Пропаведзь на Стрэчанне Гасподне

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Свята Стрэчання Госпада  нашага Іісуса Хрыста адзначаецца Царквой услед за светлымі днямі Нараджэння Хрыстова і Святога Богаяўлення, калі хрысціяне рыхтуюцца да подзвігаў посту, малітвы, сардэчнай скрушанасці. У богаслужэнні гэтага дня ёсць месца і радасці, і смутку, душэўнаму захапленню і  ціхаму замілаванню, якое  мяжуе з журбою.

Вяртаючы Дзіця Маці і благаславіўшы Яе і Іосіфа, Сімеон, глыбокі старац, на якім быў Дух Святы, у прарочым натхненні прадказвае, што Дзіця гэтае будзе прадметам спрэчак і нязгоды паміж Яго прыхільнікамі і ворагамі. Хто любіць ісціну і імкнецца выконваць волю Божую, той прыме Хрыста і паверыць у Яго, а тыя, хто любяць зло і робяць справы цемры, узненавідзяць Хрыста і будуць, каб апраўдаць сваю злосць, узводзіць паклёпы на Яго. Гэта, уласна кажучы, і адбылося ўжо на прыкладзе кніжнікаў і фарысеяў і адбываецца да нашага часу на прыкладзе бязбожнікаў і ўсіх тых, хто ненавідзіць Хрыста.

Гэтыя прарочыя словы праведнага Сімеона “Вось, Ён ляжыць для падзення і паўстання многіх у Ізраілі” знаходзілі сабе пацвярджэнне на працягу дваццаці мінулых стагоддзяў. І ў наш час, як і ва ўсе часы, Хрыстос ляжыць адным на падзенне, а іншым на паўстанне, служыць прадметам спрэчак.

Свята Стрэчання Гасподня – першае ахвярнае растанне Божай Маці з Яе Сынам. Прыносячы Сваё Дзіця ў храм, Божая Маці прыносіла Яго ў ахвяру Богу. Першы раз, свабодна, у адпаведнасці з законам Свайго народа, яна аддавала Богу Народжанага ад Яе. Яна Яго аддала аднойчы і назаўсёды. Гэта ахвярапрынашэнне працягвалася потым на працягу ўсяго Яе жыцця, і стала крывавай ахвярай Галгофы.

Зразумеем сутнасць радаснага, але і аб’яднанага з ціхім збавіцельным смуткам перажывання, якім поўная была чыстая душа Богамаці, пачуўшы прарочыя словы святога старца Сімеона. Навучымся ад Яе, Той, Якая глыбей за ўсіх перажыла несправядлівасць, прычыненую Яе Сыну, суцэльнаму даверу да волі Божай, гатоўнасці ўсё прымаць з падзякай з дабрадатных рук Божых, усё пераносіць з цярпеннем і любоўю.

Хрысціянства адкрывае сябе, або, дакладней, Хрыста, Яго вучэнне, Яго дар, як выратаванне, збаўленне. Збаўленне не ад таго або іншага, а выратаванне самога жыцця, якое так безнадзейна адарвалася ад сваіх вытокаў, ад Бога, ад святла, ад неба, ад Ісціны і вечнасці.

Сустрэча праведнага Сімеона з Хрыстом – гэта сустрэча твар у твар чалавека і Бога. Такая сустрэча магчыма ў жыцці кожнага з нас. І, калі мы гаворым пра сустрэчу з Богам у глыбінях сваёй душы, многія людзі нават не ўяўляюць, як блізка да нас можа быць Гасподзь у нашым жыцці. Шчырая малітва, любая сапраўды добрая справа напаўняюць нас радасцю і асаблівым благадатным спакоем, і ў гэтым мы можам яшчэ ў большай ступені адчуць прысутнасць Бога. У святых Божых храмах мы адчуваем асаблівую благадаць, а ў Святым Прычасці мы рэальна сустракаемся з Богам, адраджаючыся ўсёй сваёй сутнасцю.

Хрысціянін павінен заўсёды быць радасным. Але гэтая радасць не ёсць радасць бесклапотнасці і лёгкага погляду на жыццё. Гэта радасць далучанасці да Бога, непарыўнага існавання з Хрыстом, абсалютнай паслухмянасці Яму, калі мы разам з Ім паміраем і разам з Ім уваскрасаем.

