Пра апантанага у гадарынскай краіне.

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Вы чулі, узлюбёныя браты, прачытаную сёння евангельскую аповесць пра апантанага ў Гадарынскай краіне і ацаленне яго Іісусам Хрыстом? Чулі, як дэманы мучылі няшчаснага чалавека і як ён гаротна вёў сваё ўбогае жыццё? Бачылі ўладу Іісуса Хрыста над злымі духамі, над цэлым легіёнам іх – гэта значыць, над некалькімі тысячамі, якія ўсяліліся ў няшчаснага чалавека?

Мімаволі ўспамінаюцца словы вялікага пісьменніка Ф. М. Дастаеўскага, словы сугучныя Евангеллю: «У свеце дыявал змагаецца з Богам, а поле бітвы – сэрцы людзей.»

Мы, дарагія браты і сёстры, жывем у эпоху сусветнай барацьбы цемры са святлом. І кожны з нас, усведамляе ён гэта або не ўсведамляе, жадае ён таго або не жадае, таксама ўдзельнічае ў гэтай барацьбе. Чалавек, тым больш хрысціянін, не павінен думаць толькі пра сваё выратаванне, грэбуючы доляй тых, хто побач з ім, абыякава пазіраючы на пакуты і пагібель іншых.

Вопыт тысячагоддзяў даказаў немагчымасць выратавання свету шляхам механічнай яго перабудовы. Знешняй механічнай перабудове свету, пры якой страчваецца чалавечая асоба, а чалавек ператвараецца ў шрубку машыны або ў нумар у статку сытых скацін, Стваральнік і Прамысліцель свету супрацьпастаўляе – у асобе Іісуса Хрыста – выратаванне свету Ісцінай: сапраўднае выратаванне свету магчыма толькі праз прасвятленне душ, іх уваходжанне ў Царства Божае. А Царства Божае – усярэдзіне вас, – гаворыць Гасподзь.

Мірна жылі гадарынцы ў маёнтках сваіх. Стаўшы плоццю, яны сталі глухімі да чужых пакутаў, да пакутаў няшчасных. Лёгка пераадольваючы страх перад апантанымі, якія наводзілі жах на ўсё на-ваколле, яны раптам спалохаліся Хрыста! – Таго, Хто нясе людзям свет і любоў. Цэлы горад выйшаў насустрач і просіць Яго выйсці ад межаў іх. Бо толькі за тым і вышлі ўсім светам, каб прагнаць! «Выйдзі, выйдзі ад нас, выйдзі з нашых межаў!» – гаварыў народ, які абраў тое, што яму было дорага: незаклапочаннасць і бестурботнасць жыцця.

І праз усю гісторыю гучыць гэты крык: Выйдзі! Ты стаіш на нашым шляху да дабрабыту, да бестурботнасці, да стабільнасці, да забыцця… Гэта гаворыць праз усю гісторыю чалавечы род.

У вобразе гадарынцаў лёгка можа пазнаць сябе кожны чалавек, які цалкам засяродзіўся толькі на сваім матэрыяльным дабрабыце як мэце свайго жыцця. У вобразе гадарынцаў можа пазнаць сябе і грамадства, і цэлы народ, якія апусціліся ў духоўнае мяшчанства, выключыўшы са свайго мыслення Бога і імкненне да Яго. Вакол іх склаўся звыклы для іх лад жыцця. Лад дзелавы, але духоўна пусты. Яны з гэтым ладам звыкліся, і няма ў іх ні думкі, ні неабходнасці, каб у гэтым парадку што-небудзь змяніць. Стаўшы плоццю, яны баяцца ўсякай перамены ў іх знешнім становішчы. Таму і гоняць яны ад сябе думку пра Бога, пра Хрыста як Збавіцеля. Гоняць ад сябе думкай аб сваёй адказнасці за жыццё.

Кожны чалавек, тым больш хрысціянін, нясе адказнасць за пануючае ў свеце зло, за поспех у гэтым свеце духу цемры. Кожны чалавек, і асабліва хрысціянін, павінен усведамляць, што ён нясе адказнасць не толькі за ім асабіста здзейсненае зло, за асабістыя грахі супраць Бога і іншага чалавека, які знаходзіцца побач з ім, але і за пануючае ў свеце зло, якому ён не процідзейнічае. Нярэдка прыходзіцца чуць: што я адзін магу зрабіць з маімі слабымі сіламі ў барацьбе са злом, якое амаль цалкам ахутала зямлю? Тым, хто так разважае, трэба сказаць: па-першае, ты не адзін, з табою ўсё Цела Хрыстова, жывой клеткай якога ты павінен быць, з табою і Галава Цела – Хрыстос (1 Кар. 13:20-26). І, па-другое, перамагаючы асабістую грахоўнасць і тое зло, якое жыве ў табе, дасягаючы прасветленасці сваёй душы, ты тым самым саўдзельнічаеш у аздараўленні і выратаванні ўсяго свету. У барацьбе за аздараўленне або выратаванне свету нельга недаацэньваць асабістага над собою подзвігу. Унутраная пранікнёнасць душы чалавека благадаццю Божай і дабрадатным спакоем, дабрадатнымі светлымі сіламі, нябачна праліваецца і на іншых людзей, аказваючы на іх гаючае выратавальнае дзеянне. Таемная, ад чужых вачэй схаваная малітва ў келлі, нябачны для людзей подзвіг пустэльніка, маўклівае сузіранне Бога – усё гэта мае дабрадатныя наступствы для ўсяго свету, усё гэта садзейнічае яго выратаванню, адраджэнню і прасвятленню. «Здабудзь спакой, – гаварыў прап. Серафім Сароўскі, – і вакол цябе выратуюцца тысячы.»

