Пропаведзь перад Плашчаніцай

 У імя Айца і Сына і Святога Духа!

 У  Вялікую  Пятніцу  Царква  ўспамінае  святыя,  з бавіцельныя  і страшныя пакуты і смерць Госпада Іісуса Хрыста. Святая Царква выносіць для нашага пакланення Святую Плашчаніцу. Перад намі ў магіле чалавечай плоццю ляжыць шматпакутны Сын Дзевы. Падыходзячы да Святой Плашчаніцы,  кожны  з  нас  павінен  усвядоміць  сваю  долю  адказнасці  за  ўсё  тое, што здарылася.

 Але ж мы тады не жылі?

 А калі б цяпер на нашай зямлі з’явіўся Гасподзь – няўжо хто-небудзь з нас можа падумаць, што ён быў бы лепшы за тых, якія тады Яго не пазналі, не палюбілі Яго, адмовіліся ад Яго і, каб пазбавіць сябе ад асуджэння сумленнем, загубілі крыжовай смерцю?

Нам часта здаецца, што тыя людзі, якія тады гэта здзейснілі, былі такімі страшнымі. А калі мы ўгледзімся ў іх вобраз – што мы бачым?

Мы бачым, што яны былі сапраўды страшныя, але нашай жа абыякавасцю, нашай маладушнасцю. Яны такія ж, як мы: іх жыццё занадта малое і нікчэмнае для таго, каб у яго ўсяліўся Бог.

Паглядзіце на Пілата: чым ён адрозніваецца ад тых служыцеляў дзяржавы, Царквы, грамадскасці, якія больш за ўсё баяцца чалавечага суда і адказнасці і якія для таго, каб сябе застрахаваць, гатовы загубіць чалавека – часта ў малым, а часам і ў вельмі вялікім? Як часта з-за страху адказнасці, мы дазваляем легчы на чалавека падазрэнню, што ён злачынец, што ён – ашуканец, амаральны і г.д. Нічога большага Пілат не зрабіў: ён імкнуўся захаваць сваё месца, ён стараўся не падпасці пад асуджэнне сваіх начальнікаў, хацеў, каб яго не ўзненавідзелі свае ж падначаленыя, імкнуўся пазбегнуць бунту. І хоць ён і прызнаў, што Іісус ні ў чым не вінаваты, але ўсё ж такі аддаў Яго на пагібель ...

Пілат сваёй уласнай воляй абраў зло. Быў адзін момант, калі ўсё залежала ад яго, і ён гэта ведаў, і свядома пайшоў супраць сумлення, супраць праўды ...

Няма дня, калі б мы не стаялі перад выбарам і не мелі б дадзенай кожнаму з нас звыш улады, у адпаведнасці з голасам сумлення, якое ніколі не падманвае, ведаць праўду – і або выбіраць яе, або адмаўляцца ад яе. Гэта свабода, гэта магчымасць выбару робіць саму нашу веру судом над намі.

І вакол Яго столькі такіх жа людзей; воіны – ім было ўсё роўна, каго асудзілі на смерць, яны былі за гэта “не адказныя”; гэта быў іх абавязак: выконваць загад ...

А колькі разоў з намі здараецца тое ж самае? Мы атрымліваем распараджэнне, якое мае маральнае вымярэнне, распараджэнне, адказнасць за якое будзем несці перад Богам, і гаворым: “Адказнасць не на нас ...”

Пілат вымыў рукі і сказаў іудзеям, што адказваць за ўсё будуць яны. А воіны проста выканалі загад і забілі чалавека, нават не задумаўшыся пра тое, хто Ён: проста асуджаны ...

А хто аддаў Хрыста на распяцце? Выключныя зладзеі? Не – людзі, якія не хацелі рызыкаваць нічым. Для якіх зямны дабрабыт і адносная стабільнасць жыцця сталі больш важнымі за сумленне і праўду, за ўсё – толькі б не пахіснулася хісткая раўнавага іх рабскага дабрабыту. А хто з нас гэтага не ведае па сваім жыцці?

Можна было б ўсіх так перабраць, але хіба не відаць з гэтага, што людзі, якія забілі Хрыста, – такія ж, як і мы? Што яны былі натхнёныя тымі ж страхам і страсцямі, якім падпарадкаваныя мы?

