ПРЫТЧА ПРА ЛІТАСЦІВАГА ЦАРА І ЖОРСТКАГА ПАЗЫКАДАЎЦА

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Святыя айцы паказалі нам розныя шляхі да збаўлення. Кожны з іх валодаў пэўнай дабрадзейнасцю: прападобны Макарый Вялікі – змірэннем; авва Агафон – дарам развагі; прапа-добны Сісой – гарачай малітвай, у час якой ззяў, як сонца, яго твар, і нават пальцы рук свяціліся, быццам запаленыя свечкі; прападобны Яфрэм Сірын – пакаянным плачам; прападобны Маісей Мурын – міласэрнасцю, клопатам пра састарэлых і хворых манахаў. Адныя служылі Госпаду ў маўклівасці і адзіноце, знаходзячыся ў малітве да Яго за ўвесь свет, іншыя служылі Богу праз асобу чалавека – таго, хто быў побач з імі, – свайго бліжняга.

Шмат шляхоў да збаўлення, але які з іх самы лёгкі? Ці можам мы выратавацца без асаблівых намаганняў, без абмежавання свай го цела? Ці ёсць такі шлях? Так, ёсць!

Жыў у адным манастыры недарэчны манах: ён часта спазняўся на набажэнствы, засмучаў гэтым іншых братоў і прымушаў гневацца ігумена. Інакі скардзіліся і нават прасілі настаяцеля выгнаць яго. І вось гэты манах захварэў, хвароба узмацнялася, і ён ужо набліжаўся да смерці. Засмучаныя былі браты, што загіне душа няшчаснага. Сабраліся яны каля ложка яго, каб палегчыць перадсмяротныя пакуты сваёй малітвай, але што ж бачаць яны? Гэты манах паміраў смерцю праведніка. Твар яго выказваў спакой і радасць. Калі да яго вярнулася прытомнасць, браты запыталі: «Якое суцяшэнне атрымаў ты ад Бога? З кім ты размаўляў, як з роднымі сваімі?» І паміраючы, сабраўшы апошнія сілы, адказаў: «Браты, вы ведаеце, што жыццё маё было нічога не вартае, і вось я ўбачыў, як дэманы прыйшлі і сталі вакол майго ложка, у руках яны трымалі харцію – ліст, на якім былі запісаны мае грахі; яны наблізіліся да мяне, Ангел жа ахоўнік мой стаяў удалечыні і плакаў. І раптам я пачуў голас з неба: «Не судзіце, каб і вас не судзілі! Гэты манах не асудзіў нікога, і Я дарую яму!» – і адразу харція ў руках дэманаў загарэлася, і яны з енкам зніклі. Падышоў да мяне Ангел і вітаў мяне, і я гаварыў з ім. Браты, – працягваў ён, – пасля прыняцця манаства я не асудзіў ні аднаго чалавека!» «Браты – сказаў ён яшчэ, – вы асуджалі мяне і асуджалі справядліва, а я, грэшны, не судзіў нікога». І так ён спачыў смерцю праведніка.

У сённяшнім Евангеллі чытаецца прытча пра літасцівага цара і жорсткага пазыкадаўца. У прытчы, якую мы толькі што чулі, дзве асноўныя тэмы: нашы ўзаемаадносіны з Богам і нашы ўзаемаадносіны з бліжнімі – гэта значыць, адзін з адным.

Мы перад Богам у вялікім даўгу, але ёсць людзі, якія і перад намі вінаватыя, хаця б і ў дробязях. Ці ўмеем мы дараваць гэтыя даўгі, ці ўмеем мы быць для людзей тым, чым Бог з'яўляецца для нас? Бо шлях да абожання ляжыць не праз абстрактныя духоўныя пачуцці і адчуванні, а праз рэальную дабрадзейнасць. Кожны дзень у малітве «Ойча наш» мы звяртаемся да Бога са словамі: «І даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым». Але ці жывем мы ў адпаведнасці з гэтым прашэннем? Ці ставімся мы да тых, хто знаходзіцца побач з намі, так, як вучыць нас Хрыстос?

