ПРОПАВЕДЗЬ НА ПРААБРАЖЭННЕ ГАСПОДНЕ

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Усё Евангелле духоўна, і ўсё ў ім мае духоўны сэнс. Калі мы разам з Госпадам і трыма абранымі Яго вучнямі ўзыходзім на гару Фавор, мы ўспамінаем не проста гэтую гістарычную падзею, а перажываем і яе духоўны сэнс, дакладней, павінны яго перажываць.

Кожны раз, калі мы чытаем Евангелле, а тым больш здзяйсняем богаслужэнне, мы ўдзельнічаем у святкуемых падзеях, мы можам быць удзельнікамі Праабражэння. Таму нам вельмі важна глыбока асэнсаваць тую евангельскую падзею, аб якой сёння чыталася, зразумець, у чым яе сэнс, адчуць яго і задумацца над ім.

У свяце Праабражэння адкрываецца містычнае багаслоўе Хрысціянскай Царквы. Праабражэнне – гэта візуальная з'ява царства Божага на зямлі. Іісус Хрыстос незадоўга перад Крыжовымі пакутамі, узяўшы з Сабою трох вучняў – Іаана, Іакава і Пятра, выйшаў з Капернаума і накіраваўся на поўнач да гары Фавор, што ўзвышаецца, быццам крэпасць, над узгоркамі Галілеі. Вучні маўчалі, прадчуваючы, што ім адкрыецца нейкая таямніца. Таямніца ж, звычайна, здзяйсняецца ў бязмоўі.

На Фаворы апосталы ўбачылі Перамяненне Хрыста, з'яву Яго велічы і славы. Твар Збавіцеля стаў падобны да святла маланкі, вопратка – белай, нібы снег. Ён стаяў, акружаны ззяннем, як сонца – промнямі. Святло, якое было паказана вучням на Фаворы, – гэта не нейкае матэрыяльнае святло, якое ззяе «як сонца,» гэта Святло Нястворанае, гэта Сам Бог, сама прысутнасць Божая, энергія Божая – тое боскае дзеянне, наведванне звыш, у якім з'яўляецца людзям слава Божая. Збавіцелю з'явіліся два прарокi: Майсей і Ілія і гутарылі з Ім. Экзегеты (тлумачальнікі Святога Пісання) гавораць, што гэта была гутарка аб Голгофскай ахвяры, аб тых пакутах, праз якія павінен быў прайсці Хрыстос, аб тым, што грахі чалавечыя будуць адкупленыя крывёй Сына Божага і Збавіцеля свету. Тры апостала перажылі з'яву Боскага святла як ні з чым не параўнальную вялікую радасць. Падалося, сам час спыніўся ў яе сузіранні. Здзіўленыя апосталы ўпалі на зямлю. Відзенне скончылася. Разам з Іісусам Хрыстом яны спусціліся з гары і да раніцы вярнуліся ў Капернаум. Апосталы схадзілі з гары, уражаныя ўжо не столькі тым, што яны бачылі, але пачутым прадказаннем аб Распяцці. Апосталы думалі аб пакутах свайго Настаўніка як аб чымсьці ганебным і нявартым Месіі. А прарокі Майсей і Ілія назвалі гэта Яго «славай,» таму што менавіта ў Сваіх добраахвотных пакутах Гасподзь явіў усю неспасціжную прыгажосць Сваёй любові да людзей, якія гінулі ў рабстве граху, смерці і дыявала. Хрыстос гаворыць людзям, што гэтае царства цемры, зла і смерці – гэта не сапраўднае жыццё, гэта не той свет, які быў створаны Богам; што зло, пакуты і саму смерць можна і трэба перамагчы і што Ён пасланы Богам, Айцом Сваім, каб выратаваць людзей ад страшнага заняволення злу і смерці. Чалавек забыў пра сваю сапраўдную прыроду і прызначэнне, адрокся ад іх. Людзі павінны звярнуцца да Бога, убачыць тое, што развучыліся бачыць, пачуць тое, што яны ўжо няздольныя пачуць. Павінны зноў паверыць, што дабро – мацнейшае за зло, каханне – мацнейшае за нянавісць, жыццё – мацнейшае за смерць. Хрыстос ацаляе, дапамагае, усім аддае сябе. Ён ведае, што ў гадзіну апошняй Яго ахвяры, апошняй самааддачы ўсё ў страху пакінуць Яго. Але каб потым, пазней, калі ўжо ўсё здзейсніцца, засталося ў свеце сведчанне аб тым, куды Ён кліча людзей, што прапаноўвае Ён нам як дар, як жыццё, поўнае сэнсу і радасці, Ён, таемна ад свету і ад людзей, паказаў тром з вучняў сваіх тую славу, тое святло, тую ўрачыстасць, да якіх спрадвеку закліканы чалавек: Нястворанае Святло Божае, пранзаючае ўвесь свет; Нястворанае Святло, якое перамяняе чалавека; Святло – у якім усё знаходзіць свой апошні і вечны сэнс. Скрозь цемру і зло, скрозь шэрасць і будзённасць свету, як промень скрозь хмары, ззяе гэтае Святло. Яго ведае душа, ім суцяшаецца сэрца, ім пастаянна жыве і пад яго ўздзеяннем паступова пераменьваецца наша жыццё.

