Пропаведзь у Вялiкi Чацвер. ТАЙНАЯ ВЯЧЭРА

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Мы сабраліся на Тайную Вячэру Хрыста, каб разам з апосталамі прычасціцца прачыстага Цела і пачэснай Крыві Збавіцеля, каб стаць далучанымі да Госпада, каб Цела Бога, Які ўчалавечыўся, стала нашым целам, і Кроў Яго стала нашай крывёю.

“Той, хто спажывае Цела Маё і п’е Кроў Маю, ува Мне знаходзіцца, і Я ў ім”. У гэтых словах Гасподзь кажа нам пра дзве рэчы: пра Яго знаходжанне ў нас і пра наша быццё ў Ім. Гасподзь жыве ў нас, таму што Ён стаў чалавекам, прыняў чалавечую плоць. Падчас Свайго ўчалавечання Ён прыняў плоць не абстрактнага чалавецтва, але кожнага канкрэтнага чалавека: Ён прыняў плоць кожнага з нас.

А мы жывем у Ім, таму што прымаем у сябе Яго плоць – чалавечую плоць Сына Божага, Які стаў Сынам Чалавечым, тую самую плоць, якую Ён успрыняў ад нас, але якая, злучыўшыся з Яго Боскай прыродай, стала цалкам абожанай. Праз гэта ўзаемнае прычасце мы становімся “у Ім”, а Ён – “у нас”: узнікае існая, анталагічная сувязь паміж намі і Богам. Перашкода паміж Богам і людзьмі, створаная рукамі чалавечымі, знішчана рукамі Божымі; яна разбураецца ўчалавечаннем Бога і Яго Тайнай Вячэрай, калі Ён прапанаваў нам у спажыванне Самога Сябе.

Калі мы благаслаўляем, пераламляем і спажываем хлеб і віно, мы не проста ўспамінаем, што адбылося тады ў Сіёнскай святліцы. Мы сілай Святога Духа становімся разам з апосталамі саўдзельнікамі і Тайнай Вячэры, і Галгофскай Ахвяры, і славутага Уваскрасення.

Спажываючы Цела і Кроў Хрыста, мы злучаемся з Богам цялесна і духоўна, прымаем у сябе Бога, Які дзеля нас і нашага збаўлення стаў чалавекам, і становімся супольнікамі вечнага жыцця, нябеснага хлеба, новага піцця і новай Пасхі, якая ёсць Сам уцялесніўшыся Гасподзь Іісус Хрыстос.

Мы павінны памятаць, што, прымаючы ў сябе Цела і Кроў Бога, мы бярэм на сябе вялікую адказнасць за ўласную будучыню. Бо, калі не будзе праз нас “свяціцца” Імя Божае, калі Цела і Кроў Хрыста, якія мы прымаем як святло, стануць для нас агнём пякучым, тады гора нам, таму што будзем падобнымі мы да Іуды-здрадніка.

Хіба не ў тым сэнс пякельных пакутаў, што чалавек знаходзіцца з Богам, але сама прысутнасць Бога становіцца для яго непераносным цяжарам, нясцерпнай пакутай? І ці не было менавіта такой пакутай для Іуды само знаходжанне яго на Тайнай Вячэры? Бо душа яго была раздвоенай: нейкай часткай душы ён, магчыма, яшчэ заставаўся з Госпадам, іншай жа часткай ужо аддаўся дыявалу: седзячы за адным сталом з Настаўнікам, ён ужо выношваў ў сэрцы думку здрадзіць Яму.

І ў кожнага з нас ёсць толькі два шляхі, па якіх мы можам ісці, і яны акрэслены ў Святым Пісанні. Першы шлях – гэта шлях паслядоўнікаў Хрыста, якія ішлі за Ім і ў Гефсіманію, і на Галгофу, гаравалі побач з Яго Магілай, а потым падзялілі з Ім радасць Яго Уваскрасення. Другі шлях – гэта шлях Іуды, які не ідзе за Хрыстом, а спяшаецца да першасвятароў і старэйшынаў іудзейскіх, каб выдаць свайго Настаўніка. Пра гэты страшны ўрок мы не павінны забываць.

Нават калі мы прычашчаемся часта, нават калі старанна рыхтуемся да Прычасця, мы павінны памятаць аб тым, што раздвоенасць ў справе Божай недапушчальная. І, падыходзячы да Святой Чашы, мы павінны ўсім сэрцам, усім розумам, усёй сваёй душой і нават целам жадаць злучэння з Госпадам. Мы павінны жадаць ўсё жыццё аддаць Богу, кожнае дыханне, пачуццё, кожную думку, кожнае дзеянне прысвяціць Яму. Толькі тады мы будзем Яму годнымі супольнікамі, толькі тады, падобна да Прасвятой Багародзіцы, станем храмам Божым, толькі тады дасягнем абожання, да якога кожны з нас пакліканы.

Пра гэта абожанне і кажа нам уся сённяшняя служба. Прымаючы ў цяперашнім жыцці пад відам хлеба і віна Цела і Кроў Хрыста, мы спадзяемся, што ў будучым жыцця прычасцімся Бога яшчэ больш поўна, яшчэ больш дасканала.

Райскае блажэнства ў тым, што людзі знаходзяцца ў Богу, і Бог у іх, і гэта адзінства з Ім з'яўляецца для іх крыніцай няспыннай радасці, невычэрпнай весялосці, невымоўнай асалоды. Што ж тычыцца тых, хто не варты гэтага блажэнства, дык Бог жыве ў іх, але яны – па-за Ім, і менавіта гэта становіцца для іх крыніцай няспыннай пакуты.

Будзем памятаць пра ўсё гэта і, прымаючы Святыя Хрыстовыя Тайны, будзем “разважаць” пра Цела і Кроў Госпада. Будзем рыхтавацца да Святога Прычашчэння не толькі захаваннем посту і чытаннем малітваў, але перш за ўсё ўсім нашым жыццём, усімі нашымі справамі, прысвячэннем саміх сябе Богу.

З выключнай сілай і відавочнасцю здзяйсняецца наша злучэнне з Хрыстом, а ў Ім і адзін з адным, – у таінстве Цела і Крыві Збавіцеля падчас здзяйснення Літургіі, у якой Ён прыносіць Сябе ў ахвяру “за ўсіх і за ўсё”. І ў гэтым яе сусветны, усеагульны і ўсеабдымны характар: яна ўтрымлівае ў сабе ўсе нашы беды і нягоды, барацьбу і знясіленасць, падзенне – але, разам з тым, і перамогу выратавальнай любві Божай.

Прыняўшы ж у сябе Святыя Дары, будзем насіць іх у сабе годна, з глыбокай павагай, падобна да таго, як Прасвятая Багародзіца насіла ва ўлонні Сваім Хрыста.

Будзем прасіць Бога, каб нам да канца зямных дзён прычашчацца Святых Хрыстовых Тайнаў, каб у смяротны наш час мы не пазбавіліся Святога Прычасця і каб у вечным жыцці змаглі прычашчацца Бога “у невячэрнім дні Царства Яго”. Амінь.


Расписание богослужений

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)