Аднак некаторыя гавораць: «Калі мы будзем прабачаць усе грахі, тады зло памножыцца, грэшнікі будуць станавіцца яшчэ больш нахабнымі». Але часцей бывае наадварот: калі да чалавека ставяцца з міласэрнасцю, у душы яго абуджаецца сумленне, а зло толькі памнажае зло. Гасподзь да нас ставіцца несправядліва, і менавіта ў гэтай «несправядлівасці» Божай і ёсць наша надзея. Надзея не на тое, што мы атрымаем узнагароду за сваю працу, таму што вынікаў працы нашай вельмі мала, дабрадзейнасці нашыя нікчэмныя, а на тое, што, насуперак справядлівасці, і закону, нягледзячы на нашыя грахі і здраду Бога, Ён памілуе нас. Наша спадзяванне на Царства Божае грунтуецца менавіта на гэтай надзеі, пра што гаварыў прападобны Ісаак Сірын: «Не называй Бога справядлівым, таму што, калі б Ён быў справядлівым, ты даўно за свае грахі быў бы асуджаны на вечныя пакуты. Дзе ж справядлівасць, калі ты саграшыў, а Ён паслаў Сына Свайго Адзінароднага для таго, каб Ён узяў на Сябе твае грахі і дзеля цябе і замест цябе панёс заслужанае табою пакаранне?» У гэтым і ёсць таямніца нашых узаемаадносін з Богам: мы спадзяемся на Яго міласэрнасць.

Пра святога епіскапа Амона расказваюць, што прыйшлі да яго інакі аднога манастыра і сталі скардзіцца на манаха, які апусціўся так нізка, што да яго ўначы прыходзіла жанчына, і сталі патрабаваць ад прападобнага Амона, каб ён прагнаў гэтага манаха, зняўшы з яго манаскае адзенне. Епіскап адказаў: «Я не паверу, пакуль не пераканаюся ў гэтым сам». І вось манахі прасачылі, як блудніца зайшла ў келлю гэтага няшчаснага інака, і паведамілі пра гэта епіскапу, а ён сказаў: «Пойдзем разам». Пастукаліся ў дзверы да манаха; той, калоцячыся ад страху, выйшаў ім насустрач. Епіскап з інакамі ўвайшоў у келлю. Амон здагадаўся, што манах схаваў сваю начную госцю пад бочку, якая стаяла ў келлі; ён сёў на гэтую бочку і сказаў інакам: «Шукайце па ўсіх кутах у пакоі». Тыя пачалі шукаць, але нікога, вядома, знайсці не змаглі. Ніхто з іх не асмеліўся папрасіць: «Устань, Уладыка, мы паглядзім пад бочкай». Пастаяўшы, яны сказалі: «Мы нікога не знайшлі». Амон адказаў ім: «Бачыце, як вы саграшылі. Ідзіце і кайцеся». А сам застаўся з тым манахам, падышоў да яго, не прамовіўшы ні слова ў дакаранне, а толькі, узяўшы яго за руку, з любоўю ціха сказаў яму: «Браце, браце, сачы за душой сваёй, памятай, якое кароткае гэтае жыццё», – і выйшаў. Гэтыя словы так уразілі грэшніка, што ён тут жа даў слова ніколі больш не грашыць і, прагнаўшы тую жанчыну, пасля стаў добрым падзвіжнікам і сваё збаўленне прыпісваў міласэрнасці Амона: яго маглі з ганьбай прагнаць, і тады, пайшоўшы ў свет, ён канчаткова бессаромна апусціўся б у бездань грахоў.

Але ёсць і зусім іншы прыклад! У нейкім храме служылі дзве цнатлівыя жанчыны. Служылі дбайна, з маладых гадоў прысвяціўшы сябе Богу. Яны амаль не выходзілі за агароджу храма. Але пакутавалі пры гэтым заганай асуджэння. Асуджалі яны багамольцаў, асуджалі святароў, нахабнасць іх пашыралася нават да асуджэння епіскапа, як быццам дыявал трымаў у руцэ сваёй іх языкі... Амаль у кожным прыходзе ёсць такія істоты – нейкі гібрыд паміж чалавекам і змяёй, калі дазволіце сказать: тулава чалавека, а галава змяі. Браты і сёстры, вы, напэўна, самі часта сустракаліся з такімі людзьмі, апантанымі духам зласлоўя і асуджэння, але якія лічаць сябе барацьбітамі за праўду...

