Пропаведзь на Святое Богаяўленне, Хрышчэнне Хрыстова

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

У пачатку кнігі Быцця мы чытаем, што над водамі насілася дыханне Божае і што з гэтых водаў узнікалі ўсе жывыя істоты. У Старым Запавеце мы бачым воды як вобраз жыцця, яны з'яўляюцца знакам міласці Божай, і ў святых кнігах воды ўяўляюць сабой вобраз ачышчэння, амавення, абнаўлення. І вось у гэтую ваду спускаецца, у яе апускаецца, з ёю злучаецца Бог, Які прыйшоў у свет для яго збаўлення і адраджэння.

Свет адарваўся ад Бога, забыў пра Яго, перастаў бачыць Яго і апусціўся ў грэх, цемру і смерць. Але Бог не забыў свет і вось вяртае яго нам у ззянні зорнай славы і першароднай красы. У гэтым свеце ўсё, уключаючы саму матэрыю, само рэчыва яго, становіцца зноў шляхам да Бога, да ўзнаўлення адносінаў з Ім, узрастаннем у гэтым жывым і вечным жыцці. Богаяўленне – гэта свята адкрыцця таямніцаў Божых, і не толькі таямніцаў Божых, але і таямніцаў таго свету, у якім мы жывем. Прышэсце Бога да Свайго стварэння святкуем мы ў радасны і светлы дзень Богаяўлення.

Некалі мёртвыя воды потопу ачысцілі зямлю ад пануючага на ёй граху. Цяпер жывымі водамі Іардана сцвярджаецца Новы Запавет Бога і чалавека. Запавет праўды і любові, Запавет міласэрнасці і лагоднасці. Так воды пакарання сталі водамі дабрыні. І як некалі голуб з галінкай алівы ў дзюбцы з'явіўся вястуном перамены суда Божага на міласць (Быццё 8:11), так і цяпер Дух «у выглядзе голуба» вяшчуе аб прымірэнні стварэння і Творцы, аб тым, што цяпер «з’явілася благадаць Божая, збавіцельная для ўсіх людзей». А гэта значыць, што чалавек з гэтага часу не адзінокі. Гэта значыць, што ў яго з'явіўся зараз Заступнік і Хадатайнік, пра Якога сведчыць: «голас з нябёсаў: гэта ёсць Сын Мой Узлюблены, Якога Я ўпадабаў» (Мф.3:17). Так, па прадвечным савету Божаму ясна адкрылася таямніца Святой Троіцы. Бог Сын прыходзіць на Іардан хрысціцца ад Іаана, Бог Дух Святы зыходзіць на Сына з нябёсаў, а Бог Айцец сведчыць аб умілаваным Адзінародным Сыну Сваім.

Свята называецца «Богаяўленне», таму што святкуецца і ўслаўляецца падзея незвычайная, незразумелая: з’яўленне Бога народу Свайму. Нават калі прарок Божы Маісей сышоў з вяршыні Сіная, яму прыйшлося пакрыць твар свой покрывам, бо «твар яго стаў ззяць промнямі таму, што Бог гаварыў з ім» (Зыход 34:29). А зараз будзённа і проста сярод зароснікаў трыснёгу, які рос на іарданскіх берагах, з'явіўся Сын Чалавечы, так, што Прарок і Прадцеча Гасподні са здзіўленнем і дрыжыкамі гаворыць пра Яго: «вось Агнец Божы, Які бярэ на Сябе грэх свету» (Іаан.1:29).

Усё гэта сведчыць пра тое, што Хрыстос жадае выратаваць нас любоўю і толькі любоўю, а любоў – гэта заўсёды і найперш адзінства з тым, каго любіш. Як сказана ў прарока Ісаіі: «Ён узяў на Сябе нашыя немачы, панёс нашыя хваробы, і ранаю Яго мы ацаліліся...»

Хрышчэнне Госпада – гэта пачатак крывавага шляху, які вядзе на Галгофу, але, разам з тым, – гэта пачатак збаўлення чалавецтва ад нявольніцтва граху і смерці. Бязгрэшны Гасподзь уваходзіць у воды Іардана для таго, каб прынять на Сябе грахі ўсяго чалавецтва. Прымаючы хрышчэнне Іаанава, Хрыстос атаясамляе Сябе з усімі людзьмі, усімі – без выключэння – грэшнікамі, якія маюць патрэбу ў прабачэнні, збаўленні, адраджэнні... Атаясамляе Сябе з усімі і з кожным з нас. Сваім хрышчэннем Ён сведчыць, што прыйшоў не для таго, каб судзіць і асуджаць, не для таго, каб звонку, з вышыні Сваёй дасканаласці і Бажаства, даць нам закон і кіраваць, а для таго, каб злучыцца з намі, каб, стаўшы адным з нас, зрабіць нас удзельнікамі Свайго дасканалага і бязгрэшнага жыцця. Са Святога Пісання кожны з нас ведае, што да Іаана Хрысціцеля прыходзілі людзі, каб ачысціцца ад грахоў сваіх. Нам нават цяжка ўявіць, браты і сёстры, якая бездань граху людскога знаходзілася ў гэтых водах Іардана! І вось менавіта туды, у бездань людскога граху, цяпер сыходзіць Гасподзь для таго, каб амыть, ачысціць і асвяціць кожнага человека.