Ведайце, што ўсякі раз, калі сумленне ваша трывожыць, турбуе і мучыць вас, калі не адчуваеце ў сэрцы спакою, ведайце, што дэманы жывуць у ім.

У гэтай барацьбе супраць злых духаў, якія змагаюцца з намі, ёсць адзінае ўмацаванне – Гасподзь. Вось дзе прыстанак наш, вось дзе проціяддзе ад таго яду, які атрымліваем мы з навакольнага асяроддзя.

Калі мы будзем імкнуцца да сабранасці душы, чысціні і святасці, жывучы ў любові да Бога і да людзей, тады мы не будзем цацкай у кіпцюрах дэманаў.

Малітва, як нішто іншае, абараняе нас ад злых духаў. Не толькі за сябе – маліцеся за ўсіх знаёмых вашых, за ўсіх тых хрысціянаў, якія імкнуцца ісці па шляху Хрыстовым.

Слова Божае не выпадкова, звяртаючыся да кожнага з нас, гаворыць: «Цвярозіцеся, не спіце, таму што супернік ваш д'ябал ходзіць, як рыклівы леў, шукаючы, каго паглынуць» (1 Пятр. 5:8). Мы ведаем, што вораг наш – дыявал – ходзіць і імкнецца ўлавіць кожнага з нас, але, тым не менш, паддаемся яму, і ён вельмі лёгка, без асаблівых высілкаў авалодвае намі. З усяго сказанага якую выснову мы павінны зрабіць? Выснова адна: быць пільнымі ў адносінах да ўсяго, што адбываецца ў нашым з вамі жыцці.

І калі мы жадаем жыць духоўна, то хіба можам мы дыявалу даваць месца ў сваім сэрцы? Задайце сабе гэтае простае пытанне: ці магу я даваць дэману месца ў сваім сэрцы? Напэўна, кожны раз-важны чалавек на гэтае пытанне адкажа адмоўна. Вядома ж, не. Таму, браты і сёстры, будзем пільна ставіцца да ўсяго, што здараецца ў нашым жыцці.

Не будзем баяцца гэтай барацьбы. Не будзем баяцца таму, што гэтую барацьбу да нас з вамі здзяйснялі тысячы, дзесяткі, сотні тысяч такіх жа людзей, як і мы, і гэтыя людзі сёння ў якасці святых знаходзяццам перад прастолам Божым. Яны сваім жыццём даказалі, што дыявала можна перамагчы з дапамогай Божай. Памятаючы пра гэта, будзем заўсёды прасіць Госпада, каб Ён дапамагаў нам у нашай нялёгкай барацьбе з дыявалам. Не выпадкова, таму нават у малітве, якую мы завем «Малітвай Гасподняй» і якая чытаецца намі некалькі раз на працягу дня, мы, звяртаючыся да нашага Нябеснага Айца, просім, каб Ён не ўвёў нас у спакусу і пазбавіў нас ад злога.

Цуд сённяшняга Евангелля – тое, што Гасподзь можа здзейсніць з кожным чалавекам і з усім чалавецтвам – цалкам раскрываецца ў таямніцы Крыжа Хрыстова і Яго Ўваскрасення. І кожны з нас павінен выканаць волю Божую аб сабе і быць удзельнікам волі Божай, якая жадае ўсім чалавекам выратавацца. Дай Бог, браты і сёстры, каб мы, прыкладаючы ўсе высілкі, не давалі месца дыявалу ў сваім сэрцы. Наша сэрца павінна належаць толькі Богу. І толькі Гасподзь прагне, па-сапраўднаму прагне, нашага сэрца, бо, звяртаючыся да кожнага з нас, Ён гаворыць: «Дзіця, дай Мне тваё сэрца». Дык аддадзім нашы з вамі сэрцы нашаму Госпаду! Вось той урок, браты і сёстры, які ўсім нам зноў і зноў з года ў год у гэты нядзельны дзень, падносіць Святая Хрыстова Праваслаўная Царква. Будзем, па запавеце апостала Паўла, не спаць, цвярозіцца і маліцца Богу, каб Гасподзь не ўвёў нас у спакусу і пазбавіў нас ад злога. Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык
Малюнак - Алена Чаркасава