На каложы ў Гораднi

На каложы ў Гораднi

У час прадаўны
княгiнi апраметнай —
багiнi Марвы
быў тут святарны гай.
На клажах з смольных дрэў
у санях цi чаўне
наш прашчур тут гарэў.
Згодам,
падзеяў звыклым ходам,
ў багамiльства ўпаўшы сець,
якiсь мясцовы валадар
збяёдзiў храм.
У сцены побач з цэннай
грэцкай плiнтай
паклаў старых багоў алтар
i прадзедаў сваiх прысок.
Панура зецяць да цяпер
з амшэлых сцен
пустыя жальнiкi.
Калi ж святар ў алтары запяе,
у жальнiках i вые, i гудзе…
Што знача гэты разгамон?
цi то — паган пакайны стогн,
цi мо палайка замагiльная,
пакрыўдна-абурлiвая?..

Вацлаў Ластоўскі

Каложа

КАЛОЖА

Дануце Бічэль

Каложа, туга мая светлая!..
Ў чорны Нёман па чорным шкле
Сіняй кропляй спадае ракета,
Быццам зорка ў ціхі Бетлем.

Ў вокны цёмныя заглядае,
Зьзяньнем бледным шукае кутка,
Дзе хваіна ў грубцы страляе,
Дзе ў жанчыны дзіцё на руках.

Глянь, абраная. Гэта не ў Нёман,
Не ў цямноцьце, не ў сон, не ў драму –
Ў веліч падае зорка бяздомная,
Ў сьнег і ў сэрца сыну твайму.

І ў няпэўным хвілінным блакіце,
Ўся адзіная, ўся са сьвятла,
Зь небам, зь Нёманам, зь зямлёю зьлітая,
З сэрцам нашым – Каложа ўзрасла.

Трохі ў зелень, як пер'е качынае,
Трохі ў бэз і трохі ў гранат,
Уся – крышталь невыказна сіні,
Ўся – як край наш, як сон, як вясна.

Ўскінь далоні тонкія ўгору,
Сыну неба акрэсьлі шлях,
Каб навекі адбіліся зоры
У тваіх і дзіцячых вачах,

Каб ніколі перуны чужынныя
Не асьмеліліся скасіць
Ні цябе, ні Каложы, дзяўчыны
Зь ніў і пушчаў Беларусі.

І калі ўзьнясе вас над сьветамі –
Прыгадайце ў вечным сьвятле,
Як самотная зорка – ракета
Ціха падала ў цёмны Бетлем.

Уладзімір Караткевіч, 1967 год

Каложа!

Каложа!
Каложа мая прыгожая!
Ты і ў завею, як летам, пагожая.
Клёнам тваім, пэўна, сто гадоў,
А можа іх пасадзіў Міндоўг?
Любая крона паўнеба засціць,
З паўсвету птаства
Тут знойдзе засень.
Там недзе звіта
Гняздо для месіка.
Сядзіць ён, ножкі у Нёман звесіўшы.
А Нёман цячэ сабе ўдаль,
як звычайна,
Стагоддзямі вербы
да хваль прыручае,
Жартуе і лашчыць,
пяшчотны залішне;
Пад кручай закруціць нядобрыя мыслі,
Свавольную думку знайсці дапаможа…
Вясновая песня мая, Каложа!
Калі над табою сцені мярэжацца,
Чакаюць спатканні
На кожнай сцежачцы…
Калыска вякоў неспакойных,
Каложа!
Няхай твае сны
Ніхто не трывожыць.
І вера і цвёрдасць мая –
Каложа…
О, колькі прайшло
Праз цябе раздарожжаў…
Крушылі, палілі,
Дратамі скручвалі,
А ты, як зямля, была неўміручая…
Ты й на заходзе,
Як поўдзень сонечны,
Васьмівяковая,
І заўтра –
Сённяшняя.
Нішто цябе
З сэрца вырваць не зможа,
Бяссмерце продкаў маіх – Каложа!

Данута Бічэль-Загнетава

Усё помняць старыя муры...

