ШЛЯХ У ЦАРСТВА НЯБЕСНАЕ

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Сёння Хрыстос гаврыць нам у Евангеллі пра любоў да ворагаў – пра тое, што з'яўляецца галоўнай і адзінай прыметай таго, што мы – Хрыстовы, што мы не дарэмна носім на сваёй шыі крыжык, што мы ведаем таямніцу Крыжа Хрыстова.

Калі вялікая княгіня прападобнамучаніца Елізавета была скінутая раз’юшанымі катамі ў алапаеўскую шахту, яна паўтарыла словы малітвы Самога Збавіцеля, калі Ён быў на Крыжы: «Божа, даруй ім, бо не ведаюць, што робяць».

Няхай гэтыя словы глыбока ўвойдуць не толькі ў нашу памяць, але і ў нашы душы, ва ўсё наша жыццё. Калі мы дасягаем гэтага, гэта адзіная прымета таго, што мы хрысціяне.

Такую дабрадзейнасць явіў у жыцці сваім прападобны Серафім Сароўскі. Разбойнікі, патрабуючы ад яго грошы, збілі яго, пакінуўшы ледзь жывога, але, калі яны былі знойдзены і павінны былі быць асуджаныя, прападобны Серафім прасіў аб іх прабачэнні, што было выканана.

Хрыстос гаворыць: «Як вы хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце». Ніхто не можа аспрэчыць гэтыя словы Госпада. Усе мудрацы свету сцвярджалі гэты прынцып жыцця, усе гаварылі пра тое, што справядлівасць патрабуе, каб мы не рабілі іншаму таго, чаго сабе не жадаем.

Хрыстос, сцвярджаючы быццам бы той жа самы прынцып, ідзе значна далей, таму што адна справа не рабіць іншаму дрэннае, а іншае – рабіць яму добрае. І гэта «добрае» – здольнасць чалавека імкнуцца да сапраўднай дасканаласці.

Сёння ў Евангеллі Гасподзь гаворыць: «Будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны. І будзьце міласцівыя, як Айцец ваш Нябесны міласцівы». Што гэта значыць? Гэта значыць: любіце тых, хто ненавідзіць вас, і рабіце дабро тым, хто робяць вам зло. І давайце іншым людзям, не спадзеючыся атрымаць ад іх нічога. Так робіць Гасподзь. На крыжы Ён явіў гэта ў поўнай меры так, каб мы ўсе ўбачылі дасканаласць чалавека, каб мы ўсе вучыліся стаць дасканалымі людзьмі – хрысціянамі.

Хрыстос – першы на зямлі, хто абвясціў гэтую запаведзь пра любоў да ворагаў.

Усё ў табе пратэстуе супраць гэтага. Немагчыма з гэтым ніяк пагадзіцца, але Гасподзь гаворыць на Крыжы: « Любіце ворагаў вашых». І дае хрэсную, пасхальную сілу новага жыцця, каб мы жылі менавіта так і так ставіліся да ворагаў нашых, як Ён ставіўся да Сваіх.

Любоў становіцца хрысціянскай, Божай, калі чалавек, які любіць, забывае сябе. Любіць, не шукаючы ўзнагароды, не просячы, не патрабуючы, не чакаючы любові за любоў, не атрымліваючы падзякі за яе праявы, – пачатак хрысціянскай любві. Яна расцвітае ў любоў Хрыстову, калі свабодны дар любві дасягае да тых, якія нас ненавідзяць, якія нас лічаць ворагамі.

Увесь сучасны свет ляжыць у засмучэнні, гэта значыць у дэпрэсіі, а спецыялісты – прычым свецкія – тлумачаць нам, што такое дэпрэсія. Гэта – засяроджанасць на сабе: сваіх поглядах, жаданнях, думках і пачуццях. Той, хто ў сваёй любві да бліжняга выходзіць за межы свайго «Я», не сумуе і не знаходзіцца ў дэпрэсіі.

Да тае пары, пакуль чалавек не адмовіўся яшчэ ад натуральнага закона сумлення і розуму, заўсёды застаецца надзея, што ён можа прыйсці да Хрыста Бога. Але пакуль ён не прыйдзе да Яго, ён ніколі не выканае па-сапраўднаму тое, што ён павінен выканаць у адпаведнасці са сваёй чалавечай прыродай. Наадварот, ён усё больш будзе губляць сваю чалавечую годнасць.

Ёсць адзіны шлях, які можа выратаваць нас ад поўнага разлажэння – і асобы кожнага з нас, і ўсяго жыцця – гэта выкананне запаведзі аб любві да ворагаў.