Сёння мы святкуем свята веры, веры чалавека, праведнага Сімеона, які шмат гадоў з надзеяй і спадзяваннем чакаў, калі спраўдзяцца словы, сказаныя яму праз Духа Святога аб з'яўленні ў свеце Збавіцеля, Які дасць усяму чалавецтву жыццё вечнае, а яму самому, Сімеону, мудраму і вельмі старому чалавеку, які стаміўся ўжо ад зямнога жыцця, дасць нарэшце дазвол памерці, адысці ў іншы свет. І убачыць не прыблізна, як скрозь цьмянае шкло, а яўна, што пражыта жыццё не бессэнсоўна , а з вялікім сэнсам: уваходжанне ў вечнае жыццё, далучэнне да Бога. Усё злое, прыкрае, усе хваробы, несправядлівасці, якія за доўгія гады прышлося яму перанесці, таксама былі невыпадковымі, не было сляпога выпадку, а ўсё было наканавана перажыць промыслам Божым.

Такая вера, вядома, не церпіць ні мітусні, ні маладушша, ні засмучэння, ні адчаю.

Чаго толькі ні было, нават калі паглядзець на апошнія гады жыцця святога праведнага Сімеона, вакол яго. Першасвятары і фарысеі, якія цалкам сказілі веру, сказілі шлях Божы, і садукеі, якія проста былі няверуючымі людзьмі, не верылі ў Госпада, і атэісты – усё гэта бачыў старец Сімеон, і вера яго не пахіснулася. Яго народ быў прыгнечаны язычнікамі, краіна падзелена на чатыры часткі, людзі, якія павінны былі, па словах прарокаў, чакаць Збавіцеля свету, Збавіцеля ад зла, ад грахоў, ад вечнай смерці, чакалі па-сутнасці нейкага бунтаўшчыка, палітычнага дзеяча, які аднавіў бы былую зямную славу і магутнасць Ізраіля. Амаль не засталося нікога, хто шчыра чакаў сапраўднага Месію, але і гэта ўсеагульнае зацямненне розумаў не пахіснула веры святога праведнага Сімеона. Чаму? Евангелле дае нам на гэта адказ. Таму, што Дух Божы быў з ім, ён жыў з Богам. А вакол яго вера і дачыненні з Жывым Богам былі заменены фарысеямі на рэлігійную ідэалогію.

Сёння свята вялікіх абяцанняў Божых, сёння свята ўсіх веруючых у Бога людзей, сёння свята праўды Божай, якая хай не адкрываецца адразу перад намі, але для нас жа і карысна, каб мы чакалі з цвёрдым спадзяваннем на Збавіцеля спаўнення ўсяго таго, пра што сказана ў Святым Пісанні і не вагаліся сэрцам. Неўладкаванасць свету, розныя рэлігійныя і палітычныя захапленні не павінны хваляваць сапраўды веруючую душу.

Хочацца прывесці два прыклады, як людзі перад канцом свайго жыцця дачакаліся спаўнення абяцанняў Божых і спакойна адыходзілі з гэтага свету ў жыццё вечнае. Адпускаў іх Гасподзь з гэтага жыцця, калі выконваў абяцанні Свае.