Адзін епіскап расказваў гісторыю пра святара, які пасля рэвалюцыі, калі пачаліся страшныя ганенні на Царкву, спалохаўся, убачыўшы, як забіваюць тысячы вернікаў, і адрокся ад веры. Але яго не пакінулі ў спакоі: схапілі і павялі ў царкву, каб ён перад сабраўшымся народам, перад сваімі духоўнымі дзецьмі сказаў, што ўвесь час іх ашукваў, што Бога няма і што Хрыстос не ёсць збаўленне. І калі ён прыйшоў у храм, то ўбачыў Распяцце і пачаў плакаць, устаў перад ім на калені і стаў цалаваць Крыж. Ён памёр мучанікам.

Узгадваецца апавяданне архіепіскапа Мелітона, у якога я быў іпадыяканам, калі вучыўся ў духоўных школах у горадзе на Няве. У часы “хрушчоўскіх” ганенняў на Царкву практыкавалася адрачэнне ад Хрыста свяшчэннаслужыцеляў. На святароў і іх сем’і аказваўся моцны ціск. Гэта былі, як правіла, шантаж, пагрозы або проста спакусы. У роспачы некаторыя святары пакідалі Царкву. Адрачэнне павінна было быць публічным. На літургіі, перад прычасцем, святар выходзіў на амвон, здымаў з сябе фелонь, кідаў яе на зямлю і казаў прыхаджанам, што ён больш не верыць у Бога. Настаяцель аднаго з гарадскіх храмаў паклікаў да сябе рэгента хора і сказаў яму, што перад прычасцем не трэба выконваць ніякіх песнапенняў, таму што будзе адбывацца адрачэнне. Калі гэты святар выйшаў на амвон, хор гучна пачаў спяваць песнапенне Вялікай Пятніцы “Сёння Іуда пакідае Настаўніка і абірае дыявала…” Настаяцель задрыжаў, перахрысціўся і вярнуўся ў алтар. Ён прайшоў праз здзекі, але застаўся святаром.

Захавалася апавяданне адной манашкі. У гады ганенняў на Царкву яна была духоўнай дачкой епіскапа Аўгусціна, які жыў у Маскве.

І вось якое паслушанне, акрамя малітоўнага правіла, даваў Уладыка сваім духоўным чадам: трэба было кожны дзень хадзіць на Мікалаеўскі вакзал, каб сустракаць цягнікі са зняволенымі. Вагоны гэтых цягнікоў адрозніваліся ад іншых: яны былі з кратамі. І на свой страх і рызыку неабходна было, прайшоўшы праз канвой, падысці да арыштантаў і перадаць ім розныя цёплыя рэчы і прадукты. “Мне асабліва было шкада ўзбекаў, – расказвала манашка. – Што будзе з імі там, на поўначы, куды павязуць іх вагоны, і мы імкнуліся хутка, абыходзячы канваіраў, уручыць ім рукавіцы і іншыя цёплыя рэчы”. Звярніце ўвагу, што гэтым дзяўчатам дарагія былі і людзі іншай веры, аб якіх таксама балелі іх сэрцы, і якім яны імкнуліся хоць як-небудзь дапамагчы. Гэта было іх жыццё, гэта быў іх подзвіг. У гэтым бачылі яны сваё хрысціянскае прызначэнне і азарэнне тым Боскім святлом, якое гарэла ў іх сэрцах. І яшчэ яны хадзілі кожную ноч у Бутырскую турму, садзіліся на халодную лесвіцу і чакалі трох гадзін ночы. Так у цемры і на марозе яны здзяйснялі сваё малітоўнае правіла, а ў тры гадзіны займалі чаргу на наведванне зняволеных. У іх у турме нікога не было, а чаргу яны займалі для тых людзей, хто не мог прыйсці ноччу, каб запісацца, і раніцай яны аддавалі сваю чаргу тым, для каго немагчымасць убачыць сваіх блізкіх была б катастрофай.

Вядома, можна было б сказаць, што не абавязкова ім было ўсё гэта рабіць, таму што іх быццам бы не тычылася, што здзяйснялася ў свеце. Яны маглі шукаць адмысловага Боскага азарэння праз малітву і быць глухімі і сляпымі да таго, што адбываецца ў свеце. Ну, везлі арыштаваных на поўнач – на ўсе Божая воля! А ім што?

Але хрысціяне ніколі не былі сляпымі і глухімі ў адносінах да таго, што робіцца ў свеце! Хрыстос не быў такім!