Святыя айцы гавораць, што гэты шлях мы павінны прынять цвёрда, як ісціну Хрыстову, як таямніцу Крыжа Гасподня. Калі мы ахінаем сябе хрэсным знаменнем, мы павінны замацоўваць гэту ісціну і ў свядомасці, і ў сэрцы сваім.

Мы павінны зразумець, што тая вышыня, якую Хрыстос нам прапаноўвае – адзінае наша збаўленне. «Мы перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў сваіх» (1 Ін. 3: 14). Гэта ёсць Пасха Гасподня, далучэнне да перамогі Крыжа Хрыстова. Толькі Хрыстом, толькі Яго Крыжам можам мы гэтага дасягнуць. І калі мы прычыняемся да Яго, мы разумеем, што, калі ёсць у нас дар Хрыста – любоў да ворагаў, то ворагі нашы становяцца нашымі сапраўднымі сябрамі. І яны наша набыццё, хаця немагчыма гэта зразумець, як немагчыма зразумець, што смерць – найвышэйшае набыццё, якое можа быць у чалавека. Але хто ведае Пасху Хрыстову, той, хто ведае, што Хрыстос уваскрэс, таму зразумелымі будуць і словы Госпада пра любоў да ворагаў, пра Крыж Яго.

Таму пастараемся сёння задумацца пра тое, што многія з нас грэбуюць самай сутнасцю веры хрысціянскай. Мы павінны вучыцца гэтаму на працягу ўсяго жыцця і з дня ў дзень.

Перш, чым наступяць часы апошняга нашага выпрабавання, нам даецца час для падрыхтоўкі да гэтага. Святы апостал любові Іаан Багаслоў гаворыць: «Калі ты бачыш, што брат твой жыве ў бядзе і зачыняеш сэрца сваё ад яго, як можа знаходзіцца ў табе любоў Божая?» (1 Ін. 3: 17). А святы Іаан Прадцеча,най большы з усіх, народжаных жанчынамі, гаворыць: «Калі хто мае дзве кашулі, няхай дасць таму, хто не мае» (Лк. 3: 11). Свяціцель Грыгорый Багаслоў разважае па гэтай падставе: «Калі ў часы дабрабыту ты не можаш аддаць іншаму чалавеку лішнюю адзежу, то як ты аддасі жыццё сваё за іншага чалавека, калі прыйдуць часы выпрабаванняў?»

Вось што такое паступовае ўзрастанне. Таму і даецца нам не адзін год, а шмат гадоў жыцця, каб мы праз пэўныя намаганні гэтаму маглі навучыцца, праз нашыя падзенні ўбачылі, што няма ў нас любві. Не тое што да ворагаў, а мы часта бываем няздольныя любіць і тых, хто любіць нас. Каб, узыходзячы да гэтай недасягальнай запаведзі, разумелі, чаму блажэнны Аўгусцін гаворыць: «Так, гэта для нас немагчыма, але любіць ворагаў нашых –гэта значыць, маліцца за іх ад усяго сэрца». Таму што толькі любоўю Хрыстовай, толькі Яго благадаццю, якая даецца нам у малітве, можам мы набыць гэтую здольнасць.

Святыя айцы часта даюць нам такую параду, калі мы знаходзімся з кім-небудзь у нязгодзе і нават варожасці, калі душа нашая знаходзіцца ў засмучэнні, калі няма ў нас дабрыні і мы не можам ніяк прабіцца з гэтага стану цьмянасці нашага жыцця. Навучымся, гавораць яны, таму, каб перш усіх нашых малітваў маліцца за нашых асабістых крыўдзіцеляў, за ворагаў нашых.

Сам ты ніколі, ніякімі намаганнямі гэтага не дасягнеш. Як не пераможаш ты ніколі смерць, якую Хрыстос перамог для кожнага з нас, і дае гэта нам. Такім чынам, будзем усімі сіламі нашымі, выкананнем усяго, што патрэбна нам выконваць у адпаведнасці з той рэштай святла, якая яшчэ ёсць у нас, імкнуцца дасягаць благадатнага святла Хрыстовай любві, каб былі мы хрысціянамі.

А калі нават і цяжкія нанесеныя нам знявагі, вялікія прычыненыя нам страты – ці вартыя яны таго, каб несці іх у бессмяротнасць? І нас, і нашых ворагаў чакае смерць і магіла, чакае Страшны і Справядлівы Суд Гасподні. Няўжо і перад Тронам Усявышняга мы, нікчэмныя грэшнікі, вырашым прад’явіць каму-небудзь нейкія рахункі? Напярэдадні гэтага грознага імгнення, якое навекі вырашыць нашую долю, папярэджвае нас прападобны Антоній Вялікі: «Даруйце адзін аднаму, і змілуецца над вамі Гасподзь».

