ПРА ПАКЛІКАНЫХ НА ПIР

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

«Бо не паслаў  Бог  Сына  Свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет выратаваны быў праз Яго» (Ін. 3:17). Гэтыя словы з Евангелля ад Іаана мы чуем сёння ў сувязі з надыходзячым святкаваннем Уздзвіжання Жыватворнага і Пачэснага Крыжа Гасподняга.

Гэтыя словы сугучныя і іншаму евангельскаму апавяданню (Мф. 22:1-14), якое працягвае цыкл радавых нядзельных чытанняў, – прытчы Госпада і Яго выкрывальным словам у іерусалімскім Храме, якія Хрыстос прамаўляе перад Сваімі Пакутамі.

Калі Ён увайшоў у Іерусалім, то, зайшоўшы ў храм, убачыў у ім гандляроў. Тады Ён узяў бізуна і стаў выганяць з храма ўсіх, хто забыў, што такое храм і навошта ён існуе, і ператварыў яго невядома ў што. Пасля гэтага Збавіцель прамаўляе выкрывальнае слова, у якім паказвае праўдзівае аблічча тых, да каго яно звернутае – гэта значыць да тых, хто стаяў тады на чале старазапаветнай царквы: да кніжнікаў, фарысеяў, першасвятароў. Але перад гэтым Ён расказ-вае прытчу – выдатнае апавяданне, якое мы сёння чулі.

Прытчу пра тое, як Цар (Цар Нябесны, таму што гаворыцца аб Царстве Нябесным) заклікаў нас на трапезу, на пір, які Ён устроіў у гонар Свайго Сына Агнца. Ён заклікаў усіх. І вось у сённяшнім Евангеллі мы чулі, як закліканыя адмовіліся ад гэтага прызначэння, ад гэтага запрашэння, як забілі пасланых.

Пір Агнца – гэта апакаліптычны вобраз, калі гаворка ідзе ўжо аб канчатковым Судзе Сына Божага. Але можна разумець вобраз піру з прытчы не толькі эсхаталагічна, але і гістарычна. Гасподзь заклікае да пакаяння народ іудзейскі. Гэтая прытча Госпада тычыцца не аднаго толькі Старога запавету. І з хрысціянамі адбываецца нешта падобнае да таго, што здарылася з іудзеямі. Гісторыя Рымскай імперыі, Візантыі, Расіі – таму пацверджанне. Гэтая прытча мае непасрэднае значэнне і да нашага часу.

Еўхарыстычная трапеза – гэта і ёсць вясельны пір Агнца, Які аддае Сябе ў ахвяру за грэх свету.

Вось і сёння Айцец наш Нябесны рыхтуе вясельны пір. Ідзе нядзельная літургія, і Гасподзь усіх вернікаў заклікае на яе. Гасподзь кліча ўсіх на вясельны пір, кліча ўсіх у Царства Нябеснае. У храме прысутнічае Сам Хрыстос – і Духам, і Целам. І кожны можа не толькі паслухаць тое, што нам Хрыстос сёння скажа, не толькі адчуць душой сваёй Яго блізкасць, але нават можа спазнаць Яго Прачыстага Цела і Пачэснай Яго Крыві – гэта значыць, далучыцца да Хрыста, усяго Хрыста прыняць у сябе.

Якую яшчэ благадаць можна ўявіць вышэшую за гэту? Што для чалавека можа быць больш жаданым, чым такія дачыненні з Хрыстом? Што можа быць больш радасным за гэта? Да чаго яшчэ можна на зямлі імкнуцца, як не да аднаго толькі – да таго, каб быць з Хрыстом, калі, вядома, чалавек Яго любіць? І ці шмат жыхароў нашага горада прымаюць сёння запрашэнне Хрыста?

Каб удзельнічаць у вясельным піры Айца Нябеснага, каб быць адзіным цэлым з Хрыстом Збавіцелем, трэба пакаяцца. Наша абыякавасць ёсць найцяжэйшы грэх супраць Хрыста. Таму нам трэба змяніць сваю свядомасць, трэба нам пакаяцца, усё жыццё сваё перавярнуць.

Апошнія словы прытчы якраз пра пакаянне. Калі пір напоўніўся запрошанымі, увайшоў гаспадар вяселля, каб сустрэцца з гасцямі, і бачыць чалавека, апранутага не ў вясельнае – гэта значыць не адпаведнае, не належнае святу, адзенне.

Трэба ведаць ўсходнія звычаі, каб зразумець, чаму быў выдалены з вяселля адзін з прысутных на ім, які прыйшоў на свята «не ў вясельным адзенні». Справа ў тым, што пакліканыя на пір, калі яны не мелі сваёй святочнай вопраткі, атрымоўвалі вопратку пры ўваходзе ад распарадчыка піру. Той, хто адмовіўся атрымаць такую вопратку, гэтым самым выказаў пагарду да гаспадара, як бы гаворачы: «ёсць і піць у цябе буду, а да самога цябе мне справы няма». Царкоўная традыцыя інтэрпрэтуе «вясельную вопратку» як «вопратку пакаяння».