Епіскап той вобласці ўгаворваў сёстраў, але нічога не дапамагала. Тады ён даў ім епітым’ю. І вось, знаходзячыся пад епітым’ёй архіерэя, гэтыя дзевы захварэлі і памерлі. Так як яны ўсё жыццё прысвяцілі служэнню ў храме, іх пахавалі ўсярэдзіне царквы. І што ж? Калі ішла Літургія і дыякан прамаўляў: «Аглашэнныя, выйдзіце!», то многія з тых, хто маліўся ў гэтым храме, бачылі, як два цені выходзілі з грабніцы. Прыхіліўшыся нізка да зямлі, як злачынцы, нібы саромеючыся нават паглядзець на свет Божы, яны ціха выходзілі з храма. Гэта працягвалася доўгі час. Святар зразумеў, што гэтыя няшчасныя душы не маюць месца ў Царкве Нябеснай, і таму Гасподзь бачным чынам выганяе іх з храма, але яшчэ і тое, што Ён выганяе іх з міласці да іх, каб тыя вернікі, якія бачылі гэта, узмацнілі малітву за іх. Ён паведаміў пра гэта архіерэю, той прыйшоў у царкву і прасіў, каб усе прысутныя ўсталі на малітву; яны маліліся за ўпакаенне душаў гэтых жанчын. Епіскап папрасіў, каб вернікі прабачылі спачылым усе іх абразы. І ўвесь народ сказаў: «Няхай даруе ім Гасподзь.» Тады архіерэй падышоў да грабніцы і прачытаў адпушчальную малітву. Пасля гэтага ў час Літургіі цені ўжо больш не з'яўляліся.

Пра некага святога старца расказваюць, што, калі ён спыніўся на начлег у адной вёсцы, вяртаючыся ў манастыр, то пачуў, як сяляне сварацца паміж сабой, ужываючы самыя брудныя словы. Адразу ён устаў на калені і пачаў горача маліцца. І з’явіўся перад ім Ангел Божы з вялікім мячом і сказаў: «Гэтым мячом будуць пакараныя ўсё, хто асуджае бліжніх сваіх: шчаслівы ты, што пачуўшы гэтую сварку, якая была прызначана табе ў выпрабаванне, нікога не асудзіў, а стаў маліцца! За гэта благаславенне Божае будзе на табе».

Неасуджэнне – вось самы лёгкі шлях да збаўлення, і як часта мы забываем пра яго! Не толькі дараванне нашых грахоў, браты і сёстры, але нават мера благадаці ў нашых руках, таму што Гасподзь сказаў:”Якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца” (Мф. 7:2). Збаўленне і благадаць – гэта дар Божы, але ўмова для прыняцця яго – прабачэнне ўсіх людзей. Той, хто шчыра даруе чалавеку і першы ідзе да яго, каб з ім памірыцца, той ужо больш ніколі ў жыцці не ўспамінае несправядлівасці, прычыненай яму. Хто шчыра прабачае, той гэтак жа шчыра жадае дабра таму, каго ён прабачыў, як лепшаму свайму сябру. А самая галоўная прымета таго, што мы прабачылі нашага праціўніка, – мы горача молімся за яго і жадаем яму ў глыбіні свайго сэрца ўсяго лепшага і ў вечным, і ў часовым зямным яго жыцці.

«Навошта ты ненавідзіш чалавека, які абразіў цябе, – гаворыць прападобная маці Сінкліцікія, – не ён пакрыўдзіў цябе, а дыявал; ненавідзь хваробу, а не хворага». Напрыканцы нашай гутаркі, прыгадаем самі сабе словы святога апостала Паўла: “Будзьце ў згодзе з усімі людзьмі. Сонца хай не заходзіць у гневе вашым.” (пар.: Рым.12: 21,18; Эф. 4:26). Даруйце – і вам даруюць, і станеце спадкаемцамі Царства Божага!

Такім чынам, браты і сёстры, як мы жадаем, каб Гасподзь ставіўся да нас, так і мы павінны ставіцца да кожнага чалавека! Амінь.