Гэтыя ўспаміны не выпадковыя. Мы павінны выдатна разумець, што тыя падзеі, якія адбываліся дзве тысячы гадоў таму назад у Іерусаліме, не адышлі ў мінулае, а адбываюцца і сёння ў духоўным жыцці кожнага веруючага хрысціяніна. Таму не выпадкова Святая Царква з года ў год вяртае нас да гэтых падзеяў, каб мы былі не проста іх пабочнымі назіральнікамі, а каб усе мы былі ўдзельнікамі іх. І тут нам вельмі важна вызначыць, з кім мы ўсё ж такі: з тымі, якія крычаць “Няхай Ён будзе распяты!” і патрабуюць смерці Хрыста, ці з тымі, якія да канца будуць несці з Хрыстом Яго Крыж, якія будуць разам з Ім, калі Ён будзе так страшна пакутаваць на Крыжы, якія будуць побач з Ім, калі ўсе адвярнуцца ад Яго. З кім мы ў гэтым жыцці? Вельмі важна кожнаму чалавеку адказаць на гэтае пытанне. Мы з Хрыстом тады, калі сапраўды імкнемся выканаць Яго завет і быць сапраўднымі Яго вучнямі. Мы з тымі, хто здрадзіў Хрысту, тады, калі праз тыя грахі, якія мы здзяйсняем у сваім жыцці, мы зноў і зноў здраджваем свайму Госпаду, нават не спрабуючы вырвацца з ліпкага павуціння гэтага грэшнага свету.

Канешне, прыняцце і нясенне свайго ўласнага жыццёвага крыжа патрабуюць мужнасці. Мы можам на імгненне праявіць мужнасць, але не здольныя зрабіць яе сваёй пастаяннай жыццёвай пазіцыяй.

Ні Крыж, ні Уваскрасенне нельга зразумець асобна адзін ад аднаго. Калі мы не здольныя аддаць сваё жыццё Хрысту, калі мы палохаемся смерці, калі замест таго, каб прынесці сябе ў ахвяру Госпаду, мы імкнемся пазбегнуць гэтага, – у нас няма нічога агульнага з Хрыстом, Які аддае нам усяго Сябе.

І тысячы хрэсных ходаў не дапамогуць, калі мы не зразумеем, што Крыж Хрыста для веры – узор, якім мы павінны кіравацца ў сваім жыцці.

Апостал вучыць нас, што хрысціянін уяўляе сабой храм Божы, у якім жыве Сам Гасподзь. Кожны з нас павінен задаць сабе пытанне: “Ці хрысціянін я? Жыве ў маім сэрцы Хрыстос ці я асудзіў Яго на смерць у сваёй душы?” Пра гэта павінны ма разважаць, калі сёння будзем падыходзіць да Святой Плашчаніцы і маліцца перад ёй.

У хвіліны слабасці, дапушчанай Пятром, Гасподзь звярнуў на яго Свой позірк. І ў позірку гэтым не было ні гневу, ні асуджэння, ні дакору, а была толькі бязмежная любоў і вялікае спачуванне. І гэты позірк Хрыста трапіў у сэрца Пятра і зрабіў у ім тую змену, пасля якой пачалося яго новае жыццё – жыццё вялікага прапаведніка і першавярхоўнага апостала, які аддаў сваё жыццё за Хрыста.

Зараз, у сваім зямным жыцці, у кожнага з нас ёсць яшчэ магчымасць выправіць любую памылку, амыць пакаяннем любое наша грахоўнае падзенне, любую нашу здраду Хрысту.

“Уваскрэсні, Госпадзі Божа мой…”, – моліцца сёння Царква, і гэта крык душы кожнага з нас. Абудзі, Госпадзі, душу маю, мёртвую ад грахоў, здымі камень з сэрца майго, выгані воінаў цемры, якія жывуць ува мне, “не забудзі ўбогіх Тваіх да канца”. Прыпадзем са страхам і трымценнем да Хрыста-Жыццядацеля і ўсклікнем, звяртаючыся да Яго: “Уладыка, устань і ўсім нам дай Уваскрасенне”. Амінь.


Расписание богослужений

Войти

Авторизация

Имя пользователя *
Пароль *
Запомнить меня

Подписка на стихи Л.Гениюш

Коложа 360°

Новости Гродненской епархии

Вход

Д/Ф "Коложа" (2007 г.)