У імкненні да здабыцця гэтага Святла, да абожання чалавечай прыроды бачыць хрысціянскае вучэнне духоўны сэнс жыцця. «Святло Хрыста прасвятляе ўсіх!» Святло Хрыста перамяняе цела, і яно становіцца духаносным. Гасподзь наведвае нас, каб, убачыўшы Яго святло, мы зрабіліся працятыя ім і ўсё наша жыццё змянілася, каб з намі адбывалася то, аб чым Сам Гасподзь сказаў: «Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які на нябёсах» (Мф. 5:16). Божае святло наведвае нас, каб змяніць не толькі ўсе вакол нас, але і наша ўласнае жыццё, каб мы змяніліся, і святло Божае пачало праз нас распаўсюджвацца на іншых людзей.

Не выпадкова падчас здзяйснення ўсяночнага трывання, падчас спеву сціхіраў мы чулі заклік Царквы, звернуты да кожнага з нас: змяніцца «лепшым ператварэннем». Гэта значыць, мы павінны ў сваім зямным жыцці змяніцца да лепшага. І без гэтага перамянення ад жыцця грахоўнага да жыцця ў адпаведнасці з запаведзямі Божымі, да духоўнага жыцця, да жыцця ў Хрысце немагчыма спадзявацца на выратаванне і магчымасць заўсёды быць са сваім Госпадам. Іісус не выпадкова Перамяняецца, і Перамяняецца не па Боскай, а па Сваёй Чалавечай прыродзе, тым самым паказваючы, што кожны з нас можа і павінен перамяніцца ў сваім зямным жыцці. Вось аб чым нам сёння нагадвае Святая Хрыстова Праваслаўная Царква. Вось якія думкі і пачуцці павінны авалодваць кожным з нас не толькі сёння, у дзень вялікага свята, але і ва ўсе дні нашага зямнога жыцця.

Дай Бог, браты і сёстры, каб благадаць Божая прасвяціла нашы сэрцы і душы, каб усе мы ў гэтым зямным жыцці дасягнулі перамянення, без якога немагчыма выратаванне, каб кожны з нас не па імені, а па сутнасці свайго жыцця быў хрысціянінам, быў сапраўдным сынам або дачкой свайго Бога. Гэтага чакае ад нас Гасподзь, да гэтага нас заклікае Святая Царква. І дай Бог, каб Маці Божыя была неадступнай Хадайніцай і Заступніцай за нас, бо Яе малітвамі Гасподзь яшчэ церпіць нас, пасылае усім нам Свае шчодрыя і багатыя міласці. Будзем памятаць, што толькі той зможа ўдастоіцца перамянення, хто мае веру цвёрдую, як камень, якую меў Пётр; змірэнне і пакорнасць, якія меў апостал Іакаў і бязмежную любоў да Хрыста, якую меў апостал Іаан. Памолімся да Госпада і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста, да Яго Прачыстай Маці, да ўсіх святых апосталаў, каб іх малітвамі Гасподзь дапамог кожнаму з нас у нашым зямным жыцці дасягнуць пачэснага Перамянення ў славе Сваёй. Амінь


Расписание богослужений

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)