***

Усё помняць старыя муры
Барыса-Глебскай,
Каложскай царквы.
Усё - ад крыжацкай навалы
Да сусветнай вайны,
Ад сярэднявечча
Да сённяшніх дзён.
Помнік дойлідаў таленавітых
Стаіць ён летам;
Лісце жоўтае ападае ўвосень на брук;
Узімку - цудоўным узорам
Вокны царкоўныя ўпрыгожыў мароз;
Увесну - хор птушыны з кронаў дрэў векавых.
На радасць добрым людзям і Госпаду Богу
Стаяць ва ўсе часы,
Поры году
Сведкі сівой даўніны,
Старыя муры Барыса-Глебскай,
Каложскай царквы.

Каранкевіч Мікіта

Свята Уваходу Гасподняга ў Іерусалім у Каложскім прыходзе 13 красавіка 2014 года

13 красавіка ў Вербную Нядзелю пасля ранняй літургіі пройдзе Хрэсны ход з царквы Каложскай іконы Божай Маці ў старажытны Каложскі храм, дзе адбудзецца позняя Бажэственная Літургія.

З гэтага часу Каложскі прыход пераходзіць на летні рэжым працы. Усе богаслужэнні будуць адбывацца ў Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царкве. У дамавой царкве будзе служыцца толькі ранняя Бажэственная Літургія па нядзелях.

Для сваіх маленькіх прыхаджан прыход Каложскай царквы у свята Увахода Гасподняга ў Іерусалім падрыхтаваў невялікую святочную праграму: дзецям распавядуць пра гісторыю і традыцыі Вербніцы, а потым яны змогуць пракаціцца на асляняці.

Падрыхтоўка Каложскага прыходу да Вялікадня

Дарагія браты і сёстры! Запрашаем Вас прыняць удзел ў падрыхтоўцы прыходу да сустрэчы свята Уваскрасення Гасподняга.

  • У сераду 9-га красавіка пасля заканчэння Літургіі Ранейасвячоных Дароў (каля 11:00) навядзенне парадку і чысціні будзе адбывацца ў царкоўна-прыхадскім комплексе і новым храме.
  • У чацвер 10-га красавіка а 16:00 пачнецца ўборка старажытнай Каложы і тэрыторыі, што прылягае. Будзе патрэбная мужчынская дапамога.

Прыходу патрабуецца таксама дапамога па ўпрыгожванні храмавай тэрыторыі і Плашчаніцы:

  • Для высадкі вакол храмаў патрэбныя кветкі, дэкаратыўнае і пладовае кустоўе.
  • Для упрыгожвання Плашчаніцы просім ахвяраваць белыя кветкі (ружы, ліліі, хрызантэмы) ці фінансавыя сродкі дзеля гэтых мэтаў, пра што адмыслова паведамляйце падчас ахвяравання.

31 сакавіка 2014 года адбылася чарговая сустрэча "Азбукі здароўя"

31 сакавіка ў каложскім царкоўна-прыхадскім комплексе адбылася чарговая сустрэча з цыклу «Азбука здароўя»

Тэмай для абмеркавання гэтым разам стала здароўе мужчыны. У грамадстве не так часта гучыць гэтая тэма. Больш увагі надаецца праблемам здароўя сям'і, маці, грамадства ўвогуле.  Абмяркоўваліся фактары, якія ўплываюць на здароўе. Дадзеная тэма была настолькі цікавая і ў шмат чым настолькі цікавая для ўдзельнікаў сустрэчы, што міжволі выклікала то ўсмешку, то здзіўленне.

Сустрэча калажанаў з галоўным рэдактарам часопіса "Ступени"

16 сакавіка 2014 года абшчыну Свята-Барыса-Глебскай царквы наведаў галоўны рэдактар праваслаўнага часопіса «Ступени» протадыякан Павел Бубноў. Пасля богаслужэння калажане, якіх, негледзячы на непагадзь, сабралося дастаткова шмат, сустрэліся за філіжанкай гарбаты ў трапезнай зале. Падчас чаяпіцця адбылася размова протадыякана Паўла з прыхаджанамі. Ён распавёў, што сённяшняя сустрэча шмат у чым сымбалічная – каля вытокаў часопіса ў 2000 годзе стаяў протаіерэй Аляксандр Балоннікаў, цяпер настаяцель Каложскага храма, а святар Георгій Рой быў яго галоўным рэдактарам. Пасля цёплай і цікавай размовы ўсе прысутныя атрымалі ў падарунак свежы нумар «Ступеней».

Расклад богаслужэнняў

Падаць запіску

Дапамагчы храму

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Пахвала Каложская

Д/ф "Каложа" (2007 г.)