Сімвалічна гэта можа азначаць чалавека, які прыходзіць да Літургіі толькі «па звычаі», але без духоўнай падрыхтоўкі. Такі будзе прычашчацца «у суд і асуджэнне» сабе, і не мае ніякага вы-бачэння свайму ўчынку. «Паглядзі на сябе, адумайся, чалавек», – як бы гаворыць яму гаспадар. Звярніце ўвагу на тое, што адбываецца з чалавекам. Ён крыўдуе і плача, ведаючы, што страціў, але не разумее, што яму далей рабіць. Калі ж ён адумаецца, гаспадар, магчыма, зноў пакліча яго, верне назад, бо тут не сказана, што ён выкінуты ў цемру знешнюю назаўсёды. Гасподзь заклікае нас апрануць «вопратку пакаяння», калі мы ідзем на пір вясельны.

Калі мы не каемся ў сваіх грахах, то не можам быць удзельнікамі гэтай святой трапезы Цела і Крыві Збавіцеля.

Звярніце ўвагу на сваё ўнутранае жыццё. Паглядзім цвяроза, наколькі наша знешняе і ўнутранае жыццё адпавядае Евангеллю, ці ёсць у нас сапраўднае, поўнае, глыбокае пакаянне, не гаворачы ўжо аб любові да Бога і таго, хто побач з намі. Пры такім цвярозым поглядзе на сябе мы, магчыма, і пачнем ткаць тую духоўна-маральную вопратку, у якую апранемся і якой прыкрыем свой грахоўны сорам. Праз пакаянне і сардэчнае скрушэнне па сваіх грахах мы і атрымаем надзею на міласць Божую.

Нават калі мы не дасягнем стану любові, то, убачыўшы наша пакаянне і шчырасць у выкананні хрысціянскага абавязку, Гасподзь памілуе нас.

Усімі спосабамі Гасподзь заклікае нас увайсці ў Царкву і атрымліваць асалоду ад духоўнай трапаезы, але толькі пры адной умове: калі мы надзенем на сябе прыстойную нашаму стану і таму становішчу, у якое мы заклікаемся, вопратку. А гэта і ёсць пакаянне. Яно неабходна ўсім. Без пакаяння немагчыма ні набыць якую-небудзь дабрачыннасць (у тым ліку і любоў), ні ўтрымаць яе, калі яна ў нас ужо ёсць. Толькі прыдбаўшы пакаянне, мы зможам спакойна, адважна, як блізкія сябры, атрымліваць асалоду ад гэтага незвычайнага царкоўнага піру – святой трапезы Цела і Крыві Збавіцеля. Апамятаемся і, калі ў нас няма пакаяння, пастараемся ўсімі сіламі яго набыць, паглыбіцца ў пакаяннае пачуццё і такім чынам засцерагчы сябе ад разнастайных духоўных падзенняў і спакусаў, зрабіць сябе годнымі знаходжання ў Царкве. Як сказаў свяціцель Ігнацій (Бранчанінаў), адзіная ахвяра, якую Бог прымае ад грэшнага чалавецтва – гэта дух скрушаны.

Толькі тады чалавек усведамляе сябе сапраўдным чалавекам, усведамляе сваю чалавечую годнасць, калі ён перад сабою бачыць высокую мэту свайго існавання. Сэнс жыцця вызначаецца вернасцю высокаму духоўнаму прызначэнню, высокім духоўным ідэалам.

Менавіта пра гэта гаварыў Збавіцель у Сваёй прытчы, перад тым як выкрыць старазапаветных кніжнікаў і фарысеяў і тых, хто стаяў на чале тагачаснай царквы і хто прывёў яе да поўнага краху. Менавіта пра гэта Ён гаварыў: вы страцілі разуменне, для чаго вы робіце свае справы, якія павінны выконваць . Вось таму ў храме і з’явіліся сталы гандляроў, вось таму і храм ператварыўся ў некую гандлёвую ўстанову. Вось таму і старазапаветная царква страціла сваю благадаць, аджыла свой век, і таму павінна была адбыцца замена яе новай царквой, Новым Запаветам.

Вось што вы чулі ў сённяшняй прытчы аб пакліканых на пір і абраных. Абраныя – гэта тыя, якія не толькі зразумелі значэнне клічу, ідучага зверху, але і адгукнуліся на гэты кліч сваім прызна-чэннем зямным. Толькі тады жыццё чалавечае набывае для нас з вамі, хрысціянаў, сапраўдны сэнс, калі кожны з нас падпарадкоўвае сваё прызначэнне ідэалам хрысціянскім, духоўным, евангельскім, і здзяйсняе іх у сваім жыцці. Тады гэтае прызначэнне, гэтая справа, якую мы робім тут, на зямлі, кожны ў сваёй вобласці, не толькі мае пэўны сэнс, але і прыносіць кожнаму з нас радасць сапраўдную, свет сапраўдны, задавальненне і поўнае ўсведамленне сваёй сапраўднай чалавечай годнасці. У гэтым сэнс сённяшняй евангельскай прытчы.

Апостал Іаан у Апакаліпсісе гаварыў сказаў: «Блажэнныя пакліканыя на пір Айца, на вясельны пір Агнца». Ёсць толькі Бог і бязбожжа. І мы – альбо з Богам, на вясельным піру Яго Сына, у светлай вопратцы дабрачыннасці, у радасці, у палатах Царствы Нябеснага, альбо – за межамі жыцця і радасці, дзе цемра «знешняя», там, дзе «плач і скрыгат зубоў», дзе «сабакі і чарадзеі, і распуснікі, і забойцы, і ідаласлужнікі, і кожны, хто любіць і ўчыняе няпраўду» (Адкр. 22: 15). А трэцяга не дадзена. Амінь.


Расписание богослужений

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)