых Промыслам Божым. Па-другое, мы павінны пераймаць святому апосталу Паўлу ў працавітасці і ў старанным выкананні кожным з нас сваіх абавязкаў.

Перад апосталамі быў жывы прыклад Хрыста, перад першымі хрысціянамі – жывы прыклад апосталаў, а перад намі – адны толькі кніжныя прыклады веры, паста і малітвы. Не бачачы таго, хто падаў бы руку і сказаў: « Будзьце маімі пераймальнікамі, як я – Хрыста «, – мы ўступаем у Царкву, як у цемры, навобмацак, а ўсё вакол імкнецца спакусіць і збіць са шляху. Кожны хрысціянін можа сустрэцца з такім упартым супрацьстаяннем сіл зла, пры якім ён адчуе сябе бездапаможным.

Таму, адчуўшы ў сабе хоць нейкую веру, не будзем адразу замахвацца перасоўваць горы, кідаць выклік дэманам, кардынальным чынам змяняць вакол сябе жыццё. Будзем брацца толькі за справы, адпаведныя нашым сілам. І тады зразумелым стане для нас глыбінны сэнс слоў Хрыста, сказаных Яго вучням падчас развітальнай гутаркі: «У свеце гора зазнаеце, але мужайцеся: Я перамог свет» (Ін. 16:33), і мы будзем выразна ўсведамляць, што толькі Сам Гасподзь ёсць сапраўдны Лекар душаў і целаў.

Мы закліканы змагацца са злом, «не даваць месца д’яблу» (Эфес. 4:27). Калі мы будзем дакладна выконваць гэты свой доўг, тады па благадаці Божай, у кожным з нас будзе ўзнікаць і памнажацца выратавальная вера, для якой няма нічога немагчымага і якая адкрые «свободны ўваход у вечнае Царства Госпада нашага і Збавіцеля Іісуса Хрыста» (2 Пятр. 1: 11). Амінь.


Расписание богослужений

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)