Калі здолеем мы пакласці пачатак пакаянню, тады ёсць спадзяванне, што мы ўбачым калі-небудзь сапраўдны стан нашай сляпой і заняпалай душы. А гэта, у сваю чаргу, адкрые нам шлях да спадзявання на тое, што да нас паставяцца не справядліва, а міласціва. І тады, хто ведае, магчыма, мы і навучымся шкадаваць тых, хто зрабіў нам злое, тады, магчыма, і дасягнем стану душы, пры якім магчыма ўпадобіцца Айцу нашаму Нябеснаму ў міласэрнасці і прабачэнні.

Гэты свет ляжыць у зле, і ў веруючы чалавек не можа не мець ворагаў. Больш за тое: калі б мы былі акружаныя ўсеагульнай пахвалой і павагай – вось што было б сапраўды злавесным знакам. Бо Гасподзь наш Іісус Хрыстос гаворыць: « Гора вам, калі добра будуць гаварыць пра вас усе людзі. Бо так рабілі лжэпрарокам бацькі іх. « (Лк. 6: 26). Грэшнікі ўзвялічваюць грэшнікаў, пад хваляй незаслужанай пахвалы і нячыстай ліслівасці самая моцная душа можа трапіць у гардыню, заганарыцца і загінуць. Ворагі нашы – лекары нашы, якія даюць нам горкія лекі, што вяртаюць нам цвярозае ўспрыняцце саміх сябе.

Калі мы здолеем не “захварэць на варожасць”, ніякі вораг не прычыніць нам зла – усё яго справы і задумы Гасподзь зверне нам на карысць. Ворагі становяцца небяспечнымі толькі тады, калі ў адказ на іх дзеянні мы ўспыхваем «высакародным» абурэннем і прагай помсты.

Адзіны гнеў можа быць названы справядлівым – гэта гнеў на крыніцу ўсякага зла, адзіная нянавісць справядлівая – гэта нянавісць да чалавеказабойцы-дыявала. Паслядоўнікі Збавіцеля павінны супрацьстаяць граху, хрысціянства нічога агульнага не мае з абыякавым і пасіўным непраціўленнем. Але ў гэтай вялікай духоўнай бітве галоўнае – не даць хітраму ворагу ашукаць сябе, не згубіць здольнасці аддзяляць само драпежнае зло ад няшчасных яго носьбітаў. Прападобны Ніл Сінайскі вучыць: «Хто злапамятны ў адносінах да дыявала, той не трымае зла на людзей, але з дыявалам уступае ў саюз той, хто трымае зло на брата свайго.»

Мы не можам пазбегнуць чужой варожасці, але самі не павінны быць ворагамі нікому. Разважаючы духоўна, ворагаў сваіх павінны мы шанаваць, бо праз іх Гасподзь Прамысліцель выпрабоўвае і вучыць нас. Толькі пыхлівая душа ў выпрабаваннях чарсцвее, душа ж хрысціянская набывае збавіцельны навык цярпення, змірэння і мужнасці. Ворагі часам прычыняюць больш карысці нашым душам, чым сябры, бо сяброўства сляпое, яно імкнецца бачыць у нас толькі добрае, а нянавісць відушчая – і ад каго, як не ад ворага, пачуем мы пра сваі недахопы і саграшэнні? Чалавек мудры нават у паклёпе на сябе здолее ўбачыць справядлівыя заўвагі, з кпінаў над сабой зможа вынесці карысны ўрок.

Збавіцель папярэджваў нас, што «Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што сілу ўжываюць, здабываюць яго» (Мф.11:12)? Калі ўжо Сам Гасподзь дазваляе выпрабоўваць нас розным спакушэнням, то ці не ўспрыняць нам гэта малое – на самой справе малое – выпрабаванне, як адзіны шлях да вечнасці?

Таму Гасподзь і гаворыць, звяртаючыся да нас: ідзіце, і стаўцеся да людзей так, як вы хочаце, каб людзі ставіліся да вас; ідзіце, і першыя зрабіце крок да згоды, ідзіце, і першыя дайце, што вас просяць даць, не чакаючы нічога ўзамен. Такая запаведзь дадзеная нам, і ў тым і ёсць міласэрнасць Божая, і такім павінен быць кожны, хто ў сваім сэрцы лічыць сябе хрысціянінам, лічыць сябе веруючым, лічыць, што ён ідзе па тым шляху, якім вядзе нас Гасподзь. Амінь.