ПРА ПАРАЛІЗАВАНАГА

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Сёння на літургіі мы чулі апавяданне пра тое, як Гасподзь наш Іісус Хрыстос ацаліў паралізаванага чалавека. Пры гэтай страшэннай хваробе чалавек, які не здольны самастойна паварушыць ні адной часткай цела, становіцца абсалютна бездапаможным і цалкам, нават у дробязях, залежыць ад людзей, якія яго даглядаюць. Самая дробная нядбайнасць ці неахайнасць у адносінах да хворага, магчыма, нават і не заўважаная імі, можа глыбока пакрыўдзіць чалавека.

Людзі, якія прынеслі паралізаванага да Збавіцеля, відавочна, ставіліся да яго з любоўю (магчыма, ён быў іх сваяком ці сябрам) і жадалі яму ўсяго самага лепшага. І вось яны ў надзеі на тое, што хворы атрымае ацаленне, знайшлі магчымасць прынесці яго да Хрыста. Дзеля веры тых людзей, якія яго прынеслі, Гасподзь сказаў яму : «Мацуйся, сыне! Даруюцца табе грахі твае» (Мф.9:2).

Гасподзь дасылае Сваю міласэрнасць на жыццё ўсяго чалавека. Ён гаворыць пра тое, што там, дзе знішчаны грэх – самая галоўная хвароба чалавека, там лёгка ацаліць і хваробу цела. Гасподзь убачыў веру тых людзей, якія прынеслі да Яго паралізаванага, і па гэтай веры даў дараванне грахоў і ацаленне ад хваробы яму самаму. Тут вера адных прыцягвае благадаць Божую да другіх. Душы тых, якия прынеслі хворага, праз веру становяцца здольнымі да прыняцця благадаці, але, маючы чалавекалюбства і спачуванне да душы хворага, яны на яе праводзяць ток гэтай благадаці і ста-новяцца ўдзельнікамі даравання грахоў паралізаванаму і яго ацалення. Так усталёўваецца сувязь паміж душамі людзей і ўзаемная падтрымка іх у справе выратавання, вядомая кожнаму, хто жыве духоўным жыццём. Таму трэба клапаціцца адзін пра аднаго, просячы ў сваіх малітвах усякага дабра ўсім, хто побач з намі.

Царква – адзінае Цела Хрыстова. І калі ў чалавечым целе ўсё органы і сістэмы органаў нармальна функцыянуюць і ўзаемадзейнічаюць, то арганізм хутка спраўляецца з захворваннем. Так і людзі, аб’яднаныя ў Богу любоўю, маюць бязмежныя магчымасці дапамагаць адзін аднаму. Тут усё залежыць ад іх саміх. Вось што значыць – прыйсці да Хрыста.

Сённяшняе Евангелле, як заўсёды, прымушае нас задумацца пра тое, што адбываецца асабіста з кожным з нас і што адбываецца сёння з нашым народам. Відавочна, што і вызваленне нашай Бацькаўшчыны з палону бязбожжа здзейснена Госпадам не па нашым кволым малітвам, а дзякуючы несупыннаму заступніцтву і хадайніцтву за народ стара-жытных падзвіжнікаў і новых мучанікаў за веру.

Аднак, што можна было б сказаць пра такога паралізаванага чалавека, які і пасля свайго ацалення ад хваробы ўпарта застаўся б ляжаць на сваім ложку і патрабаваў бы, каб яго па-ранейшаму кармілі з лыжачкі, умывалі і прычэсвалі? Ці не палічыў бы Гасподзь такога чалавека нявартым таго цудоўнага ацалення, якое адбылося з ім?

І мы з вамі вельмі марудна і павольна, быццам бы не хочучы, уздымаемся сёння з ложка духоўнага амярцвення і нібы не чуем словы Збавіцеля : “Устань і ідзі”. Вось таму і працягваюць скалынаць краіну духоўныя і эканамічныя немачы.

Тая спаралізаванасць, паралюш, якім ахоплены і разбіты наш народ, ёсць толькі сімптом, – гаворыць сёння Хрыстос, – той хваробы, якая называецца грахом. Але ў нашага хворага народа няма сіл самому прыйсці да Хрыста. Што ж рабіць?

Па-першае, Царква заклікае да таго, каб яна зрабілася здольнай панесці народ на сабе, на сваіх плячах да Хрыста. Для гэтага неабходна мець спачуванне да іншых людзей.

І, па-другое, сам народ павінен быць здольным, як і той паралізаваны чалавек і не супраціўляцца.

Дзе ўзяць гэты давер да Царквы Хрыстовай у народа, які ў пераважнай большасці сваёй сёння няверуючы?

Трэба клапаціцца пра тое, каб наш народ не страціў сваю ўласцівую яму ад прыроды здольнасць быць народам, у якога яшчэ жывое сумленне і пачуццё сораму. Калі мы з сапраўдным пакаяннем у грахах даверымся таму, што здзяйсняе з намі ў Царкве Гасподзь і Яго святыя, тады адбудзецца цуд ацалення.

Хацелася б спыніцца і на іншым вельмі важным моманце, на які мы не адразу звяртаем сваю ўвагу, калі чытаем або слухаем гэты евангельскі ўрывак. Гэтым момантам з’яўляецца тая непахісная воля людзей, якія, нягледзячы ні на якія цяжкасці, імкнуцца да мэты, пастаўленай перад імі. А мэтай іх было выздараўленне хворага сябра. І паглядзіце, яны ідуць да Хрыста, але падысці да Яго не маюць магчымасці. Але гэтыя людзі не адмаўляюцца ад задуманага. Не маючы магчымасці прайсці праз дзверы і вокны, яны ўздымаюцца на дах, разбіраюць яго і ўсё роўна дасягаюць сваёй мэты.