Не выпадкова Святая Царква дала сённяшняму святу яшчэ адну назву: гэты дзень Хрышчэння, дзень Богаяўлення называецца яшчэ і днём Святла, бо сёння не толькі свята вады і духу, але і свята Божага святла, якое асвятляе і асвячае ўсякага чалавека. І мэта жыцця чалавека, які лічыць сябе хрысціянінам, складаецца менавіта ў тым, каб прыняць у сябе гэтае нястворанае Божае святло і з яго дапамогай перамяніцца ў час зямнога жыцця. Бо без гэтага перамянення – аб гэтым вучыць Праваслаўная Царква – немагчыма ўвайсці ў Царства Нябеснае. І калі мы жадаем, каб для нас адкрылася вечная нябесная асалода ў жыцці будучага веку, то ўжо тут, на зямлі, мы павінны паклапаціцца, каб быў належны пачатак нашага перамянення. Менавіта таму сённяшняе свята называецца днём Святла, і ў кандаку свята спяваецца: «З'явіўся Ты сёння ўсяму свету, і святло Тваё, Госпадзі, заззяла нам».

Дай Бог, браты і сёстры, каб гэтае благадатнае святло Божае сапраўды з'явілася на нас, прасвятліла б нас і спадарожнічала нам у нашым зямным жыцці. Але для гэтага нам неабходна заўсёды памятаць словы: «Пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае», і не толькі памятаць, а на справах выконваць іх.

Кожны год Святая Царква зноў і зноў здзяйсняе Вялікае асвячэнне вады. Менавіта тут, у гэтым Вялікім асвячэнні адбываецца сустрэча чалавека з Богам, а, значыць, адбываецца і асвячэнне, і абнаўленне самога человека ў той самы момант, калі мы з усёю паўнатою царкоўнаю будзем заклікаць Божую благадаць, каб яна сышла і асвяціла ўсю ваду. На вялікі жаль, асабліва сёння, калі мы ў такой вялікай колькасці прыходзім у храмы за святой вадой, мы забываем пра самае галоўнае; забываем пра тое, што тут павінна адбыцца мая асабістая сустрэча з Богам. І шмат хто галоўным для сябе лічыць толькі ўзяць «вадзічку». Але давайце задумаемся, ці будзе карыснай проста ўзятая «вадзічка», ці дапаможа яна ў хваробах маёй душы і целу? Бо ацаляе не вада, а Гасподзь праз гэтую ваду! Давайце памятаць аб гэтым! Для чаго мы сёння прыйшлі ў храмы Божыя? Для таго, каб сустрэцца з Богам. Усе мы павінны імкнуцца да збаўлення, а святая вада з'яўляецца сродкам для гэтага. Збаўленне здзяйсняецца і Божымі, і людскім высілкамі. Чалавек мусіць прыйсці і пакаяцца ў грахах. Гасподзь жа прыйдзе ўзяць на Сябе гэтыя грахі.

Слава Богу за Яго бясконцую міласць. Слава Богу, што Ён абнаўляе і чалавека і лёсы нашыя, і свет, у якім мы жывем, і што жыць мы можам спадзяваннем ужо атрыманай перамогі і радасцю з той нагоды, што мы чакаем дня Божага – вялікага, дзівоснага, страшнага, калі ўвесь свет асвятліцца дабрынёй прынятага, а не толькі дадзенага Духа Святога!

Таму не адно Богаяўленне, а два: адно – тое, якое ўжо адбылося, а другое – будучае, якое адбудзецца ў славе пры сканчэнні свету. Пра першае і другое вы чулі сёння ад Паўла, які ў гутарцы з Цітам гаворыць так пра мінулае: «З'явілася благадаць Божая, збавіцельная для ўсіх людзей, якая вучыць нас, каб мы, адкінуўшы бязбожнасць і зямныя пахацінствы, цнатліва, праведна і набожна жылі ў гэтым веку», – а пра будучае: «чакаючы блажэннага спадзявання і з'яўлення славы вялікага Бога і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста» (Ціт. 2:11-13).


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык

Расписание богослужений

Подать записку

Помочь храму

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Похвала Коложская

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)