У лютым дзень смерці вялікай падзвіжніцы, схіманахіні Маргарыты, апошняй дзівееўскай манахіні. Усе яе клікалі Фрося, і яна сябе так называла – Фрося, нягледзячы на тое, што была схімніцай і памерла, калі ёй было за 90 гадоў. Ніколі яна не хвалілася сваім манаствам, хоць і была манахіняй з 15 гадоў, паслушніцай яшчэ таго Дзівееўскага манастыра. Яна прайшла, з нашага пункта погляду, цяжкае жыццё: зняволенні ў лагерах, ссылкі, бяздомнае існаванне, выгнанне з манастыра, на яе вачах адбылося апаганенне мошчаў прападобнага Серафіма Сароўскага, спусташэнне Дзівееўскай абіцелі, панаванне бязбожжа. Было і больш страшнае: манахі і святары здымалі з сябе сан, гаварылі: «Мы не верым у Бога, калі такое адбываецца», – і сыходзілі з манастыра. Не мы ім суддзі, але было і такое. А яна цвёрда верыла ў словы сваіх духоўных айцоў і маці, якія гаварылі, што зноў адродзіцца Дзівеева і апошняя дзівееўская манахіня, адна з дзівееўскіх паслушніц, дажыве да гэтага дня. Яна сустрэне мошчы прападобнага Серафіма Сароўскага, якія архіерэі і дзівееўскія сёстры на сваіх руках прынясуць у Дзівеева. Будуць адбудаваны велічныя дзівееўскія храмы. Адна з дзівееўскіх сясцёр павінна будзе захаваць святыні, што засталіся ад прападобнага Серафіма: гаршчочак, у якім ён варыў траву, калі пасціўся ў далёкай пустыньцы, епітрахіль, нарукаўніцы, рукавіцы і свечку, а таксама дзівееўскую свечку, якую апошняя дзівееўская манахіня запаліць перад уваходам у храм, калі будуць уносіць у яго мошчы прападобнага Серафіма. Вядома ж, калі дзяўчынкай пятнаццацігадовая Фрося чула гэтыя апавяданні яшчэ ў пачатку 20-га стагоддзя, яна, канешне ж, нават не думала аб тым, што гэтай ёй прыдзецца выканаць ўсё: і захаваць святыні, і перажыць ліхія бязбожныя часы, і запаліць гэтую свечку, і сустракаць мошчы прападобнага Серафіма Сароўскага. Ні на секунду не сумнявалася яна ў гэтых прадказаннях. Здавалася б, як можна было ў гэта паверыць? Вакол была зачыненая зона, побач з горадам Саровам узнік горад Арзамас-16, у якім стваралі ядзерную зброю, пабочных асоб не пускалі ў Дзівеева, зачынены былі ўсё храмы Дзівееўскага манастыра, нават маленькага прыходскага храма не дазвалялі пабудаваць. Таемна манахі прыязджалі ў Дзівеева, вязучы на грудзях Святыя Дары, каб на Аўражнай вуліцы, дзе жылі гэтыя манахіні, прычасціць іх і ціхенька з'ехаць, таму што хапалі манахаў, садзілі іх у турмы. Не сумнявалася яна ў тым, што ўсё гэта збудзецца. І вось адбылося тое, што мы ўсе ведаем: дазволілі адчыніць Дзівееўскі манастыр, і схіманахіня Маргарыта дажыла да гэтага чаканага ёй дня, калі яна, ужо аслабелая, у схіме, стаяла з гэтай зробленай амаль сто гадоў назад свечкай, запаліўшы яе, і сустракала мошчы прападобнага Серафіма, якія нёс Патрыярх, архірэі і сёстры адноўленай Дзівееўскай абіцелі ў манастырскі храм.

Духоўна вельмі блізкі быў да Дзівееўскага манастыра вялікі падзвіжнік, архіепіскап Арсеній (Стадніцкі), вызнанне веры якога і пакутніцкі подзвіг прышоўся на 30-я гады. Тады, незадоўга да смерці, пасля страшных мучэнняў і знявагаў, на апошнім допыце, раптам ён гаворыць спакойна, не маючы зла да тых людзей, што былі перад ім: «А я ведаю, што прыйдзе час, калі сам народ знішчыць бязбожную ўладу на Русі, адродзяцца храмы, манастыры, а самае галоўнае, адродзіцца вера і адродзіцца шлях людзей ад смерці да жыцця вечнага. Ні на ёту ў гэтым не сумняваюся». Сказаў ён гэта пасля мук, пасля страшных засценкаў, перад непазбежнай смерцю. Гэта абяцанне ад Духа Святога ён атрымаў за сваё вызнанне веры ў турме і вызнаваў яе нават перад людзьмі, якія не верылі яму, недобразычліўцамі, але якія занеслі гэта ў свае дакументы. Дакументы гэтыя трапілі ўжо да нас, сённяшніх людзей. Для ўмацавання нашай веры пачулі мы голас архіепіскапа Арсенія (Стадніцкага) з 1938 года.

Вядома ж, мы можам толькі маліцца і прасіць у Госпада, каб і наша вера малітвамі такіх людзей была ўмацавана, каб наша спадзяванне на Госпада ніколі не магло б пахіснуцца ніякімі няшчасцямі, ніякім злом, ніякімі паклёпамі, ніякімі вятрамі. Памолімся, каб іх малітвамі, заступніцтвам і хадайніцтвам Гасподзь дапамог нам годна несці сваё хрысціянскае званне ў гэтым свеце, прыняць у сваё сэрца Бога і ніколі не раставацца з Ім, а таксама паспрабаваць так сумаваць па Богу, так стаміцца ў гэтым мітуслівым жыцці, як гэта было з праведным Сімеонам Богапрыімцам. І тады, у канцы гэтага пакутлівага шляху нас чакае Стрэчанне – сустрэча з нашым Збавіцелем і Выратавальнікам. Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)

Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык


Расписание богослужений

Подать записку

Помочь храму

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Похвала Коложская

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)