І ў нашым духоўным жыцці таксама павінна быць так: вызначана мэта, а мэтай нашага духоўнага жыцця з’яўляецца наша выратаванне, і ўсе намаганні павінны быць скіраваны на дасягненне гэтай мэты. І часта вельмі працяглы адрэзак часу, цэлае жыццё неабходна ісці гэтым шляхам, няспынна набліжаючыся да дасягнення вызначанай мэты.

Але як бывае ў нашым жыцці? Пачынаем аб нечым прасіць Бога, хаця б пра ацаленне ад той жа хваробы, старанна молімся дзень, два – і праз некаторы час астывае наша сэрца, згасае агонь нашай малітвы – смутак і адчай запаўняюць нашу душу.

А вось сённяшні прыклад, узяты з Евангелля, гаворыць нам, што наша вера не павінна згасаць. І калі ёсць у дасягненні нашай духоўнай мэты нейкая перашкода ў адным, то мы павінны паспытаць свае сілы крышку ў іншым, спрабуючы пераадолець гэтую перашкоду, і не спыняцца да тае пары, пакуль наша мэта не будзе дасягнута. Штодзённа, хай невялікімі крокамі – але наперад! Толькі тады можна спадзявацца на вынік праз пэўны час, але пры той умове, што наша воля будзе суладна з воляй Божай.

Апостал Павел у пасланні да Рымлянаў, якое мы чулі сёння падчас літургіі, павучае нас: “У руплівасці не слабейце; духам успалымляйцеся; Госпаду служыце; суцяшайцеся надзеяю; у горы будзьце цярплівыя, у малітве трывалыя” (Рым. 12; 11,12).

Мы не павінны шукаць чагосьці звышнатуральнага, таму што Гасподзь заўсёды, нават калі мы знаходзімся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, жадае нам аднаго, таго, што пойдзе на карысць нашай душы, – яе ачышчэння і ацалення, даравання і адпушчэння грахоў, а праз гэта – вечнага блажэннага жыцця. Не будзем шукаць цудаў, не будзем шукаць знешняга пацвярджэння праўдзівасці нашага вучэння. Будзем шукаць гэтага пацвярджэння толькі ўнутры сябе, таму што ачышчэнне душы і дараванне грахоў для сапраўднага хрысціяніна такія ж відавочныя, як і яўны, бачны цуд. Духоўнае жыццё не ёсць нешта абстрактнае і эфемернае, пра што нельга сказаць нічога канкрэтнага. Гэта памылкоўнае меркаванне нявопытных і малаверных людзей. . Сапраўды веруючы чалавек жыве духоўным жыццём і кіруецца ў ім сваёй верай. Ён бачыць шматлікія і рэальныя змены, якія адбываюцца ў ім пад уздзеяннем благадаці Божай, што ачышчае яго ад страсцей або паслабляе іх, а таксама захоўвае ад уплываў злой сілы, якая спакушае яго на той ці іншы грэх. Наша жыццёвая задача – зрабіць сваё ўнутранае духоўнае жыццё плённым і пазбаўленым усякай няпраўды супраць закону Божага, каб наша ўнутраная духоўная немач ацалілася пад уздзеяннем благадаці Божіей, каб мы сталі людзьмі, якім ўжо не патрэбна дапамога іншых, духоўна больш здаровых за нас людзей, і якія здольныя дзейнічаць самастойна.

Пакуль існуе Праваслаўная Царква, а яна будзе існаваць да сканчэння свету, у ёй будуць святары, якія ад імя Госпада Іісуса Хрыста будуць дараваць грахі людзям пры ўмове іх шчырага па-каяння.. І няма на зямлі нідзе іншага такога месца, дзе чалавек мог бы атрымаць дараванне грахоў і ацаліць сваю душу. Але не будзем забываць пра тое, што неабходны і нашы ўласныя намаганні, каб нам атрымаць дараванне грахоў і душэўную палёгку. Мы павінны не толькі прасіць святара, каб ён памаліўся за нас на малебне або літургіі ці падчас споведзі, але і самі павінны звяртацца да Таго, Хто адзіны мае ўладу дараваць грахі, – да Госпада Іісуса Хрыста, каб Ён памілаваў нас, – і Ён здзейсніць з намі цуд.

Мы павінны заўсёды каяцца, заўсёды прасіць Міласэрнага, Усяміласцівага Госпада Іісуса Хрыста даць нам дараванне грахоў – тады мы будзем адчуваць і ад Таінстваў большую карысць, у параўнанні з тым, калі б мы не прымушалі сябе да штодзённага і, можна сказаць, бесперастаннага пакаяння. Вось пра гэта мы павінны памятаць.

Наша збаўленне і выратаванне адбываецца не толькі дзякуючы тым Таінствам і абрадам, якія існуюць у Царкве, але і дзякуючы нашай ўласнай стараннасці і, галоўным чынам, нашаму пакаянню. Гасподзь Іісус Хрыстос кранецца ўсякага нядбайнага, чэрствага і, магчыма, захопленага штодзённаю побытавай мітуснёю чалавека. Галоўнае, каб ён шчыра імкнуўся да праўды Божай. Калі Гасподзь наблізіцца да нас, і мы адчуем у сваёй душы тое, што адчуваў паралізаваны, – мы ацалімся ад сваіх духоўных немачаў і будзем здольныя да выканання справаў дабра, любві і міласэрнасці. Як той паралізаваны, які змог узяць свой ложак і пайсці дадому, так і мы паздаравеем і зможам выконваць евангельскія запаведзі. Амінь.


Расписание богослужений

Подать записку

Помочь храму

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Похвала Коложская

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)